У Віцебскай абласной бібліятэцы 8 снежня прайшла традыцыйная перадкалядная вечарына “Ціхая ноч, Святая ноч”. Як і летась, у імпрэзе браў удзел біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Яго Эксэленцыя зноў узяўся за гітару і атрымаў у выніку шмат гарачых апладысментаў.
Адкрываючы вечарыну, кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі зазначыў, што такія сустрэчы даюць магчымасць кожнаму чалавеку, незалежна ад яго веравызнання, глыбей усвядоміць сутнасць гэтага вялікага свята – Божага Нараджэння.
“Гэта магчымасць, каб мы паспрабавалі сёння ў нашым з вамі жыцці, штораз усё больш забеганым і запрацаваным, глыбей паглядзець на тую вялікую таямніцу, якую прапануе нам Бог. Побач з гэтым прыгожым навагоднім светам – убачыць яшчэ і тую вялікую духоўную цеплыню, вялікую глыбокую Божую любоў, якую ён прапануе нам у сваім Сыне”, – сказаў біскуп Віцебскі.
Калядныя песні на вечарыне выканалі хор узорнай вакальнай студыі “Асоль” і хор парафіі Святой Барбары “Гасанна”.
Чыталі вершы паэтка Людміла Сіманёнак, вернік парафіі Езуса Міласэрнага Уладзіслаў Каржанеўскі, верніца грэка-каталіцкай парафіі Ўваскрасення Хрыстовага Наталля Плешчанка ды іншыя. А самым юным артыстам быў 6-гадовы Сцяпан Серабро.
Сёлета перадкалядная імпрэза ў абласной бібліятэцы прыпала на ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Таму біскуп Віцебскі выбраў для выканання песню, прысвечаную Маці Божай – “Ты за сабою нас вядзеш”.
Напрыканцы сустрэчы біскуп Алег Буткевіч прэзентаваў новы каляндар на 2019 год, прысвечаны 20-годдзю Віцебскай дыяцэзіі (была ўтвораная 13 кастрычніка 1999 года). На задняй старонцы вокладкі размешана гістарычнае фота касцёлу Святога Антонія ў Віцебску, надзею на аднаўленне якога католікі, паводле біскупа, не губляюць. Каляндар у якасці падарунку атрымалі ўсе ўдзельнікі вечарыны.
Арганізатарам вечарыны “Ціхая ноч, Святая ноч” былі Віцебская абласная бібліятэка і Віцебская дыяцэзія. У якасці вядоўцы выступіў вядомы беларускі пісьменнік і наш зямляк Франц Сіўко.
Зміцер Міраш, vitebskspring.org
