Біскуп Алег Буткевіч урачыста адчыніў Браму Міласэрнасці ў Браславе (+відэа)

braslau_brama13У нядзелю 13 снежня ў Дыяцэзіяльным Санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе біскуп Алег Буткевіч урачыста адчыніў Браму Міласэрнасці. Само набажэнства пачалося працэсіяй ад закрыстыі да галоўных дзвярэй. Уваходныя дзверы былі ўпрыгожаны вянком і кветкамі. А ўверсе над самой брамай віднеўся банэр з лагатыпам Года Міласэрнасці, які распачаўся ў Каталіцкім Касцёле 8 снежня.

Прамаўляючы Божае слова да агромністай колькасці вернікаў, біскуп падкрэсліў, што Год Міласэрнасці з’яўляецца ўнікальнай магчымасцю атрымаць адпуст, або індульгенцыю. Немалаважна таксама, па словах біскупа, звярнуць увагу на прабачэнне. Неабходна сёння навучыцца прабачаць самому сабе і свайму бліжняму.

braslau_brama27

braslau_brama26

Пробашч і адначасова кусташ Браслаўскага Санктуарыя айцец-сальватарыянін Станіслаў Мжыглуд заахвоціў людзей карыстацца магчымасцю атрымання адпусту. Ён сказаў: “Шчыра запрашаю ўсіх вернікаў з нашай дыяцэзіі прыехаць у Браслаў. Зрабіць гэта можна ў любы дзень, прыехаўшы прыватна, ці ў якасці ўдзельніка групавой пілігрымкі. Касцёл наш адчынены кожны дзень, і кожны дзень ёсць магчымасць перажыць сакрамант споведзі. Будзем вельмі рады бачыць у нас пілігрымаў!”

braslau_brama61

braslau_brama64

Брамы Міласэрнасці ў Юбілейным годзе адчыніліся ва ўсіх дыяцэзіях свету. Гэта беспрэцэдэнтны жэст пастырскай апекі Святога Айца Папы Францішка, які Булай Misericordie Vultus з 11 красавіка 2015 года абвясціў Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці і пастанавіў, што Брамы Міласэрнасці з’явяцца не толькі ў Рыме, але і ва ўсім свеце.

Варта нагадаць, што акрамя Браслава біскуп Алег Буткевіч 13 снежня адчыніў таксама Браму Міласэрнасці ў Віцебскай катэдры.

Умовы атрымання адпусту з нагоды Юбілею Міласэрнасці змяшчае дэкрэт біскупа Алега Буткевіча ад 4 снежня 2015 года.

Вернікі змогуць у гэтым Святым Годзе перажыць і атрымаць адпуст, адбываючы пілігрымку да Святых Дзвярэй, адчыненых у кожнай Катэдры і ў вызначаных дыяцэзіяльным біскупам касцёлах, а таксама ў чатырох Папскіх Базіліках у Рыме. Гэты момант мае быць злучаны з Сакрамантам Паяднання і поўным удзелам у св. Імшы, а таксама з задумай над міласэрнасцю. Пасля праходу праз Святыя Дзверы, акрамя звычайных умоваў вернікі будуць павінны затрымацца на малітве, каб споўніць апошнія акты якія патрабуюцца: вызнанне веры і малітва за Папу, а таксама малітва ў папскіх інтэнцыях. Папа Францішак прызнаў таксама магчымасць атрымаць адпуст паводле стану сэрца асобам хворым, у вязніцах і кожнаму, хто асабіста спаўняе справу міласэрнасці. Юбілейны адпуст можна будзе атрымаць таксама для памерлых (пар. Misericordie Vultus).

Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку