Біскуп Алег Буткевіч падтрымлівае ініцыятыву ўшацкіх парафіянак

Яны робяць ружанцы, каб зарабіць грошы на рамонт свайго храма.

На перадкаляднай прэс-канферэнцыі, што прайшла 18 снежня ў Віцебску, іерарх высока ацаніў гэту акцыю. Вядома, гэта толькі адзін са спосабаў, бо рамонт святыні – гэта вельмі каштоўная справа. Але такая ініцыятыва можа паспрыяць прыцягненню сродкаў па-за межамі Беларусі.

– Плюс Каталіцкага Касцёла ў тым, што ён з’яўляецца паўсюдным. Таму нам лягчэй вырашаць розныя праблемы, у тым ліку і матэрыяльныя, – адзначыў біскуп Алег, – Таму мы ў сваю чаргу будзем таксама шукаць дапамогі з-за мяжы. Тут трэба прызнаць, што Касцёл у Польшчы нам вельмі шмат дапамагаў і дапамагае зараз у такіх справах, як рамонт святыняў.

Касцёл ва Ушачах быў пабудаваны перад пачаткам Першай сусветнай вайны. Будынак моцна пацярпеў падчас падзей рэвалюцыі, грамадзянскай і савецка-польскай войнаў. У сярэдзіне 20-х гадоў савецкая ўлада забрала храм у вернікаў, а святара арыштавала. Пасля Другой сусветнай вайны больш за паўстагоддзя касцёл стаяў без даху. Намаганнямі вернікаў і ахвярадаўцаў два дзесяцігоддзі таму святыня была адноўленая і зараз тут рэгулярна праводзяцца богаслужэнні. Але храм патрабуе тэрміновага рамонта: паўстагоддзя без даху не прайшлі для яго бясследна. А маленькая супольнасць вернікаў не ў стане ўтрымаць такі вялікі будынак. Таму парафіі і патрэбна дапамога.

Кожны з нас таксама можа зрабіць свой невялікі ўнёсак у справу рамонту храма ва Ушачах. Дастаткова толькі замовіць тут ружанец для сябе або для сваіх блізкіх. Звяртайцеся па тэл.: +375 29 598 45 17 (Ірына Вер’ясава), +375 29 291 41 63 (Ганна Струй) і +375 29 587 44 76 (кс. Віталь Галец).

Зберажом святыню разам!

Зміцер Лупач

для друку для друку