Біскуп Алег Буткевіч наведаў з візітацыяй парафію ў Пагошчы

Візіт іерарха адбыўся ў нядзелю, 30 ліпеня.

Пастыра сустрэлі каля галоўнай брамы з хлебным караваем. Каб сустрэць высокага госця, усе вернікі выйшлі з храма. Перад тым, як увайсці ў святыню, біскуп Алег асвяціў новы крыж, які ўсталяваны перад касцёлам.

Перад пачаткам святой Імшы біскупа азнаёмілі з гісторыяй вёскі і парафіі. А гісторыя гэта даволі адметная. Хаця Пагошча ўпершыню згадваецца яшчэ ў 1528 годзе, яна ў сілу розных гістарычных абставінаў заўсёды заставалася невялікім паселішчам.

Сто гадоў таму тут жыло ўсяго 30 чалавек, а праз тры дзесяткі гадоў, у 1931 годзе, вёска налічвала толькі пятнаццаць жыхароў. Зараз жа тут жыве больш за паўтысячы людзей, а сама парафія налічвае 515 вернікаў. Прычым, гэта колькасць у параўнанні з 90-мі гадамі мінулага стагоддзя нават павялічылася, што робіць гэту парафію адметнай сярод вясковых парафій, дзе колькасць вернікаў звычайна зніжаецца.

Каталіцкая парафія ўзнікла ў Пагошчы толькі напрыканцы ХХ стагоддзя, але яна ўжо мае сваю гісторыю. Парафія ўвесь час развіваецца, тут шмат моладзі, што дае надзею на будучыню гэтай каталіцкай супольнасці.

На ўрачыстасць у Пагошчу прыбылі таксама пробашч з Ідолты ксёндз Вячаслаў Пялінак і пробашч з парафіі ў Далёкіх ксёндз Анджэй Бочар.

Падчас Імшы біскуп удзяліў сакрамант канфірмацыі 11 вернікам парафіі. Перад тым, як удзяліць зрабіць гэта, іерарх звярнуўся да кандыдатаў і вернікаў з пастырскім словам.

Сваё казанне ардынарый пабудаваў у выглядзе дыялогу з вернікамі. Асаблівую ўвагу ён удзяліў дару паяднання чалавека з Богам. На жаль, у сучасным свеце часта чалавек губляе гэты дар.

Калі мы ахрышчаныя ў святыні, — адзначыў іерарх, — то гэта не значыць, што мы аўтаматычна патрапім у рай. Гэты дар трэба захоўваць і памнажаць у сабе.

Ён параўнаў сакрамант хросту з валоданнем зямельным участкам. Калі не клапаціцца пра зямлю, не даглядаць яе, то ў цябе дзяржава можа забраць гэту ўласнасць. Так і з хростам – трэба заўсёды клапаціцца аб тым, каб захаваць і ўзмацняць у сабе гэты дар паяднання з Богам.

Розум – гэта адна з найвышэйшых каштоўнасцей, якую нам даў Бог, — падкрэсліў біскуп Алег. – Але ёсць яшчэ вышэйшая каштоўнасць – гэта мудрасць, якая ёсць адным з дароў Духа Святога. Напрыканцы іерарх пажадаў кожнаму, каб гэта мудрасць, мудрасць жыць у адпаведнасці з Божымі законамі, была ў жыцці кожнага з вернікаў.

Напрыканцы вернікі падзякавалі біскупу і святару за ўдзелены сакрамант, потым яны атрымалі біскупскае бласлаўленне.

Але на гэтым свята ў парафіі не закончылася: вернікаў чакаў яшчэ пачастунак на свежым паветры і выступ гурта Laudans. Дарэчы, гэты гурт сваім спевам упрыгожыў святую Імшу.

А пачастунак быў прыгатаваны дзякуючы вернікам і кіраўніцтву мясцовай гаспадаркі “Маяк Браслаўскі”. Кіраўнік гэтай гаспадаркі Рамуальд Шукель заўсёды дапамагае касцёлу, кожную нядзелю стараецца ўдзельнічаць у святой Імшы. Па словах біскупа Алега, гэта дае добры прыклад для вернікаў, якія таксама па прыкладу свайго кіраўніка стараюцца рэгулярна наведваць храм.

Таму можна з упэўненасцю адзначыць, што парафія ў Пагошчы мае будучыню і будзе развівацца і надалей.

Зміцер Лупач, тэкст і фота

Відэарэпартаж будзе дадзены пазней

для друку для друку