Біскуп Алег Буткевіч правёў велікапосныя рэкалекцыі ў Міхалішках

З 27 па 29 сакавіка ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Міхалішках (Астравецкі дэканат) адбыліся велікапосныя рэкалекцыі, якія па запрашэнні пробашча парафіі кс. Анатолія Захарэўскага правёў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, паведамляе grodnensis.by.

Духоўныя практыкаванні, якія некаторыя вернікі называюць “рэкалекцыямі жыцця”, сталі для ўдзельнікаў часам умацавання ў веры, яе сведчання і часам ласкі.

Парафіяне доўга рыхтаваліся да гэтай падзеі і маліліся аб патрэбных ласках як для біскупа, так і для сябе, каб сэрца кожнага было адкрыта на дзеянне Божай ласкі. Рэкалекцыяніст зрабіў вялікае ўражанне на вернікаў. Сярод іншага яны адзначылі багацце яго сэрца і душы, жыццёвую мудрасць, адкрытасць на падзеі жыцця свету і чалавека, чуласць, уменне ўмацаваць чалавечую свядомасць.

Тры дні, калі біскуп Алег прапанаваў паразважаць над Божым словам, якое было спалучана са штодзённай рэчаіснасцю, былі магчымасцю нанова асэнсаваць вартасць і значэнне жыцця. Іерарх у гэты складаны час, калі свет перажывае пандэмію, настроіў вернікаў на цішыню.

У межах рэкалекцый вернікі маглі ўдзельнічаць у адарацыі Найсвяцейшага Сакраманта, якая стала медытацыяй сэрца ва ўпрыгожанай святыні, што на працягу стагоддзяў не зачыняла сваіх дзвярэй.

Парафіяне спадзяюцца на духоўны плён гэтых рэкалекцый, а таксама выказваюць падзяку біскупу Віцебскаму за кожнае слова і настаўленне, якое да іх скіраваў.

для друку для друку