Біскуп Алег Буткевіч сустрэўся з медыкамі Віцебскай абласной бальніцы

9 лютага біскуп Алег Буткевіч з нагоды 25-годдзя ўстанаўлення Сусветнага Дня хворых сустрэўся з адміністрацыяй і медыкамі буйнейшай у Віцебскай вобласці ўстановы аховы здароўя.

Яго Эксцэленцыя ў сваёй прамове да калектыва УА «Віцебская абласная клінічная бальніца» распавёў аб гісторыі аб’яўлення Маці Божай у Лурдзе, аб шматлікіх аздараўленнях, якія адбываюцца ў Санктуарыі Маці Божай на працягу стагоддзя. Іерарх адзначыў неабходнасць міласэрнага падыходу да кожнага пацыента: ”Бачце ў кожным хворым церпячага Хрыста!” Бо як напісана ў Евангеллі ад Мацвея (25,31-46): «… Бо Я хацеў есці, і вы накармілі Мяне; прагнуў, і вы напаілі Мяне, быў у дарозе, і вы прынялі Мяне. Быў нагі, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне. (…) сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэных меншых братоў Маіх, вы зрабілі Мне.»

«Заўсёды памятайце, што медыцына — гэта пакліканне, а не прафесія: не магчыма аздараўляць толькі цела, не кранаючы душу. Памятайце пра штодзённую малітву аб аздараўленні хворых і аб дапамозе Духа Святога ў цяжкіх выпадках, калі здаецца што лекі не дапамагаюць, верце, і будзе дадзена вам па веры вашай!» — заклікаў біскуп Буткевіч.

Іерарх падзякаваў усім працаўнікам аховы здароўя за іх адданае служэнне людзям і запэўніў у малітоўнай падтрымцы. У сустрэчы прыняў удзел айцец Клеменс Верт SJ.

Людміла Ярмолава

для друку для друку