Біскуп Аляксандр Яшэўскі запрашае на ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Бялыніцкай (+праграма пілігрымкі)

З нагоды ўрачыстасцяў у гонар Маці Божай Бялыніцкай, якія сёлета пройдуць на Магілёўшчыне 8–9 верасня, біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB звяртаецца з лістом да вернікаў.

Ліст біскупскага вікарыя для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB з нагоды Трэцяй Пешай Пілігрымкай да Маці Божай Бялыніцкай і фэсту ў Бялынічах

Дарагія браты і сёстры, дарагая моладзь і ўсе людзі добрай волі!

У летнія месяцы, пачынаючы з сярэдзіны чэрвеня, у першай палове ліпеня і ў сярэдзіне жніўня наша беларуская зямля прымае ўнікальную форму прыгажосці. Калі глядзець на яе з вышыні птушынага палёту, можна ўбачыць незлічоныя групы пілігрымаў, якія з усіх бакоў Бацькаўшчыны скіроўваюцца да тых незвычайных месцаў, дзе Маці Божая адорвае іх цудадзейнымі ласкамі. Будслаў, Гудагай, Тракелі, Браслаў і Лагішын сёлета віталі тысячы пілігрымаў, асабліва моладзь, якой Каталіцкі Касцёл у Беларусі прысвяціў гэты пастырскі год.

І вось настала чарга восеньскай пілігрымкі вернікаў да Маці Божай Бялыніцкай. Менш чым праз тры тыдні адправіцца ІІІ Пешая пілігрымка усёй Магілёўшчыны з Магілёва ў Бялынічы — мястэчка, якое называлі «беларускай Чэнстаховай».

Гэта адна з самых важных падзей і пастырскіх акцый у штогадовым літургічным календары магілёўскага рэгіёна Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

З багатай гісторыі марыйнай пабожнасці нашай зямлі мы ведаем пра тое, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі першым цудадзейным абразом Маці Божай, укаранаваным папскімі каронамі, з 19 верасня 1730 года лічыцца абраз Божай Маці Жыровіцкай, які шануюць не толькі католікі і праваслаўныя, але і вернікі ў Рыме.

Абраз Маці Божай Бялыніцкай у касцёле Перамянення Пана ў в. Новая Мыш (Баранавіцкі дэканат) © alba_ruthenia01

Наступным за ім 20 верасня 1761 года быў каранаваны абраз Маці Божай у Бялынічах.

Гэты абраз лічыцца страчаным, але некалькі гадоў таму была знойдзена яго копія за бакавым алтаром у касцёле ў Новай Мышы (Баранавіцкі р-н). Існуе нават пэўная верагоднасць, што гэта арыгінал абраза Маці Божай Бялыніцкай альбо яго самая першая копія, таму што цуды праз заступніцтва Бялыніцкай Багародзіцы адбываюцца і цяпер.

Вернікі Магілёўшчыны не трацяць надзеі на вяртанне гэтага абраза ў бялыніцкі санктуарый, які мы плануем супольна будаваць, улічваючы тое, што 2021 год стане юбілейным: мы будзем святкаваць 260-годдзе з дня каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай папскімі каронамі.

Паводле гістарычных звестак, з 1863 года ў свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, якое адзначаецца 8 верасня, у Бялынічах праводзіўся фэст і збіралася вялікая колькасць пілігрымаў. А затым, з 9 да 11 верасня, на працягу трох дзён праводзілася так званае саракагадзіннае набажэнства, на якое да Маці Божай таксама прыбывала шматлікая колькасць пілігрымаў з розных куткоў нашай Бацькаўшчыны. З гэтай прычыны, беручы пад увагу шматлікія просьбы пілігрымаў і мясцовых вернікаў, разам з духавенствам Магілёўшчыны мы вырашылі, што цяпер пілігрымка ў Бялынічы будзе адбывацца штогод. Фэст будзе праводзіцца ў нядзелю, якая прыпадае найбліжэй да 8 верасня, галоўнае набажэнства — а 15-й гадзіне, а літургічны ўспамін Маці Божай Бялыніцкай — пасля атрымання згоды з Апостальскай Сталіцы — будзе адзначацца 20 верасня, у гадавіну каранацыі цудадзейнага абраза.

Сёлета пілігрымаванне да Маці Божай Бялыніцкай будзе праходзіць пад дэвізам: «Моладзь — надзея Касцёла і грамадства». Пілігрымка распачнецца ў свята Нараджэння Панны Марыі, 8 верасня, святой Імшой а 9-й гадзіне ў магілёўскай катэдры.

Ужо тады мы прынясем да алтара інтэнцыі, з якімі пілігрымы адправяцца ў свой шлях. Да малітвы за нашу Радзіму, за Паўсюдны Касцёл, за пакліканні да Божай службы і асабліва за адражэнне веры на нашай зямлі далучым просьбы за нашыя сем’і, моладзь і дзяцей, а таксама падтрымаем сваёй малітваю ўсіх, хто мае залежнасць ад розных згубных звычак. Верым, што малітва, спалучаная з цяжарам пілігрымавання, дапаможа нам усім пераадолець штодзённыя цяжкасці і ўзмоцніць нас у радасным сведчанні веры.

Не кожны можа фізічна пайсці ў пілігрымку. Аднак кожны з нас можа стаць духоўным пілігрымам і ў сваіх думках, малітвах, сваёй асабістай ахвярай яднацца з тымі, хто на працягу двух дзён будзе крочыць да Маці Божай Бялыніцкай, несучы ў сваіх сэрцах і нашыя просьбы.

Сардэчна запрашаю ўсіх вернікаў Магілёўскай вобласці, Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсёй нашай краіны, асабліва моладзь, адважна далучыцца да пілігрымкі ў гэтым годзе. Калі ласка, прыкладзіце ўсе намаганні для таго, каб актыўна і ў вялікай колькасці прыняць удзел у пешым шляху да Божай Маці.

А тых, хто з важных прычынаў не можа ісці пешшу, заклікаю прыбыць на бялыніцкі фэст на даступным транспарце, каб прыняць удзел у працэсіі з копіяй абраза Маці Божай Бялыніцкай і ў галоўнай адпустовай святой Імшы, якая адбудзецца а 15-й гадзіне 9 верасня.

Усім пілігрымам жадаю неабходных фізічных сілаў і вытрымкі, а таксама багатага духоўнага плёну. Даручаю вас матчынай апецы Бялыніцкай Багародзіцы і ад усяго сэрца благаслаўляю.

✠ Аляксандр Яшэўскі SDB
Дапаможны Біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Біскупскі Вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці

Праграма пілігрымкі:

8 верасня, субота 
09.00 — урачыстая святая Імша ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава пад кіраўніцтвам біскупа Аляксандра Яшэўскага, SDB (Магілёў, вул. Камсамольская, 4);
10.00 — благаслаўленне на пачатак пілігрымкі і выхад пілігрымаў ад магілёўскай катэдры;
14.00 — абед для пілігрымаў;
18.00 — прыпынак у в. Нежкава (вячэра, малітоўны вечар);

9 верасня, нядзеля
06.30 — сняданак;
07.00 — выхад з в. Нежкава;
11.30 — прыпынак на абед;
14.30 — сустрэча пілігрымаў каля капліцы Маці Божай Бялыніцкай (г.п. Бялынічы, вул. Калініна, 37);
15.00 — урачыстая святая Імша (узначаліць біскуп Юзаф Станеўскі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі).

З сабой неабходна мець спальнік і карымат.
Для пешых пілігрымаў будзе арганізаваны даезд 9 верасня з Бялыніч у Магілёў. Выезд аўтобусам у 18.00 ад капліцы Маці Божай Бялыніцкай.
Адказны — кс. Юзаф Сярпейка: +375 (29) 570-85-87

catholic.by

для друку для друку