Конкурс адбыўся ў пятніцу 3 студзеня ў Доме культуры ў Мёрах. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі васьмі парафій Віцебскай дыяцэзіі, адна парафія з Мінска і прадстаўніца пратэстанцкай царквы з Мёраў. Дэвізам фестывалю былі словы «Спяваем усім сэрцам!»
У першай частцы конкурса выступілі парафіі Святога Андрэя Баболі з Полацка, парафіі Святой Тройцы з Глыбокага, Анжаліка Гоць, якая прадстаўляла царкву хрысціян веры евангельскай “Благадаць”з Мёраў, моладзь з Верхнядзвінскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, Злата Ярашэвіч, якая прадстаўляла парафію Святога Апостала Юды Тадэвуша ў Лучаі.
Пасля невялікага перапынку, на якім дзеці маглі пачаставацца печывам і гарбатай, адбылася другая частка конкурсу.
У ёй выступіла моладзь з Браслаўскай парафіі Нараджэння Маці Божай, Крысціна Багушэвіч, якая прадстаўляла парафію Святога Міхала Арханёла ў Варапаеве, прадстаўнікі Шаркаўшчынскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа, моладзь з парафіі Святога Францішка Асізскага з вёскі Копішча (Мінскі мікрараён “Уручча”), а завяршыў конкурс выступ моладзі з Мёрскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Язафата Кунцэвіча.
Пасля гэтага ўсе ўдзельнікі накіраваліся на абед, які быў у школьнай сталоўцы, а ў журы распачалася нялёгкая праца: вызначыць лепшых. У склад журы ўваходзілі кс. Аляксандр Дулінец, Іна Сапун і Яўгенія Шук.
Пасля абеду адбылося ўручэнне дыпломаў і падарункаў.
У намінацыі «Сола да 12 гадоў» за ўдзел у фестывалі дыпломы атрымалі Анжаліка Гоць, якая прадстаўляла царкву хрысціян веры евангельскай “Благадаць”у Мёрах і Таццяна Лаўрыновіч з Верхнядзвінскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі;
- ІІІ месца дасталося Эвеліне Гірстун з Шаркаўшчынскай парафіі,
- ІІ месца заняла Валерыя Лапіцкая з Мінскай парафіі Святога Францішка.
- І месца журы прысудзіла Злаце Ярашэвіч з Лучайскай парафіі.
У намінацыі «Гурт да 12 гадоў» за ўдзел у фестывалі дыплом атрымаў дзіцячы гурт з Мёрскай парафіі.
- ІІІ месца заняў гурт «Зорачкі» з Браслаўскай парафіі.
- ІІ месца атрымаў гурт “Транзітус” са сталічнай парафіі Святога Францішка.
- І месца заняў гурт “Анёлкі” з Браслаўскай парафіі.
У намінацыі «Сола 12+» дыплом за І месца атрымала Крысціна Багушэвіч з Варапаеўскай парафіі.
У намінацыі «Гурт 12+» дыпломы за ўдзел у фестывалі атрымалі прадстаўнікі Верхнядзвінскай парафіі і гурт “Восьмая нота” з Полацка.
- ІІІ месца падзялілі дзіцячы хор з Мёрскай парафіі і гурт «Музыкі Хрыста» з Шаркаўшчыны.
- два ІІ месцы журы прысудзіла хору моладзі і гурту «Папуры» з Мёрскай парафіі.
- І месца заняў моладзевы гурт «Sperantes in Domino» з парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім.
– Ах, як было прыгожа! – такімі словамі распачаў свой выступ біскуп Алег Буткевіч пасля ўручэння дыпломаў і падарункаў. Ён адзначыў, што “…найцяжэй было журы. Я спачуваю гэтым людзям, бо не так проста вылучыць сярод такой колькасці выступоўцаў высокага ўзроўню некага лепшага. Але незалежна ад гэтага памятайце, што ўсе вы былі супер”.
Іерарх падзякаваў усім спонсарам, асабліва дыяцэзіяльнаму «Caritas», а таксама пробашчу кс. Андрэю Куліку і ўсім святарам і сёстрам, якія рыхтавалі моладзь да гэтага конкурсу. Падзяку ад іерарха атрымалі і супрацоўнікі Дома культуры, кухары са сталовай, а таксама ўсе ўдзельнікі.
Потым да ўдзельнікаў звярнуўся кс. Андрэй Кулік:
– Гэта мой першы фестываль «Зорка Бэтлеему» у якасці гаспадара гэтага фестывалю, дзякуй усім, хто адгукнуўся на запрашэнне. Асобная падзяка парафіі айцоў капуцынаў з Мінска, бо гэта самая далёкая парафія, якая да нас прыехала. Спадзяюся, што вы станеце пастаяннымі гасцямі ў Мёрах на «Зорцы Бэтлеему».
Пробашч таксама падзякаваў усім, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі гэтага мерапрыемства, і запрасіў праз год зноў у Мёры.
А напрыканцы ўсе ўдзельнікі падняліся на сцэну і разам выканалі калядную песню.
Зміцер Лупач, тэкст, фота і відэа
для друку