- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Біскуп Алег Буткевіч прыняў удзел ва ўрачыстасці біскупскай сакры ў Кіеве

[1]

біскуп Аляксандр Язлавецкі

9 лістапада 2019 года ў Кіеве (Украіна) адбылася біскупская сакра ксяндза Аляксандра Язлавецкага, самага маладога рыма-каталіцкага біскупа ў свеце, якога 18 верасня 2019 года Святы Айцец Францішак прызначыў дапаможным біскупам Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі. Пасвячэнне адбылося ў катэдральным касцёле Святога Аляксандра.

Галоўным цэлебрантам урачыстасці быў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі Нунцый ва Украіне, а супольнымі кансэкратарамі — біскуп Віталій Крывіцкі, ардынарый Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі і біскуп Леон Дубраўскі, ардынарый Камянец-Падольскай дыяцэзіі. Дарэчы біскуп Аляксандр Язлавецкі з’яўляецца святаром Камянец-Падольскай дыяцэзіі.

На сваім гербе біскуп Аляксандр змясціў цытату святога Томаса Мора “Перш слуга Божы”.

Біскуп Аляксандр Язлавецкі нарадзіўся 2 сакавіка 1979 года ў Шаргорадзе Вінніцкай вобласці. Скончыў Духоўную семінарыю ў Гарадку, 26 чэрвеня 2004 года атрымаў святарскае пасвячэнне. Душпастырскую паслугу нёс у в. Мурафа Харкаўскай вобласці і ў семінарыі ў Гарадку. У 2006 годзе быў накіраваны на вучобу ў Рым, у Папскі Латэранскі ўніверсітэт, дзе ў 2013 годзе атрымаў ступень доктара кананічнага права. Пасля вяртання ва Украіну выконваў абавязкі віцэ-рэктара і эканома Духоўнай семінарыі ў Гарадку. У 2014 годзе быў прызначаны рэктарам той самай семінарыі, а з 2018 года быў прызначаны канцлерам курыі Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі.

[2]

Цікавым фактам з’яўляецца тое, што біскуп Аляксандр, усяго на тры месяцы старэйшы за самага маладога каталіцкага біскупа ў свеце, якім з’яўляецца біскуп Украінскай грэка-каталіцкай Царквы Пётр Лаза, які нарадзіўся 3 чэрвеня 1979 года. Цікава таксама і тое, што трэці самы малады біскуп у свеце, таксама ўкраінец, — Эдвард Кава, дапаможны біскуп Львоўскай дыяцэзіі, які нарадзіўся 17 красавіка 1978 года.

На ўрачыстасці біскупскай сакры прысутнічалі святары Кіева-Жытомірскай, Камянец-Падольскай і іншых дыяцэзій ва Украіне, настаяцелі мужчынскіх і жаночых кангрэгацый і супольнасцей, прадстаўнікі Украінскай грэка-каталіцкай Царквы, Праваслаўнай Царквы Украіны, біскупы і святары з-за мяжы (Польшча, Італія, Швейцарыя), а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, акрэдытаваныя ва Украіне.

[3]

Касцёл на Беларусі прадстаўляў біскуп Алег Буткевіч, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі. Звяртаючыся да  новапасвечанага біскупа, Віцебскі ардынарый сказаў, што перш за ўсё ён радуецца разам з усім Касцёлам ва Украіне, які атрымаў яшчэ аднаго біскупа. А таксама пажадаў сабрату вытрываласці на нялёгкай дарозе біскупскага служэння, моцы Божага духа. Каб памятаў, што на гэтай дарозе ён не адзін, што заўсёды яму будзе спадарожнічаць Божая ласка і Божая моц, і заступніцтва Багародзіцы, а таксама радасці і інтузіязму ў біскупскай паслузе.

Падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко
Фота сredo.pro [16]