- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Біскуп Алег Буткевіч удзяліў дыяканскае пасвячэнне Яўгену Шымановічу (+відэа)

[1]7 снежня 2019 года ў Глыбокім з рук Яго Эксцэленцыі Алега Буткевіча, біскупа Віцебскага, клерык Яўген Шымановіч атрымаў дыяканскае пасвячэнне.

Ва ўрачыстай Літургіі прынялі ўдзел канцлер Віцебскай дыяцэзіі кс. канонік Віктар Місевіч, святары і клерыкі з Віцебскай і іншых дыяцэзій, бацькі, хросныя, родныя і сябры.

Семінарыст Яўген Шымановіч нарадзіўся 8 студзеня 1991 года. Паходзіць з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса i св. Андрэя Баболі ў Мінойтах (Лідскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія). Працаваў праграмістам і за плячыма  мае навучанне ў Мінскім катэхетычным каледжы. Затым была вучоба ў Філасофска-багаслоўскай Акадэміі Бэнедыкта XVI у Хайлігенкройцы (Аўстрыя), там жа праходзіў фармацыю ў духоўнай семінарыі, належыць да супольнасці “Сям’я Бога Айца” ў Аўстрыі. Інкардынаваны ў Віцебскую дыяцэзію.

[2]

Выпускнікі Філасофска-багаслоўскай Акадэміі Бэнедыкта XVI у Хайлігенкройцы. На фота Яўген Шымановіч крайні справа. Лістапад, 2019г Фота з сайта www.stift-heiligenkreuz.org

[3]

Выпускнікі Філасофска-багаслоўскай Акадэміі Бэнедыкта XVI у Хайлігенкройцы. На фота Яўген Шымановіч у верхнім радзе крайні справа. Лістапад, 2019г Фота з сайта www.stift-heiligenkreuz.org

Хайлігенкройц — адзін з самых вялікіх сярэднявечных манастырскіх архітэктурных комплексаў свету, якія захаваліся. Кляштар належыць ордэну цыстэрцыянаў, заснаваны ў 1133 годзе.

На самым пачатку Літургіі біскуп Алег заклікаў прысутных ахапіць малітвай клерыка Яўгена, які робіць важны крок у сваім жыцці, і каб з самага пачатку быў знакам Езуса Хрыста. «Яшчэ адзін чалавек, які адчуў у сэрцы пакліканне і адважыўся сказаць Пану Богу «так». Няхай сёння Езус умацуе яго сваёй ласкай».

[4]

Пасля Літургіі слова кс. Мікалай Ціхановіч, які з’яўляецца адказным за выхаванне і фармацыю будучых святароў Віцебскай дыяцэзіі, звярнуўся да біскупа з просьбай удзяліць пасвячэнне дыяканату і засведчыў, што кандыдат падрыхтаваны і гатовы прыняць пасвячэнне.

«Вер у тое, што прачытаеш! Навучай таму, у што паверыш! Жыві так, як будзеш навучаць!»

Гамілію прамовіў пастыр дыяцэзіі. На пачатку іерарх прыгадаў, што азначае быць дыяканам.

“Вялікая адказнасць ускладаецца на дыякана і цэнтр вагі яго паслугі складае Божае слова. Абвяшчаць, тлумачыць, пераконваць, выкладаць Святое Пісанне, — падкрэсліў біскуп Алег і, звярнуўшыся да семінарыста Яўгена, заклікаў памятаць, што не пачутае нас пераконвае, але прыклад і сведчанне жыцця. Ардынарый пажадаў кандыдату святасці жыцця, паслугі, бо на гэтым будзе заключацца эфектыўнасць абвяшчэння.

[5]

«Годнасць паслугі вынікае з сувязі чалавека з Богам, яго асабістай сустрэчы з Хрыстом, які кліча. Не чалавек выбірае яе сабе. Калі ў сям’і дзіця праяўляе заахвочанасць прыняць паслугу ў Касцёле (у кляштары ці святарскім служэнні) — не перашкаджайце! – заклікаў біскуп Алег прысутных.

– Як аднойчы ў фарысеяў ўзнікла пытанне, што рабіць з апосталамі і яны не ведалі як паступаць, то адзін фарысей адказаў: «Пакіньце!» Калі гэта справа людская, яна распадзецца сама сабой, але калі справа Божая, то каб не апынулася, што змагаемся з самім Богам. Нам часта выдаецца, што нашы планы і перакананні самыя лепшыя. Пан Бог магчыма і дае нам нейкае жаданне, намеры, але памятайма, што Ён мае найлепшы план для чалавека.

«Ну бо гэта цяжка», — кажуць людзі… А каму сёння лёгка? Ніводзін шлях паклікання чалавека не будзе пазбаўлены ад выпрабаванняў. Але важна ведаць, што перажываючы гэтыя цяжкасці, я знаходжуся «ў сваёй талерцы». Пан Бог мяне паклікаў і на гэты месца паставіў. Мы павінны дарасці да таго ўзроўню нашай веры, каб гэту рэч разумець. На жаль незаўсёды. Больш таго, павінны радавацца з таго, што Бог узглянуў з любоўю, выбраў з тысячаў і паклікаў да гэтай выключнай службы».

На заканчэнне прамовы біскуп Алег распавёў, што некалі прачытаў пра такія чатыры тыпы людской дзейнасці:

— халтура – чалавек робіць без жадання, без любові і не ўмеючы;
— хобі – падабаецца, робіць з любоўю, але калі мае вольны час і ахвоту;
— рамяство – робіць дакладна, прафесійна, але без вялікіх пачуццяў, бо гэта праца альбо «бо трэба»;
— мастацтва – робіць з душой, любоўю і прафесійна.

«Святарскае служэнне не можа быць халтурай, хобі і нават рамяством», — падкрэсліў біскуп і пажадаў кл. Яўгену, каб паслуга дыякана, а пазней і святара, была Божым мастацтвам.

Наступнай часткай Літургіі сталў абрад пасвячэння: абяцанні, якія кандыдат складае на рукі біскупа, супольная малітва Літаніяй да ўсіх Святых, падчас якой семінарыcт ляжыць крыжам перад алтаром, ускладанне рук і малітва, апрананне стулы і дальматыкі, а затым дыякан атрымлівае Евангелле з рук біскупа і знак супакою.

[6]

На заканчэнне ўрачыстасці асаблівыя словы ўдзячнасці ад дыякана і біскупа былі выказаны бацькам і хросным за хрысціянскае выхаванне.

[7]

Дыякан Яўген разам з біскупам Алегам, бацькамі і сястрой

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

Леанід Юрык, відэа