Біскуп Алег Буткевіч прыняў удзел у фэсце ў гонар святога Лінаса

Парафіяльнае свята ў імя святого Лінаса, якое штогод адзначаецца ў вёсцы Пеляса (Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць), 22 верасня як заўсёды сабрала сяброў з розных куткоў Беларусі і Літвы. Але адметнай асаблівасцю яго ў гэтым годзе стала прысутнасць біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча.

Гэтая падзея ўжо даўно пераўтварылася ў сапраўднае свята літоўскай культуры, на якое прыязджаюць высокія дыпламатычныя госці, прадстаўнікі ўладаў дзвюх краін, каталіцкія святары.

Добраму настрою сабраўшыхся спрыялі вераснёўскае сонейка, выставы-продаж атрыбутыкі рэлігійнай тэматыкі. Да радасці дзетвары індывідуальныя прадпрымальнікі прадавалі пернікі і салодкія цукеркі ў выглядзе пеўнікаў ды розных кветачак.

Але галоўны акцэнт свята — урачыстае набажэнства ў касцёле Святога Лінаса, якое ўзначаліў Віцебскі біскуп. У велічным храме гучалі літоўская і беларуская мовы, панавала атмасфера еднасці і сяброўства. Велічным было і шэсце вернікаў у працэсіі вакол касцёла.

Святочны настрой панаваў у актавай зале Пяляскай сярэдняй школы з навучаннем на літоўскай мове, дзе і прадоўжылася ўрачыстасць. Сабраўшыхся сардэчна віталі пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Андрус Пулокас, дырэктар дэпартамента Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі Марыюс Гудзінас, Саветнік Консульства Літоўскай Рэспублікі ў горадзе Гродна Аўшра Кіркуцене, намеснік старшыні Воранаўскага райвыканкама Андрэй Карповіч і іншыя ганаровыя госці свята.

Вялікае задавальненне атрымалі прысутныя ад канцэрта, які наладзілі вучні і педагогі Пяляскай школы.

Па матэрыялах voran.by

для друку для друку