Біскуп Алег Буткевіч цэлебраваў Імшу Хрызма ў Віцебску (+відэа)

Святая Імша адбылася ў віцебскай катэдры ў Вялікую Сераду, 28 сакавіка.

На ёй прысутнічалі святары і кансэкраваныя асобы з усёй дыяцэзіі, таму яе можна назваць Імшой еднасці духоўных асобаў. Менавіта да гэтай Літургіі і была прымеркаваная агульнадыяцэзіяльная сустрэча святароў Віцебскай дыяцэзіі.

Узначаліў богаслужэнне біскуп Алег Буткевіч. На пачатку Імшы іерарх адзначыў, што ўжо ўсяго некалькі дзён аддзяляюць нас ад самага вялікага хрысціянскага свята – Пасхі.

У сваім слове, скіраваным да духоўных асобаў, ардынарый паразважаў над пытаннямі, якія задаюцца святарам падчас аднаўлення святарскага пасвячэння.

Першае пытанне, над якім паразважаў іерарх у гаміліі, было “Ці хочаце вы і надалей яднацца з Езусам Хрыстом і быць падобнымі на Яго?”

Біскуп Алег нагадаў, што кожны святар павінен задаваць сабе такое пытанне, каб быць упэўненым, што ён не шкадуе аб тым, што стаў слугой Хрыста: “Ці не рассыпаліся вашы памкненні на святарскай дарозе, як мука з дзіравага заплечніка?”

Другое пытанне, над якім паразважаў іерарх, гучала: “Ці хочаце вы выракацца саміх сябе, каб яшчэ больш служыць Богу і Касцёлу?”

Ці не ўзнікае ў сувязі з гэтым у каго жаданне сказаць “Стоп! Я ўжо стаміўся на гэтай дарозе”. Вядома, адпачынак святару, як і любому чалавеку, патрэбны, — адзначыў біскуп Алег, — але не можа быць адпачынку ад малітвы і святой Імшы.

Іерарх перасцярог святароў, каб яны не ператвараліся ў функцыянераў, якія патанаюць у штодзённай руціне.

Трэцім пытаннем было: “Ці хочаце верна выконваць абавязак навучання, несці людзям Добрую Вестку?”

Зараз пры парафіях працуюць шмат катэхетаў і законных сясцёр, якія праводзяць вялікую працу, дапамагаючы святарам рыхтаваць вернікаў да святых сакрамантаў. Але гэта не павінна замяняць абавязак святара навучаць вернікаў, абвяшчаць ім Евангелле, несці Божае Слова да людзей. А каб навучаць людзей, святар сам павінен быць для іх прыкладам, — адзначыў біскуп, бо слова сёння не мае той пераканаўчай моцы, калі не знаходзіць пацвярджэння ў жыцці чалавека.

Падчас Імшы святары аднавілі свае абяцанні вернасці святарскаму служэнню.

Галоўным момантам у Імшы Хрызма з’яўляецца асвячэнне алеяў хворых і катэхуменаў, а таксама бласлаўлення алея Хрызма. Гэта асвячэнне, па словах біскупа Алега, з’яўляецца знакам вечнай маладосці Касцёла на яго дарозе да Нябеснага Валадарства.

Напрыканцы  Імшы сястра Магдалена Дзевульска CR з Наваполацка ад імя ўсіх законных сясцёр Віцебскай дыяцэзіі ўзгадала тую вялікую ролю, якую адыгрываюць святары ў жыцці Касцёла, і ў сувязі з Днём святара, які адзначаецца ў Вялікі Чацвер, павіншавала біскупа Алега і ўсіх ксяндзоў, уручыўшы кветкі Віцебскаму ардынарыю.

 

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку