- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Біскуп Алег Буткевіч выступіў з дакладам на III Міжнароднай сустрэчы партнёраў «Карытас» Беларусі

bp_butkevich [1]10-11 кастрычніка ў цэнтры св. Лукі «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які знаходзіцца ў вёсцы Ляскоўка Мінскага раёна, праходзіць ІІІ Міжнародная сустрэча партнёраў «Карытас» Беларусі на тэму «Міласэрнасць на дарогах трагедыі».

Удзельнічае ў гэтай сустрэчы і старшыня Рады па справах дабрачыннасці, справядлівасці і міру пры ККББ біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які 10 кастрычніка прадставіў прысутным свой даклад «Міласэрнасць на дарогах трагедыі».

У ім іерарх закрануў аналіз значэння слова «міласэрнасць» у шматлікіх біблійных тэкстах. Варта адзначыць, што гэтая частка дакладу была насычана навуковымі і біблійнымі тэрмінамі на лацінскай мове. Але выснова была простай і зразумелай. Міласэрнасць выступае нечым большым чым пачуцці, бо пераўзыходзіць пэўны эмацыйны аспект і перакладаецца на канкрэтныя дзеянні ў адносінах да тых асоб, якія церпяць.

Старшыня Рады па справах дабрачыннасці таксама разважаў над міласэрнасцю на людскіх дарогах, дзе ў якасці прыкладу, узгадаў вядомыя прыпавесці: «Пра міласэрнага самараніна» і «Аб марнатраўным сыне».

Як падкрэсліў біскуп Алег Буткевіч, у іх мы можам заўважыць дзве трагедыі чалавека: фізічную і духоўную. І менавіта яны робяць немагчымым дасягненне мэты. Чалавек не можа выйсці з іх самастойна і патрабуе дапамогі іншых.

У абодвух выпадках гэтая дапамога прыходзіць дзякуючы міласэрнасці, якая не проста з’яўляецца эмацыйным спачуваннем, але стварае пэўны фундамент, на якім грунтуецца шэраг канкрэтных учынкаў.

“Асоба, якая аказвае міласэрнасць, мае рысы як чалавечыя, так і боскія”, — падкрэсліў іерарх.

На заканчэнне біскуп нагадаў словы Папы Францішка: «Міласэрнасць — гэта найвышэйшы і канчатковы акт, у якім Бог выходзіць нам насустрач. Міласэрнасць — гэта асноўнае права, якое жыве ў сэрцы кожнага чалавека, калі ён глядзіць шчырымі вачыма на свайго брата, якога сустракае на дарозе жыцця. Міласэрнасць — гэта нарэшце дарога, якая яднае Бога і чалавека, бо адкрывае сэрца на надзею, што мы будзем заўсёды любімымі, нягледзячы на недахопы, якія з’яўляюцца вынікам чалавечага граху».

На думку арганізатараў сустрэчы, даклад біскупа Алега Буткевіча паказвае, што праяўляць міласэрнасць мы павінны з прычыны нашай рэлігійнасці і веры, а не таму што працуем, напрыклад, у «Карытас» ці іншай дабрачыннай арганізацыі альбо з’яўляемся валанцёрамі.

Падчас сустрэчы партнёраў «Карытас» Беларусі будуць падведзены вынікі супрацоўніцтва і распрацаваны новыя перспектыўныя планы па правядзенні сумесных праграм і праектаў.

Марына Ткач