Біскуп Алег Буткевіч удзяліў сакрамант бежмавання моладзі ў Дрысвятах

drysviaty0229 чэрвеня на нашай намоленай дрысвяцкай зямлі сабраліся вернікі парафіі і госці, каб разам пакланіцца Богу. У гэты святочны дзень нашу парафію святых Пятра і Паўла наведаў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

Святары нашага дэканата, моладзь і дзеці сустрэлі высокага госця і з урачыстай працэсіяй зайшлі ў святыню. Тут біскуп павіншаваў усіх прысутных са святам, выказаў шмат самых сардэчных пажаданняў.

Святую Імшу цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч і пробашч парафіі Генадзь Ляўкоў. У касцёле было шматлюдна, усе засяроджана слухалі казанне. Біскуп гаварыў пра тое, што сапраўдная вера ў Бога творыць цуды, аздараўляе, ацаляе людзей, але нельга блытаць цуды ад Бога і ад д’ябла. Чорныя сілы таксама могуць «дапамагаць» чалавеку, але за такую дапамогу давядзецца заплаціць вельмі вялікі кошт здароўем блізкіх, сваім жыццём і душой. Толькі Бог, як сапраўдны Айцец, захавае і абароніць, дапаможа пераадолець жыццёвыя цяжкасці. Гэта адбудзецца толькі тады, калі чалавек шчыра паверыць і паставіць Бога на галоўнае месца ў сваім жыцці.

drysviaty03

Словы біскупа былі простыя і даступныя, яны пранікалі ў душу, прымушалі задумацца аб сэнсе сапраўднага хрысціянскага жыцця. Падчас святой Імшы іерарх удзяліў сакрамант бежмавання моладзі нашай парафіі. Дзякуючы паслузе кс. Альфрэда Пяхоты, кс. Андрэя Бочара, кс. Эдварда Ахрамовіча была магчымасць прыступіць да сакраманту споведзі і даручыць свае просьбы і надзеі Езусу Хрысту ў Найсвяцейшым Сакраманце.

Традыцыйна на заканчэнне набажэнства адбылася ўрачыстая працэсія вакол касцёла, якая завяршылася ў святыні спевам «Цябе, Бога, праслаўляем».

Але на гэтым свята не завяршылася. Дзякуючы кс. Генадзю парафіяне і госці змаглі пачаставацца юшкай, мноствам слодычаў і нават запечанымі парасятамі. Каля касцёла было арганізавана выступленне мясцовага гурта «Вярба». Музыка і спевы яшчэ больш узнялі святочны настрой.

drysviaty08

Парафіяне, тэкст і фота 

для друку для друку