Біскуп Алег Буткевіч уручыў дыпломы ўдзельнікам мастацкага пленэру ў Друі

Гэта адбылося ў суботу, 29 ліпеня, у касцёле Святой Тройцы.

Сам пленэр праходзіў тут з 22 па 30 ліпеня і быў прысвечаны асобе Францішка Скарыны і 500-годдзю першай друкаванай кнігі на беларускай мове. У пленэры прынялі ўдзел каля сарака мастакоў як з Беларусі, так і замежжа.

Адзін з арганізатараў пробашч друйскай парафіі ксёндз Сяргей Сурыновіч лічыць, што такі пленэр павінен быў прайсці менавіта пры храме, бо першай беларускай кнігай, якую выдаў Францішак Скарына ў Празе 6 жніўня 1517 года, быў “Псалтыр”.

Вядома, мастакі пісалі не толькі карціны, звязаныя з асобай першадрукара, шмат прац было прысвечана друйскім краявідам, якія тут проста цудоўныя, былі вобразы храмаў, нацюрморты і шмат іншага.

Перад пачаткам святой Імшы ксёндз Сяргей асвяціў аўтамабілі, бо некалькі дзён таму, 25 ліпеня, адзначаўся ўспамін святога Кшыштафа, які лічыцца апекуном падарожнікаў. Асвечаныя былі не толькі аўтамабілі, але і ровары, і дзіцячыя каляскі. Праўда, святар нагадаў прысутным, што асвячэнне набудзе моц толькі пасля таго, як уладальнікі прымуць удзел у Імшы.

Заканчэнне пленэру супала з урачыстасцю Маці Божай Каралевы Анёлаў. Гэты дзень адзначаецца ў Друі ад моманту будаўніцтва храма. З гэтай нагоды ў Друю прыбыў пастыр Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч, які і ўзначаліў святую Імшу.

Напачатку богаслужэння біскупа прывітаў пробашч друйскай парафіі. Ён распавёў пра працу пленэру, адзначыўшы, што ён праходзіў як дыялог святара з мастакамі.

Ардынарый у сваю чаргу адзначыў, што Друя вельмі дарагая яго сэрцу, бо тут ён рабіў свае першыя крокі на шляху да Бога. Ён таксама адзначыў, што ў гэтым годзе адзначаецца юбілей не толькі беларускага кнігадрукавання, але і фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай. І гэтыя юбілеі павінны абудзіць у нас жаданне прыняць у свае сэрцы Божую праўду.

На Імшы прысутнічаў таксама грэка-каталіцкі святар Аляксандр Шаўцоў з Полацка, што таксама сімвалічна, бо менавіта ў Полацку нарадзіўся беларускі першадрукар, які наблізіў да беларусаў слова Божае.

У сваім слове да вернікаў іерарх звярнуў увагу на тое, што пытанне веры павінна стаць падмуркам нашага жыцця. Атэізм – гэта прыклад таго, да чаго вядзе жыццё без Бога.

Біскуп Алег адзначыў ролю мастацтва ў справе данясення Божай праўды. Ён звярнуў увагу на тое, што за кожным творам мастацтва стаіць аўтар, і гэта не выклікае ў нас сумневу. А вось, калі мы глядзім на прыгажосць гэтага свету, то часта сумняваемся, што і тут павінен быць аўтар.

Іерарх адзначыў, што Хрыстос стварыў Касцёл, каб несці Божае слова да людзей, і каб людзі маглі разумець гэтае слова.

Закончылася святая Імша біскупскім бласлаўленнем і спевам гімна “Магутны Божа”.

Пасля адбылося ўручэнне дыпломаў удзельнікам мастацкага пленэру ў Друі, якое здзейсніў біскуп Алег. А далей мастакоў і вернікаў чакала святочная праграма, на якой свае вершы прачытаў паэт Уладзімір Някляеў і выступіла Вольга Акуліч з гуртом “Верасень”.

Уладзімір Някляеў разам з жонкай Вольгай падаравалі мясцоваму пробашчу карціну мастака Уладзіміра Вішнеўскага з выявай святога Папы Яна Паўла ІІ, а віцебскі ардынарый атрымаў у падарунак кнігу паэта.

Зміцер Лупач, тэкст і фота

Відэарэпартаж будзе дададзены пазней

для друку для друку