Біскуп Алег Буткевіч узначаліў адпустовыя ўрачыстасці ў лідскай Фары

14 верасня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) адзначылі парафіяльную ўрачыстасць. На адпустовую святую Імшу прыбылі святары з усяго дэканату, а таксама шматлікія вернікі і госці. Узначаліў урачыстасць біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

У гаміліі іерарх адзначыў важнасць крыжа: “Вялікая таямніца, парадаксальная таямніца звязана з гэтым знакам – знакам крыжа, знакам нашага цярпення. Маё цярпенне заўсёды здаецца мне найцяжэйшым, найгоршым у свеце, але парадокс: калі я пачынаю заўважаць крыж іншага чалавека, яго цярпенні, то мой не здаецца ўжо такім цяжкім. Гэта тое, аб чым кажа нам Святы Айцец Францішак, – міласэрнасць”.

““Будзьце міласэрныя, як Айцец ваш міласэрны”. З чаго гэтая міласэрнасць пачынаецца? З таго, што я паспрабую заўважыць побач з сабою чалавека, які таксама церпіць, і найчасцей больш, чым я. Падтрымаў іншага чалавека – і мой крыж стаўся лягчэйшы”, – дадаў іерарх.

Таксама біскуп нагадаў усім сабраным, што ў час тэхналогій, Інтэрнэта нас усіх яднае Езус Хрыстус, які памёр на крыжы, але жыве і далей збаўляе свет: “Ці захочам мы браць удзел у гэтым збаўленні? Няхай гэтая ўрачыстасць дапаможа нам адказаць на гэтае пытанне”.

Пасля Імшы пробашч парафіі кс. канонік Уладзімір Гуляй падзякаваў біскупу, святарам і вернікам за ўдзел ва ўрачыстасці і 40-гадзінным набажэнстве, а іерарх у сваю чаргу падзякаваў за запрашэнне і за жывую веру людзей на лідскай зямлі.

Скончылася ўрачыстасць эўхарыстычнай працэсіяй, пасля якой вернікі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі Святога Крыжа.

Яна Чайко, тэкст і фота
www.grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі