Біскуп Алег Буткевіч наведаў з візітацыяй парафіі ў Барсуках, Порплішчы і Крулеўшчыне (+відэа)

barsuki_03Візіт біскупа адбыўся ў нядзелю 6 лістапада, нягледзячы на вельмі неспрыяльнае надвор’е. Біскуп Алег пажартаваў, што сённяшняе надвор’е больш падыходзіць  да свята Божага Нараджэння, чым для актавы Усіх Святых.

Парафія ў Барсуках, як адзначыў пробашч ксёндз Юрый Бараўнёў, невялікая, але жывая. Большасць жыхароў вёскі адносіцца да праваслаўнай канфесіі, католікамі ў асноўным з’яўляюцца тыя, хто пераехаў сюды з іншых мясцін.

І хоць на двары ішоў снег, усе вернікі выйшлі са святыні, каб прывітаць свайго пастыра. Віталі яго па традыцыі з хлебным караваем.

Пасля ўрачыстага ўваходу ў храм распачалася святая Імша, якую ўзначаліў ксёндз Юрый Бараўнёў. Слова да вернікаў прамовіў біскуп Алег Буткевіч. Ён звярнуў увагу на праўду ўваскрасення Хрыстовага. Іерарх узгадаў, што нават у часы найбольш ваяўнічага атэізму камуністычныя ўлады не перайменавалі першы дзень тыдня, які па-руску называецца “воскресенье”.  Мы таксама павінны верыць ва ўваскрасенне, якое адбудзецца  пасля другога прыйсця Езуса Хрыста. Смерць разлучае душу з целам, але падчас уваскрасення яны зноў з’яднаюцца. І мы павінны ў гэта верыць.

barsuki_07

У якасці прыкладу моцы веры біскуп прывёў падзеі, якія апісваюцца ў Старым Запавеце, калі за веру кароль за адзін дзень забіў сем сыноў на вачах у маці. Але нягледзячы на катаванні, яны не выракліся сваёй веры, а маці іх падтрымлівала ў гэты цяжкі момант выпрабавання.

Вядома, нам шкада, калі памірае блізкі чалавек, падкрэсліў іерарх.  І мы часта плачам. Нават Езус плакаў, калі памёр яго сябар Лазар. Але наш смутак не павінен перарастаць у роспач. Мы павінны верыць, што сустрэнемся са сваімі блізкімі ў будучым свеце. Яшчэ часта бывае, што чалавек плача не столькі па свайму блізкаму, як па сабе, бо яму будзе цяжка без яго жыць.

Таму нам вельмі важна маліцца за памерлых. Прыйдзе час, і мы таксама будзем патрабаваць гэтай малітвы. Калі мы будзем мець у сваім сэрцы веру, то і смерць нам не будзе здавацца страшнай.

  • У чым сэнс стварэння чалавека, — спытаў біскуп у вернікаў і ў адказ пачуў, што Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства. Чалавек у адрозненне ад жывёл мае розум і вольную волю. Вось таму мы і нясём адказнасць за свае ўчынкі.

Чалавек хоча шчасця, адзначыў іерарх, а шчасце значыць не толькі задавальненне матэрыяльных патрэбаў. У якасці прыкладу ён прывёў ката, які жыве ў добрых гаспадароў, які ўсё мае, але ці шчаслівы ён? Па ўсім відаць, што не, бо склаў бы ў гонар гаспадара верш або песню.  Вось чаму чалавек, маючы вольную волю, павінен славіць свайго Стварыцеля.

Мы павінны рыхтавацца для жыцця вечнага, як нам абяцае вера. Менавіта ў гэтым сэнс жыцця сапраўднага хрысціяніна. Сённяшні вялікі ўзровень самагубстваў паказвае, што адбываецца, калі чалавек губляе сэнс жыцця.

Напрыканцы біскуп заклікаў яшчэ раз перагледзіць сваё жыццё, прысвяціць гэтыя дні малітве за памерлых, бо толькі паставіць свечку ў гэтыя дні яшчэ не дастаткова.

Святая Імша закончылася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту і Літаніяй да Крыві Езуса Хрыста.

Пасля богаслужэння біскуп адказаў на пытанні вернікаў і накіраваўся ў Порплішча.

У Порплішчы пробашч парафіі ксёндз Юрый Бараўнёў сустрэў біскупа на ўваходзе ў касцёл. Вернікі ж прывіталі іерарха перад алтаром, уручыўшы яму хлебны каравай і кветкі. З нагоды прыезду высокага госця храм быў па-святочнаму прыбраны.

Святочную Імшу ў Порплішчы ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. Ён жа прамовіў да вернікаў і сваё слова.

Падчас Імшы адбылася працэсія з дарамі. Іерарху ўручылі свечку, крыж, Біблію, кветкі, хлеб і віно.

Напрыканцы Імшы вернікі падзякавалі біскупу за візітацыю і прамоўленая да іх слова, якое нікога не пакінула раўнадушным, а таксама ўручылі яму падарунак. Падарунак і словы падзякі атрымаў таксама і пробашч парафіі.

Верніца парафіі Нарбэрта Камянецкая звярнулася да біскупа з просьбай не пераводзіць ад іх ксяндза Юрыя:

  • Нам нікога лепшага не трэба, бо ён такі працаўнік, якога цяжка знайсці. І трактарыст, і шафёр, і будаўнік, і архітэктар, нічога не баіцца. Вось таму я звяртаюся да біскупа, каб ён ад нас яго не забіраў, каб пробашч пацешыўся з таго, што ён набудаваў.

Па заканчэнні Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, вернікі памаліліся Літаніяй да Маці Божай, а потым праспявалі “Магутны Божа”.

Трэба адзначыць, што ў касцёле ў Порплішчы было шмат дзяцей, што дае надзею на захаванне веры.

Пасля Порплішча шлях біскупа ляжаў у Крулеўшчыну, дзе яго таксама чакалі вернікі. Парафія ў Крулеўшчыне з’яўляецца яшчэ адной парафіяй, якую абслугоўвае ксёндз Юрый Бараўнёў.

Святую Імшу тут таксама ўзначаліў біскуп. Ён жа і прамовіў гамілію да вернікаў.

Нягледзячы на тое, што гэтыя тры парафіі невялікія, яны маюць вельмі вялікае значэнне для жыцця дыяцэзіі, адзначыў біскуп Алег.  Менавіта з такіх малых парафій прыходзяць потым вернікі ў вялікія гарадскія каталіцкія супольнасці. Так, сельскае насельніцтва змяншаецца, але біскуп выказаў надзею, што разам мы зможам захаваць і нашу веру, і нашы святыні.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі