Біскуп Алег Буткевіч з пастырскай візітацыяй у Глыбоцкім дэканаце (+відэа)

Візіт іерарха ў вёску Канстанцінава адбыўся ва ўрачыстасць Святой Тройцы 27 мая і супаў з парафіяльным адпустам.

Падзеі паспрыяла надвор’е, якое выдалася ў гэты дзень проста цудоўным. Каб сустрэць высокага госця, усе вернікі выйшлі з храма. Біскупу ўручылі каравай дамашняга хлеба, а таксама кветкі. Пасля прывітання іерарх акрапіў усіх святой вадой, пажартаваўшы, што ў такі спякотны дзень вады можна выкарыстаць і больш. Затым біскуп разам з усімі вернікамі ўрачыста ўвайшоў у храм.

Перад святой Імшой пробашч парафіі ў Канстанцінаве ксёндз Антон Лагунёнак коратка ўзгадаў гісторыю парафіі і храма ў Канстанцінаве. Касцёл тут быў пабудаваны ў 1810 годзе як філіяльны храм Удзелаўскай парафіі. А ў 1917 годзе каталіцкая супольнасць у Канстанцінаве набыла статус асобнай парафіі. Будынак касцёла прастаяў больш за паўтара стагоддзя, перажыў некалькі войнаў і зменаў уладаў, але быў знішчаны ў выніку палітыкі ваяўнічага атэізму. У 1962 годзе храм быў разабраны, а на яго месцы была пабудаваная крама.

Але вера жыла ў душах людзей, і як толькі змяніліся часы, вернікі атрымалі дазвол на ўзвядзенне новага храма. Ён быў пабудаваны ў 1993-1995 гадах, і 21 лістапада 1995 года яго асвяціў кардынал Казімір Свёнтак.

У свой час у Канстанцінаве працавалі ксяндзы Павел Самсонаў, св. памяці Мар’ян Грабельскі, Генадзь Рэйшэль, Андрэй Кулік.

Кожны святар унёс свой уклад у развіццё парафіі, а таксама ў добраўпарадкаванне прыкасцельнай тэрыторыі. У апошні час у святыні праведзены рамонт, пакладзеная плітка каля храма, зроблены водаадвод.

Пасля свайго выступу ксёндз Антон заклікаў вернікаў памаліцца за біскупа. Калі малітва была прачытаная, ардынарый выказаў прысутным падзяку за моц веры, якая дазволіла адбудаваць святыню тут, у Канстанцінаве. Іерарх адзначыў, што “брамы пякельныя не змогуць зруйнаваць Хрыстовага Касцёла”.

Потым святары разам з міністрантамі ўрачыста ўвайшлі ў храм. Што адразу кідалася ў вочы, гэта святочны выгляд касцёла, які быў упрыгожаны кветкамі. Гэта была праца Алены Татун, якой актыўна дапамагалі іншыя парафіяне. А яшчэ западаў у душу вельмі прыгожы спеў парафіяльнага хору! Адразу адчувалася, што ў парафіі сёння сапраўднае свята.

Свята адчувалася таксама і ў тым, што сем маладых людзей збіраліся прыняць сакрамант канфірмацыі. У тым, што гэта былі маладыя людзі, быў знак таго, што будучыня ў гэтай парафіі ёсць.

Каб падтрымаць пробашча, на ўрачыстасць прыбылі Глыбоцкі дэкан кс. Мікалай Ціхановіч і Пастаўскі дэкан кс. Павел Самсонаў.

Касцёл у Канстанцінаве носіць тытул Святой Тройцы, а сама парафія імя святога Язафата Кунцэвіча. Таму напачатку Імшы была прачытаная малітва аб заступніцтве святога Язафата, які з’яўляецца таксама апекуном Віцебскай дыяцэзіі.

Іерарх звярнуў увагу на ўнікальнасць абраза, які знаходзіцца ў галоўным алтары. На ім паказаны вобраз Бога Айца, Святога Духа і Святой Сям’і. А сям’я – галоўная адзінка нашага грамадства, якая перажывае зараз няпросты час. Таму наша задача як вернікаў – захаваць сямейныя каштоўнасці і перадаць іх наступным пакаленням. Бо зараз у сучасным свеце быць нармальным становіцца ўжо ненармальна. А гэта з’ява наступае тады, калі чалавек адкідвае Бога.

“Сям’я – гэта маленькі касцёл, бо менавіта ў сям’і чалавек у першую чаргу фармуецца як асоба. Калі ў сям’і існуе любоў і паразуменне, то гэта будзе таксама і ў нашым грамадстве. Дзве тысячы гадоў заходні свет трымаўся на хрысціянскіх каштоўнасцях, лепшыя дасягненні ў музыцы, архітэктуры, мастацтве звязаныя з хрысціянствам. А зараз Еўропа хоча гэта ўсё адкінуць, і на гэта месца прыходзяць іншыя каштоўнасці, калі іх можна так назваць.

Калі ж мы прымаем тое, што свет таксама мае свайго аўтара, то ўсё становіцца на сваё месца. Будуйце сваё жыццё з Богам, і ў вашай будучыні заўсёды будзе надзея”, — пажадаў іерарх вернікам напрыканцы гаміліі.

Потым біскуп Алег удзяліў сакрамант канфірмацыі сямі маладым вернікам парафіі. Гэта стала значнай падзеяй у іх жыцці.

На заканчэнні Імшы біскуп Алег і ксёндз Антон атрымалі віншаванні і падзякі ад маладых людзей, што прынялі сакрамант хрысціянскай сталасці.

Затым адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманта, а потым вернікі тройчы абышлі храм у святочнай працэсіі. Урачыстасць працэсіі надавала і прыгожае сонечнае надвор’е, і гучанне касцельнага звона, і святочнае ўбранне людзей.

Завяршылася ўрачыстасць спевам гімнаў “Цябе, Бога, праслаўляем” і “Магутны Божа”.

Зміцер Лупач, тэкст і фота

Леанід Юрык, відэа

для друку для друку