Біскуп Алег Буткевіч узначаліў парафіяльную ўрачыстасць у Астраўцы

astravets_2Нягледзячы на будні дзень, 26 верасня касцёл святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы сабраў на парафіяльную ўрачыстасць у гонар сваіх апекуноў вялікую колькасць людзей.

Па запрашэнні пробашча парафіі, каноніка, ксяндза Юзафа Багдзевіча на парафіяльнае свята прыехалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, святары са Смаргонскага і Ашмянскага раёнаў. Раздзяліць радасць з вернікамі парафіі святых Космы і Дам’яна ў гэты дзень завіталі і пробашчы Астравецкага дзеканата.

У касцёле сабраліся парафіяне і госці – людзі сталага ўзросту і дзеці, міністранты і дзяўчынкі ў белых сукенках, немаўляты на руках у маці.

Напачатку Імшы пробашч і ўдзячныя вернікі падзякавалі біскупу Алегу Буткевічу і ўсім, хто прыйшоў і прыехаў на ўрачыстасць.

У гаміліі біскуп Алег звярнуў увагу на постаці святых мучанікаў Космы і Дам’яна, якія бескарысна лячылі людзей; не адракліся ад сваёй веры нават пад невыноснымі катаваннямі і загінулі ў яе гонар.

astravets_3

– Мы павінны браць прыклад з гэтых святых. Справа не ў тым, што чалавек павінен адмаўляцца ад узнагароджання за сваю працу, як гэта рабілі браты-мучанікі, а ў яго адносінах да матэрыяльнага багацця. Чалавек веруючы павінен быць свабодным, – падкрэсліў іерарх. – А што такое свабода? Гэта магчымасць рабіць дабро. Адрозніць добрыя справы ад дрэнных магчыма толькі з дапамогай 10 Божых запаведзяў.

Урачыстая Імша па традыцыі закончылася працэсіяй вакол касцёла: апранутыя ў белыя сукенкі дзяўчынкі высцілалі дарогу жывымі пялёсткамі руж, а ў паветры плылі харугвы з выявамі святых. На памяць аб урачыстасці ў многіх вернікаў засталіся набытыя ў гэты дзень абразы, ружанчыкі, малітоўнікі, якія асвяціў біскуп Віцебскі.

astravets_1

Паводле ostrovets.by

для друку для друку