Біскуп Алег Буткевіч у Дзеркаўшчыне: “Бог у вашым жыцці павінен быць на першым месцы”

У сераду, 9 мая, біскуп Алег Буткевіч наведаў з пастырскай візітацыяй парафію Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне, што належыць да Глыбоцкага дэканату.

Цёплае надвор’е і цёплая сустрэча

Для віцебскага ардынарыя гэта была першая візітацыя ў гэтым годзе. Трэба адзначыць, што прыезду біскупа вельмі паспрыяла надвор’е, якое ў гэты дзень было проста цудоўным. Ярка свяціла сонейка, вакол касцёла ўсё патанала ў квецені садоў.

Каб сустрэць свайго пастыра, усе вернікі на чале з пробашчам ксяндзом Андрэем Куліком выйшлі з храма. Пасля таго як ксёндз Андрэй афіцыйна прывітаў біскупа, вернікі Валянціна Паўловіч і Уладзімір Фярковіч уручылі іерарху хлеб і кветкі. Біскуп прывітаў усіх вернікаў і акрапіў іх святой вадой.

Касцёл напачатку будаваўся як свіран

Пасля ўваходу ў храм пробашч распавёў пра гісторыю Дзеркаўшчынскай парафіі і самога храма. Касцёл пабудаваў у пачатку ХІХ стагоддзя ўладальнік тых мясцін Лявон Дамейка. Храм быў асвечаны ў 1822 годзе. Гэта быў час, калі нашы землі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай трапілі ў склад Расійскай імперыі, а царская ўлада ў той час забараняла будаваць каталіцкія храмы. Таму Дамейка пайшоў на падман, ён пачаў будаваць касцёл як свіран, а ўжо пасля яго ўдалося асвяціць як касцёл.

Праўда, па злой іроніі лёсу, храм усё ж быў некаторы час свірнам. У 1960 годзе, пасля смерці тагачаснага пробашча ксяндза Яна Макшэцкага, храм у вернікаў быў забраны і ператвораны ў збожжасховішча. Потым доўгі час ён стаяў наогул закінуты і толькі ў 1989 годзе быў зноў вернуты парафіянам.

У 1990 годзе яго паўторна асвяціў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Апошняя візітацыя ў парафіі была ў 2011 годзе, калі ў Дзеркаўшчыну прыязджаў першы біскуп Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін.

У 2016 годзе айцы-рэдэмптарысты правялі ў парафіі Святыя Місіі, якія перад тым былі ажно ў далёкім 1938 годзе. Парафія развіваецца, у храме і плябаніі праведзены рамонт, наведзены парадак на старых могілках, добраўпарадкоўваецца прыкасцельная тэрыторыя. Жыццё парафіі азмрочвае толькі адна негатыўная тэндэнцыя, якая назіраецца па ўсёй краіне, колькасць вясковага насельніцтва пастаянна скарачаецца, пахаванняў у парафіі значна больш, чым шлюбаў і хростаў.

Біскуп Алег пра святога біскупа Мікалая: гэта знак Божай прысутнасці

У сваім прывітальным слове біскуп Віцебскі адзначыў, што сённяшняя падзея, якая сабрала шмат вернікаў у адноўленым храме, і ёсць знакам Божай прысутнасці ў гэтым месцы. “Таму, — адзначыў ён далей, — будзем у сённяшняй супольнай малітве праслаўляць гэтую Божую прысутнасць.” Іерарх таксама ўзгадаў асобу святога Мікалая, які жыў на рубяжы ІІІ–IV стагоддзяў і  быў арцыбіскупам Мір Лікійскіх на тэрыторыі тагачаснай Візантыі. Гэты святы, па словах біскупа Алега, таксама можа лічыцца знакам Божай прысутнасці ў Дзеркаўшчыне.

Святы Мікалай лічыцца патронам Дзеркаўшчынскай парафіі, гэтага святога ўшаноўваюць тут з даўніх часоў. Нават у камуністычныя часы, калі ўлады забралі храм і ён стаяў закінуты, вернікі парафіі шанавалі гэта свята.

Біскуп адзначыў, што арцыбіскуп Мікалай прызнаны святым як у католікаў, так і ў праваслаўных, гэта тая асоба, якая можа яднаць усіх хрысціян. Звычайна яго ўспамін адзначаецца бліжэй да Каляд: 6 снежня – у католікаў, 19 снежня – у праваслаўных. Гэта дзень смерці святога Мікалая. А 9 мая адзначаецца як памяць аб перанясенні яго мошчаў з Малой Азіі, якая ў той час была акупаваная туркамі, у італьянскі горад Бары. Гэта адбылося ў 1087 годзе. Ужо хутка пасля гэтай падзеі гэты дзень і стаў успамінам святога ў хрысціянаў.

Храм быў цалкам запоўнены

На ўрачыстасць у Дзеркаўшчыну прыбылі святары кс. Віталь Галец з Ушачаў, кс. Антоні Лагунёнак з суседняга Канстанцінава, кс. Дзмітрый Рацько з Празарокаў, кс. Іван Кароткін з Глыбокага, кс. Эдвард Нарадоўскі з Задарожжа. Ксяндзы Віталь і Антоні ў свой час працавалі ў парафіі ў Дзеркаўшчыне. Храм быў цалкам запоўнены вернікамі. Урачыстасць сабрала не толькі вернікаў гэтай парафіі, але і шмат гасцей.

У гэты дзень дзесяць парафіянаў падрыхтаваліся да прыняцця сакраманту канфірмацыі. З просьбай аб удзяленні ім гэтага сакраманту да біскупа звярнуўся пробашч Андрэй. Іерарх спытаў, ці гэтыя вернікі ўсведамляюць, які дар атрымаюць, і ці належным чынам да яго падрыхтаваліся. Атрымаўшы станоўчы адказ, біскуп звярнуўся з гаміліяй да кандыдатаў і ўсіх вернікаў.

Біскуп Алег: Бог стварыў чалавека для шчасця

Ардынарый звярнуў увагу кандыдатаў да бежмавання на той вялікі дар, які яны атрымліваюць падчас удзялення гэтага сакраманту. У храме мы сустракаем Езуса Хрыста уваскрослага, які прысутнічае падчас кожнай Эўхарыстыі пад выглядам хлеба і віна. Але не толькі ў гэтым мы павінны бачыць прысутнасць Хрыста ў храме, — падкрэсліў біскуп. Мы павінны бачыць яго прысутнасць у кожным брату і кожнай сястры, якіх сустракаем у храме.

Іерах звярнуў увагу вернікаў на памяць аб ахвярах Другой сусветнай вайны, бо дзень 9 мая ў нашай краіне адзначаецца як Дзень перамогі ў той страшнай вайне. Ён заклікаў вернікаў да малітвы за ахвяраў, а таксама маліцца за тое, каб гэтыя страшныя падзеі больш ніколі не паўтарыліся. На жаль, чалавецтва не хоча вучыцца на памылках мінулых пакаленняў, і сённяшнія падзеі як ва Украіне, так і Сірыі, ды і ў іншых гарачых кропках паказваюць, што сучаснае чалавецтва, якое лічыць сябе цывілізаваным, ад любові да нянавісці раздзяляе толькі адзін крок.

Часы ваяўнічага атэізму, якія яшчэ добра памятаюць людзі старэйшага веку, таксама спрычыніліся да таго, што людзі сталі забывацца на Божыя запаветы. І галоўны з іх – гэта любіць Бога і бліжняга. Занядбанне гэтага наказу прыводзіць не толькі да войнаў у свеце, але ў першую чаргу да войнаў у нас саміх, у нашых сем’ях, калі не могуць паразумецца муж і жонка, бацькі і дзеці, браты і сёстры, суседзі.

У асобе Езуса Хрыста мы маем нябеснага заступніка перад Богам Айцом, а сам Хрыстос з’яўляецца нашым добрым пастырам. Калі мы ідзём да споведзі, і святар адпускае нам нашы грахі, то ў нас нібы вырастаюць крылы. Таму заўсёды трэба пра гэта памятаць і карыстацца з гэтага сакраманту.

Бог даў чалавеку свабодную волю, і чалавек сам рашае быць яму з Богам або жыць без яго. Сілком ніхто нікога не прымушае ісці ў храм, але вопыт мінулых пакаленняў можа быць добрым прыкладам, да чаго можа прывесці жыццё без Бога.

Бог стварыў чалавека не толькі для вечнага жыцця, але і для шчасця. І толькі ад нас залежыць, якую вечнасць мы абіраем, — адзначыў іерарх і заклікаў маліцца ад дарах Духа Святога, якія павінны ўмацоўваць нас у нашай жыццёвай дарозе.

“Калі Бог будзе ў вас на першым месцы, то ўсё астатняе тады будзе на сваім месцы”

Пасля гэтага біскуп удзяліў дзесяці вернікам парафіі сакрамант канфірмацыі, або хрысціянскай сталасці, як яго яшчэ называюць. Сталасці, таму што чалавек прымае яго свядома.

Напрыканцы Імшы парафіяне звярнуліся са словамі падзякі да біскупа, які ўдзяліў ім гэты сакрамант, і да пробашча, які дапамагаў ім у падрыхтоўцы да яго прыняцця, і падаравалі духоўным асобам кветкі.

Біскуп таксама звярнуўся з кароткім словам да вернікаў. Ён адзначыў той факт, што ў касцёле было шмат мужчын, якіх ён заклікаў не саромецца сваёй веры, а заўсёды быць у касцёле наперадзе, каб быць прыкладам для іншых. “Калі Бог будзе ў вас на першым месцы, то ўсё астатняе тады будзе на сваім месцы,” – адзначыў іерарх.

Пасля гэтага адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту. Вернікі разам са святарамі памаліліся Літаніяй да святога Мікалая, а потым прайшлі святочнай працэсіяй вакол касцёла.

Завяршылася богаслужэнне спевам гімна “Цябе, Бога, праслаўляем” і біскупскім бласлаўленнем. А напрыканцы хор выканаў песню “Малюся за цябе Беларусь”.

Пасля абеда біскуп Алег Буткевіч сустрэўся з парафіяльнай радай, дзе былі абмеркаваныя надзённыя праблемы жыцця каталіцкай супольнасці у Дзеркаўшчыне. Наступная візітацыя біскупа адбудзецца 26–27 мая. Іерарх наведае парафіі ў Канстанцінаве і Парыжы.

Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, Зміцер Лупач, фота і відэа

для друку для друку