Біскуп Алег Буткевіч сустрэўся з журналістамі (+відэа)

Прэс-канферэнцыя кіраўніка Віцебскай дыяцэзіі адбылася ў аўторак, 20 снежня.

У ёй удзельнічалі прадстаўнікі як дзяржаўных, так і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.

Падчас прэс-канферэнцыі біскуп распавёў пра справы ў Віцебскай дыяцэзіі, адказаў на пытанні журналістаў.

Адно з пытанняў “Каталіцкага Весніка” тычылася магчымасці візіту ў Беларусь Папы Францішка.

Біскуп Алег у гэтай сувязі адзначыў, што пытанне застаецца вельмі важным і актуальным для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, бо Беларусь побач з Расіяй засталіся адзінымі еўрапейскім краінамі, у якія ні разу не адбываўся візіт Пантыфіка.

Але апошнія падзеі, якія адбываюцца ў гэтым накірунку, пакідаюць нам усё больш надзеі, што гэты візіт стане магчымым. У прыватнасці, пра гэта можа сведчыць і заява Апостальскага нунцыя Габара Пінтэра, які з нядаўняга часу працуе ў Беларусі. Ён падкрэсліў, што арганізацыю гэтага візіту лічыць адной са сваіх прыярытэтных задач.

“Таму мы жывём гэтай надзеяй, і, як вернікі, павінны маліцца ў гэтай інтэнцыі, каб Бог гэтай справай пакіраваў”, – адзначыў іерарх.

Біскуп таксама распавёў пра стан спраў ва ўсходніх парафіях, пераважна якія ён наведваў з візітацыяй у гэтым годзе. Хаця там пакуль дзейнічаюць невялікія каталіцкія супольнасці, якія ўзніклі адносна нядаўна, – падкрэсліў іерарх, – яны больш дружныя і нагадваюць адзіную сям’ю.

Кіраўнік дыяцэзіі распавёў таксама пра планы будаўніцтва новых храмаў на тэрыторыі дыяцэзіі. Гэта і адраджэнне касцёла святога Антонія ў Віцебску, будаўніцтве новых храмаў у Паставах і новым мікрараёне Віцебска Білева.

Што тычыцца будаўніцтва касцёла святога Антонія, то тут яшчэ наперадзе шмат працы. Але зроблена ўжо частка праектных работ, якія ўжо дазваляюць убачыць, як будзе выглядаць будучы храм. Галоўнае, па словах біскупа, што ў гэтым пытанні існуе паразуменне са свецкімі ўладамі.

Вядома, для такой будоўлі патрэбна немалыя грашовыя сродкі, і, каб атрымаць дазвол ад рэспубліканскіх уладаў, касцёл павінен гарантаваць высокія тэмпы будаўніцтва. Паколькі храм будзе знаходзіцца ў цэнтры горада, яго будаўніцтва не павінна быць зацягнутым па часе. “Таму наша задача на бліжэйшы час, — падкрэсліў іерарх, — знайсці сродкі на пабудову гэтай святыні”.

Што тычыцца будаўніцтва касцёла Езуса Міласэрнага ў Паставах, то біскуп Алег выказаў надзею, што ў будучым годзе распачнуцца ўжо непасрэдна будаўнічыя працы.

Закрануў біскуп і праблему пакліканняў, якая паўстала перад Касцёлам апошнім часам. Яшчэ зусім нядаўна, пасля зняцця забароны на свабоднае вызнаванне веры, у Беларусі назіраўся своеасаблівы бум пакліканняў. Кіраўнік дыяцэзіі ўзгадаў, што падчас яго навучання ў Гродзенскай Духоўнай семінарыі там навучалася больш за сто клерыкаў. Зараз іх колькасць прыкметна зменшылася. На сённяшні дзень у семінарыях навучаюцца чатыры клерыкі з Віцебскай дыяцэзіі. Але маладога чалавека нельга змусіць ісці вучыцца на святара, ён сам павінен адчуць у сабе гэта пакліканне. “Заданне Касцёла, дапамагчы маладому чалавеку адчуць гэты Божы голас, убачыць магчымасць рэалізацыі свайго жыцця ў гэтым накірунку,” – падкрэсліў біскуп. Ён таксама звярнуў увагу на якасць падрыхтоўкі святароў, на што Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі звяртае вялікую ўвагу. “Зараз мала мець святароў, патрэбна таксама каб узровень іх падрыхтоўкі адпавядаў патрабаванням часу,” – адзначыў біскуп Алег. Ён выказаў надзею, што Касцёл паспяхова справіцца і з гэтай праблемай.

Напрыканцы сустрэчы біскуп паламаўся аплаткам з журналістамі, пажадаў ім творчых поспехаў у будучым годзе.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, фота і відэа

для друку для друку