Біскуп Алег Буткевіч назваў “зачараваным колам” сітуацыю вакол адбудовы касцёла Св. Антонія ў Віцебску

Біскуп Алег Буткевіч сустрэўся з журналістамі напярэдадні свята Божага Нараджэння. Прэс-канферэнцыя іерарха адбылася ў Віцебску 14 снежня.

Падчас мерапрыемства біскуп распавёў пра падзеі, што адбываліся на працягу гэтага года ў Касцёле на Віцебшчыне, распавёў пра далейшыя планы і адказаў на пытанні журналістаў.

На працягу 2017 года адбылося шмат візітацый, падчас якіх біскуп пазнаёміўся з жыццём большасці парафій дыяцэзіі. На наступны год візітацыі запланаваны ў Браслаўскім дэканаце і частцы Глыбоцкага. Іерарх адзначыў, што яму прыемна сустракацца з людзьмі, знаёміцца з жыццём унутры рэлігійнай супольнасці, бачыць добрыя прыклады супрацоўніцтва Касцёла з дзяржаўнымі і грамадскімі ўстановамі.

Гэты год быў юбілейным як для Касцёла, так і ў цэлым для Беларусі: мы адзначылі 500-гадовы юбілей беларускага кнігадрукавання. Таму ў гэтым годзе прамая тэлевізійная трансляцыя святочнай Імшы будзе весціся з касцёла Святога Андрэя Баболі ў Полацку, горада, дзе нарадзіўся беларускі першадрукар.

Журналістаў цікавілі пытанні, звязаныя з аднаўленнем касцёла Святога Антонія ў Віцебску. Зараз ёсць разуменне ў гэтым пытанні з боку дзяржаўных уладаў, але некаторыя бюракратычныя цяжкасці ўсё ж застаюцца.

“Зараз паўстала праблема атрымання дазволу з боку ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Адміністрацыі Прэзідэнта. І тут атрымалася “замкнутае кола”: каб даць дазвол на будаўніцтва, у нас пытаюцца пра нашы фінансавыя магчымасці, а пачаць афіцыйны збор сродкаў мы можам толькі тады, калі ёсць упэўненасць, што нам выдзелілі зямлю пад будаўніцтва. І як разарваць гэта кола, пакуль невядома.” – адзначыў іерарх.

Вакол гэтага будаўніцтва ў сацыяльных сетках ужо даўно вядуцца “баталіі”: прадстаўнікі Таварыства па ахове помнікаў гісторыі і культуры лічаць, што калі храм будзе змешчаны адносна гістарычных падмуркаў хаця б на метр, то гэта будзе ўжо лічыцца новабудам. Але біскуп лічыць гэта пытанне не самым галоўным:

— Магчыма, не ўсе са мной пагодзяцца, але не так важна, будзе стаяць касцёл на старых падмурках або будзе трохі змешчаны адносна іх. Дарэчы, зараз яшчэ разглядаюцца абодва варыянты. Важны сам факт з’яўлення аб’екта, які будзе з’яўляцца не толькі сакральным будынкам для католікаў, але і славутасцю, што ўпрыгожыць гістарычны цэнтр горада.

Закрануў біскуп і пытанне цяжкасцей, звязаных з запрашэннем святароў з-за мяжы, назваўшы гэта спадчынай камуністычнага рэжыму, якую трэба пераадольваць.

У канцы студзеня іерарх накіруецца ў Апостальскую Сталіцу, дзе з 31 студзеня па 7 лютага 2018 года будзе праходзіць сустрэча ўсіх каталіцкіх біскупаў. Апошняя такая сустрэча адбывалася ў 2009 годзе. Падчас гэтай сустрэчы біскуп плануе распавесці Папу, што Касцёл у Беларусі жыве і развіваецца, а таксама зноў перадаць яму запрашэнне ад усіх вернікаў наведаць Беларусь.

Спадзяёмся, што добрая воля ўсё ж пераможа, і гэты візіт стане магчымым ужо ў бліжэйшай будучыні.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Відэарэпартаж будзе дададзены пазней

для друку для друку