Біскуп Алег Буткевіч у Браславе прысвяціў усю Віцебскую дыяцэзію Маці Божай Валадарцы азёраў

Урачыстасці ў Браславе, якія прайшлі 18-19 жніўня, як і штогод былі вельмі насычанымі малітвай.

Распачалося святкаванне вечаровай Імшой у пятніцу разам з пілігрымамі, якія пешшу і на роварах прыбылі ў Санктуарый. Узначаліў Эўхарыстыю дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Падчас Літургіі быў удзелены сакрамант канфірмацыі.

На працягу вечара і ўсёй ночы трывала малітва ў касцёле. Разам з а. Аляксандрам Жарнасекам МІС вернікі славілі Госпада ў Найсвяцейшым Сакраманце падчас малітвы праслаўлення. Грэка-каталіцкі хор спяваў Акафіст да Найсвяцейшай Багародзіцы.

У 23.30 распачалася ўрачыстая працэсія з малітвай на ружанцы па вуліцах горада з абразом Маці Божай Валадаркі азёраў. Па вяртанні апоўначы св. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Ранішнюю Эўхарыстую ў інтэнцыі падзякі святароў-ураджэнцаў Браслаўшчыны цэлебраваў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Галоўную Імшу 19 жніўня на палявым алтары ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Імшу канцэлебравалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, часовы павераны ў справах Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Чад ксёндз Аляксандр Рагіня, галоўны рэдактар беларускай секцыі Ватыканскага радыё ксёндз Аляксандр Амяльчэня, а таксама шматлікія святары Віцебскай дыяцэзіі. На Імшы прысутнічалі шматлікія прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу ў Рэспубліцы Беларусь, прадстаўнікі мясцовай і абласной улады. Прысутнічаў на ўрачыстасці і старшыня аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей абласнога выканаўчага камітэта Даніленка Міхаіл Раманавіч.

На самым пачатку словы прывітання да ўсіх прысутных скіраваў пробашч парафіі кс. Станіслаў Мжыглуд. Кусташ санктуарыя прывітаў усіх пілігрымаў, якія пешшу і на роварах прыбылі ў Браслаў, а таксама ўсіх вернікаў з Беларусі і з-за мяжы і запрасіў да супольнай малітвы.

«У 100 гадавіну фацімскіх аб’яўленняў мы збіраемся тут ля алтара Найсвяцейшай Панны Марыі Валадаркі азёраў, каб праслаўляць Бога за тое, што не пакідае сваіх дзяцей і праз Яе апеку няспынна прытуляе да Свайго сэрца», – прамовіў біскуп Алег Буткевіч. Іерарх падзякаваў Апостальскаму нунцыю за прысутнасць і нагадаў вернікам, што для прадстаўніка Святога Айца ў нашай краіне гэта знамянальны дзень, бо ўчора была першая гадавіна на пасадзе Апостальскага нунцыя ў Беларусі. «Сёння распачынаючы другі год Вы разам з намі. Жадаем адчуць прыгажосць гэтай зямлі, але і прыгажосць нашых сэрцаў, якія туляцца на Маці Божай, шукаючы ў Яе падтрымкі і дапамогі», – пажадаў Віцебскі ардынарый.

Арцыбіскуп Габар Пінтэр у сваю чаргу падзякаваў Богу за магчымасць упершыню наведаць браслаўскі санктуарый і яшчэ раз паразважаць над значэннем аб’яўленняў Панны Марыі ў Фаціме. «Гледзячы на вас, так шматлікіх сабраўшыхся ў гэтым месцы, каб аддаць пашану нашай Нябеснай Маці, маё сэрца напаўняе радасць і надзея, таму што магу быць сведкам таго, як на маіх вачах рэалізуецца дэвіз гэтай урачыстасці «Фацімскі заклік Марыі – новы шанец для сучаснага свету». Дзякую вам за тое, што пажадалі скарыстацца гэтым шанцам, пакінуўшы дамы і штодзённыя клопаты, – падкрэсліў нунцый і заахвоціў: – Як прадстаўнік Святога Айца, я заклікаю вас перажыць ахвяру гэтай Эўхарыстыі ў духоўнай лучнасці з Пантыфікам і ўсім Касцёлам».

У гэты ж дзень біскуп Алег Буткевіч аддаў у апеку ўсю Віцебскую дыяцэзію Маці Божай Валадарцы азёраў, прачытаўшы Акт прысвячэння.

На заканчэнне ўрачыстай Імшы Апостальскі нунцый Габар Пінтэр падзяліўся, што вельмі ўражаны гэтым прыгожым святам. Арцыбіскуп падзякаваў за прыгожы вопыт у сваім жыцці, калі змог убачыць глыбокую веру, глыбіню людскіх адносін з Богам. «Ад імя Святога Айца жадаю падзякаваць вам за прыгожую традыцыю, якую распачалі пасля трагічнага перыяду атэістычнай ідэалогіі. Спадзяюся што гэта традыцыя ў гэтым санктуарыі будзе працягвацца вякамі», – прамовіў іерарх.

Пасля бласлаўлення Віцебскі біскуп асаблівым чынам узгадаў тых святароў нашай дыяцэзіі, якія ў мінулым і ў гэтым годзе адзначалі свой юбілей 20, 25, 30, 35 і 40 год святарства. Ардынарый падзякаваў Богу за шматлікія Божыя ласкі, якія атрымліваем праз дар святарства, які пакінуў нам Езус. Гэтым святарам Апостальскі нунцый у Беларусі ўручыў памятны знак з пажаданнямі і бласлаўленнем біскупа Алега Буткевіча.

Памяткамі ўзнагароджаны: 20 год святарства — кс. Яцэк Хутман і кс. Аляксандр Чайкоўскі, канонік катэдральнай капітулы; 25 год – кс. Андрэй Бочар; 30 год – а. Тадэвуш Кавальскі, кс. Эдвард Ахрамовіч, канонік катэдральнай капітулы, кс. пралат Кшыштаф Мянкіна, канонік катэдральнай капітулы, дэкан Мёрскага дэканату, генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі кс. пралат Францішак Кісель, канонік катэдральнай капітулы; 35 год – кс. Кшыштаф Сілкоўскі; 40 год – а. Станіслаў Памыкала.

Словы прывітання скіраваў старшыня аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей абласнога выканаўчага камітэта Міхаіл Даніленка: «Абраз Маці Божай Валадаркі азёраў – гэта адзін з сямі каранаваных абразоў у Беларусі. Гэты момант мае высокі духоўны сэнс. Штогод гэта дата збірае тысячу пілігрымаў і турыстаў, глыбока веруючых і тых, хто ідзе да веры. Зараз мы ясней усведамляем, што перад намі стаіць нялёгкая задача – адраджэнне духоўнага жыцця народа. Наша грамадства паступова вяртаецца да хрысціянскіх і маральных нормаў, аб чым казаў Нунцый. Адна агульная мэта ў дзяржавы і касцёла – дапамагчы стаць людзям чысцейшымі і лепшымі, любіць сваё грамадства і дзяржаву і быць адданым ім».

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку