Біскуп Аляксандр Яшэўскі ўзяў удзел у святкаванні 450-годдзя Люблінскай уніі

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB у якасці прадстаўніка Касцёла на Беларусі ўзяў удзел у святочных мерапрыемствах у гонар 450-годдзя Люблінскай уніі, якія 29–30 чэрвеня прайшлі ў Варшаве і Любліне (Польшча).

Беларускі іерарх, які прыбыў на юбілейныя ўрачыстасці па запрашэнні польскіх уладаў, у сваёй прамове асабліва падкрэсліў хрысціянскае вымярэнне гэтай важнай гістарычнай падзеі.

Зазначыўшы напачатку, што сённяшняя Беларусь гістарычна ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай “Двух народаў” (якіх насамрэч у гэтым федэратыўным утварэнні было аб’яднана значна больш), біскуп Яшэўскі запрасіў усіх паразважаць над тым, чаму вучыць сёння гэты вопыт ужо амаль паўтысячагадовай даўніны.

“Люблінская унія паказала, наколькі важнымі з’яўляюцца дыялог і імкненне да адзінства”, — падкрэсліў беларускі іерарх.

Аналізуючы ў святле гэтай гістарычнай падзеі сённяшнюю рэчаіснасць, біскуп Аляксандр звярнуў увагу на такія аспекты, як будаванне супольнасці адзінства і партнёрства, заснаванага на рэальным супрацоўніцтве паміж дзяржавамі, на даверы і ўзаемадапамозе; распазнаванне “знакаў часу” і пошук разумных рашэнняў дзеля супольнага дабра з павагай да годнасці кожнага чалавека і народа; клопат пра захаванне культурных і народных традыцый кожнай дзяржавы і адначасовы пошук таго, што аб’ядноўвае, а не падзяляе; падтрымка і развіццё рэлігійнага жыцця, якое з’яўляецца адным з жыццядайных каранёў і спадчынай веры, што спрыяе развіццю праўды, дабра і любові.

“Люблінская унія “нараджалася” цягам многіх гадоў, у цяжкасцях, перамовах, незадаволенасці, але нарэшце стала фактам аб’яднання і цудоўнага функцыянавання двух аддаленых тэрытарыяльна, шматнацыянальных, полікультурных і шматканфесійных дзяржаваў”, — падсумаваў высокі прадстаўнік Касцёла на Беларусі.

Цэнтральнай часткай святкавання юбілею стала цэлебрацыя святой Імшы ў люблінскім архікатэдральным касцёле святога Яна Хрысціцеля і святога Яна Евангеліста. Пасля Эўхарыстыі яе ўдзельнікі ўсклалі кветкі да помніка Люблінскай уніі на Літоўскай плошчы ў Любліне.

На юбілейных мерапрыемствах былі прадстаўлены ўсе сучасныя дзяржавы, народы якіх аб’ядналіся ў 1569 годзе ў Рэч Паспалітую — унікальнае саюзнае ўтварэнне, што стала выразам імкнення да адзінства ў разнастайнасці на падмурку трывалых хрысціянскіх каштоўнасцяў. Ва ўрачыстасцях у Польшчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі Касцёла і парламенцкія дэлегацыі з Беларусі, Літвы і Украіны.

Catholic.by
Фота: sejm.gov.pl

для друку для друку