Біскуп Алег Буткевіч удзяліў сакрамант канфірмацыі браслаўскай моладзі

723 мая, напярэдадні ўрачыстасці Спаслання Святога Духа ў браслаўскім санктуарыі адбылося вялікае свята, падчас якога сакрамант канфірмацыі быў удзелены больш чым трыццаці браслаўчанам, паведамляе парафіяльны сайт.
Абрад, якім людзі падкрэсліваюць сваю прыналежнасць да каталіцкай супольнасці, свой удзел у жыцці Хрыста, наколькі намашчаны Духам Святым – Духам праўды і любові, Духам мужнасці для сведчання, Духам адказнасці за развіццё Касцёла і за прысутнасць Хрыста ў свеце — правёў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

Свята распачалося ўрачыстым уваходам ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі ў святыню з удзяленнем пастырскага благаслаўлення. Услед за ім увайшлі і кандыдаты для прыняцця сакраманту. У час святой Імшы, якую разам з біскупам канцэлебравалі святары Браслаўскага дэканату, у прывітальным слове моладзь прасіла пастыра аб удзяленні ім сакраманту канфірмацыі, да якога рыхтаваліся не адзін год.

2 3
У адказ Яго Эксцэленцыя біскуп Віцебскі Алег Буткевіч звярнуўся да прысутных са словамі ўдзячнасці за дар малітвы, за дар фарматарскай паслугі. «Браслаўскі касцёл – мой родны храм, дзе пачуў Божае пакліканне» — сказаў ён. А сваю гамілію пастыр Віцебскай дыяцэзіі прысвяціў свабодзе, якую Бог даў чалавеку і сутнасці якой той часам не разумее і не ўмее распарадзіцца. Такая “свабода” робіць яго залежным ад шкодных звычак, патурае граху. Сатана ўмела спакушае маладых людзей, якія адарваўшыся ад сямейнага ачага губляюць апору ў жыцці, не ўмеюць процістаяць злу. У такіх выпадках, раіў ім біскуп, трэба ісці ў касцёл, ачышчаць душу і ўмацоўвацца ў веры, прасіць Божай дапамогі і згаджацца з Божай воляй. Зразумець жа Божую волю дапамагае Святы Дух. І, калі мэтай жыцця будзе Божае Валадарства, то ўсё іншае чалавек атрымае, трэба ў гэта толькі верыць.

Працягам набажэнства стаў сакрамант канфірмацыі, які распачаўся малітвай аб Спасланні Духа Святога. Затым біскуп у прысутнасці сведкаў удзяліў яго кандыдатам. Падчас святой Імшы моладзь прынесла да алтара дары.

4
Напрыканцы набажэнства маладыя вернікі, іх бацькі падзякавалі біскупу Алегу за ўдзелены сакрамант канфірмацыі, а таксама пробашчу Станіславу і ксяндзу Тадэвушу за дапамогу ў падрыхтоўцы да прыняцця сакраманту хрысціянскай сталасці.
5
Біскуп Алег у сваю чаргу падзякаваў святарам, сёстрам-эўхарысткам, усім прысутным вернікам за супольную малітву, а парафіяльнаму хору за цудоўны спеў падчас набажэнства.

— У час гэтай важнай падзеі адчуваў вялікую радасць, — пазней падзяліўся сваімі ўражаннямі і пачуццямі бежмаваны ў гэты дзень Аляксандр Палякоўскі. — Удзел у жыцці касцёла напаўняе жыццё новым зместам. Моладзь нашай парафіі пастаянна ладзіць сустрэчы, гутарыць на розныя тэмы. Гэта дапамагае ім прымаць правільныя рашэнні і жыць з любоўю да людзей.

6
Ірына Гайдамовіч, фота
для друку для друку