Біскуп Алег Буткевіч узначаліў Імшу Хрызму ў Віцебску

У Вялікі Чацвер, 2 красавіка ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага біскуп Алег Буткевіч узначаліў Імшу Хрызму, якую разам з ім канцэлебравалі Генеральны вікарый ксёндз пралат Францішак Кісель і святары Віцебскай дыяцэзіі.

На пачатку Эўхарыстыі біскуп Алег звярнуўся да прысутных са словамі прывітання і падзякі, што, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я, святары сабраліся разам у Віцебску, каб адчуць еднасць свайго прэзбітэрыя. “Сёння таксама асаблівы дзень, калі перажываем дзясятую гадавіну смерці Папы, святога Яна Паўла ІІ. Просім, каб Яго прысутнасць і заступніцтва дапамагалі нам ў аднаўленні і трыванні ў гэтай вялікай таямніцы нашага паклікання”. Віцебскі ардынарый таксама прывітаў законных сясцёр і вернікаў, якія напоўнілі святыню, каб падтрымаць малітвай усіх святароў.

Галоўнай тэмай гаміліі біскупа была праўда Хрыстовага Святарства. “У часе святарскіх пасвячэнняў кожны з нас чуў такія словы: — Прымі дары святога люду, прынесеныя для ахвяравання Богу. Наследуй тое, што будзеш здзяйсняць. Жыццё сваё прыпадабняй да таямніцы Хрыстовага Крыжа”, — зазначыў пастыр.

Іерарх звярнуў увагу, што праўда Хрыстова з’яўляецца праўдай святарскага пасвячэння. “Калі прыгадваць гэтыя словы штодзень, гэтая праўда павінна фарміраваць і перамяняць нашае святарскае жыццё ў кожным моманце, а не толькі калі стаім пры алтары і здзяйсняем таямніцы.”

Біскуп Алег дадаў, што варта заўсёды памятаць пра тое ўздзеянне, якое аказваем на людзей, нават калі здавалася б, што нас ніхто не бачыць.

На заканчэнне гаміліі адбылося аднаўленне святарскіх абяцанняў.

vicebsk_chryzma48

 

У Вялікі Чацвер адбываецца асвячэнне алеяў – алея хворых і алея хрызма, якія ўжываюцца для ініцыяцыі чалавека ў святы Каталіцкі Касцёл для падтрымання таго каштоўнага дару, якім есць наша здароўе. Падчас Імшы біскуп Алег Буткевіч асвяціў алей хворых і алей хрызма.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку