Біскуп Алег Буткевіч удзяліў сакрамант канфірмацыі вернікам у Пагошчы (+відэа)

pagoszcza_bezhmawanie13

Падзея адбылася ў сераду 16 лістапада ва ўрачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай.

На ўрачыстую Імшу, якая распачалася ў 18 гадзін, прыбылі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, ксяндзы Эдвард Ахрамовіч і Вячаслаў Пялінак. Кіраўніка Віцебскай дыяцэзіі сустрэў пробашч парафіі ксёндз Славамір Самковіч.

Святочную Імшу ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. У сваім уступным слове ён падзякаваў вернікам за ўрачысты прыём, падкрэсліўшы, што яму заўсёды прыемна прыязджаць на сваю малую радзіму, Браслаўшчыну, тым больш з такой важнай місіяй, як удзяленне сакраманту канфірмацыі.

У сваім слове да вернікаў іерарх падкрэсліў вялікае значэнне гэтага сакраманту, які яшчэ называюць сакрамантам хрысціянскай сталасці, для вернікаў. Калі мы прымаем сакрамант хросту, нашу веру за нас вызнаюць бацькі. Таму яго мы прымаем яшчэ несвядома, бо робіцца гэта звычайна ў малым узросце.

Зараз жа мы самі свядома выбіраем для сябе сваю веру, і сакрамант канфірмацыі, або бежмавання, як яго яшчэ называюць, павінен умацаваць нас у гэтай веры. Сапраўднаму хрысціяніну не трэба саромецца веры, ён павінен мужна яе вызнаваць, абараняць і быць прыкладам для іншых людзей.

Добрым прыкладам для нас тут з’яўляюцца нашы бацькі і дзяды, якія ў часы ваяўнічага атэізму змаглі захаваць і перадаць нам сваю веру. А наша задача – перадаць яе сваім нашчадкам.

pagoszcza_bezhmawanie23

Трэба адзначыць, што парафія Божай Міласэрнасці ў Пагошчы яшчэ маладая, ўзнікла яна толькі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, а сам храм паўстаў яшчэ пазней – ужо напачатку гэтага стагоддзя. Доўгі час у парафіі не было свайго пастаяннага святара, і як сцвярджаюць самі вернікі, жыццё ў парафіі ажыло з прыходам сюды ксяндза Славаміра Самковіча.

І як вынік яго добрай працы – у гэты дзень трыццаць пяць чалавек прынялі сакрамант канфірмацыі. Частка маладых вернікаў з парафіі прынялі таксама гэты сакрамант у Браславе яшчэ летам.

Напрыканцы Імшы вернікі падзякавалі біскупу і пробашчу за ўдзелены сакрамант. А кс. Славамір у свайгу чаргу падзякаваў усім, хто спрычыніўся да гэтай урачыстасці. У першую чаргу ён адзначыў парафіянаў, бо, як падкрэсліў святар, без людзей, без вернікаў, няма касцёла. Падзяка была выказаная і старшыні мясцовай гаспадаркі “Маяк Браслаўскі” Рамуальду Іванавічу, які заўсёды падтрымлівае рэлігійнае жыццё ў парафіі як матэрыяльна, так і сваёй асабістай прысутнасцю.

pagoszcza_bezhmawanie28

Таксама падзяку атрымаў і хор браслаўскай парафіі пад кіраўніцтвам Іны Сапун, які сваім спевам упрыгожыў урачыстасць.

Па словах біскупа Алега Буткевіча, абраз Маці Божай Вастрабрамскай з’яўляецца агульнай святыняй для чатырох народаў: беларусаў, літоўцаў, палякаў і латышоў. Таму ён павінен быць тым сімвалам, які нас аб’ядноўвае.

Ксёндз Славамір Самковіч падкрэсліў, што фэст на свята Маці Божай Вастрабрамскай у Пагошчы пакуль не з’яўляецца адпустовым, але ён прыкладзе ўсе свае намаганні, каб ужо ў будучым годзе ён такім стаў.

На ўрачыстасці прысутнічала шмат моладзі, што дае надзею на будучыню парафіі ў Пагошчы.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку