9 лістапада 2019 года ў Кіеве (Украіна) адбылася біскупская сакра ксяндза Аляксандра Язлавецкага, самага маладога рыма-каталіцкага біскупа ў свеце, якога 18 верасня 2019 года Святы Айцец Францішак прызначыў дапаможным біскупам Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі. Пасвячэнне адбылося ў катэдральным касцёле Святога Аляксандра.
Галоўным цэлебрантам урачыстасці быў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі Нунцый ва Украіне, а супольнымі кансэкратарамі — біскуп Віталій Крывіцкі, ардынарый Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі і біскуп Леон Дубраўскі, ардынарый Камянец-Падольскай дыяцэзіі. Дарэчы біскуп Аляксандр Язлавецкі з’яўляецца святаром Камянец-Падольскай дыяцэзіі.
На сваім гербе біскуп Аляксандр змясціў цытату святога Томаса Мора “Перш слуга Божы”.
Біскуп Аляксандр Язлавецкі нарадзіўся 2 сакавіка 1979 года ў Шаргорадзе Вінніцкай вобласці. Скончыў Духоўную семінарыю ў Гарадку, 26 чэрвеня 2004 года атрымаў святарскае пасвячэнне. Душпастырскую паслугу нёс у в. Мурафа Харкаўскай вобласці і ў семінарыі ў Гарадку. У 2006 годзе быў накіраваны на вучобу ў Рым, у Папскі Латэранскі ўніверсітэт, дзе ў 2013 годзе атрымаў ступень доктара кананічнага права. Пасля вяртання ва Украіну выконваў абавязкі віцэ-рэктара і эканома Духоўнай семінарыі ў Гарадку. У 2014 годзе быў прызначаны рэктарам той самай семінарыі, а з 2018 года быў прызначаны канцлерам курыі Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі.
Цікавым фактам з’яўляецца тое, што біскуп Аляксандр, усяго на тры месяцы старэйшы за самага маладога каталіцкага біскупа ў свеце, якім з’яўляецца біскуп Украінскай грэка-каталіцкай Царквы Пётр Лаза, які нарадзіўся 3 чэрвеня 1979 года. Цікава таксама і тое, што трэці самы малады біскуп у свеце, таксама ўкраінец, — Эдвард Кава, дапаможны біскуп Львоўскай дыяцэзіі, які нарадзіўся 17 красавіка 1978 года.
На ўрачыстасці біскупскай сакры прысутнічалі святары Кіева-Жытомірскай, Камянец-Падольскай і іншых дыяцэзій ва Украіне, настаяцелі мужчынскіх і жаночых кангрэгацый і супольнасцей, прадстаўнікі Украінскай грэка-каталіцкай Царквы, Праваслаўнай Царквы Украіны, біскупы і святары з-за мяжы (Польшча, Італія, Швейцарыя), а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, акрэдытаваныя ва Украіне.
Касцёл на Беларусі прадстаўляў біскуп Алег Буткевіч, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі. Звяртаючыся да новапасвечанага біскупа, Віцебскі ардынарый сказаў, што перш за ўсё ён радуецца разам з усім Касцёлам ва Украіне, які атрымаў яшчэ аднаго біскупа. А таксама пажадаў сабрату вытрываласці на нялёгкай дарозе біскупскага служэння, моцы Божага духа. Каб памятаў, што на гэтай дарозе ён не адзін, што заўсёды яму будзе спадарожнічаць Божая ласка і Божая моц, і заступніцтва Багародзіцы, а таксама радасці і інтузіязму ў біскупскай паслузе.
Падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко
Фота сredo.pro
