Візітацыя пастыра Віцебскай дыяцэзіі адбылася ў суботу, 7 кастрычніка.
Адметнасць парафіі ў Пятроўшчыне (Глыбоцкі дэканат) — знаходжанне тут дзіцячага лагеру, дзе кожны год праходзяць «Канікулы з Богам». Парафію абслугоўваюць айцы-францішкане, з якімі іерарх і прыбыў. Біскупа сустрэла шмат моладзі, прадстаўнікі якой паднеслі высокаму госцю каравай.
Пасля сустрэчы распачалася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Алег. На богаслужэнні прысутнічалі айцы-францішкане Яраслаў Банасяк і Вальдэмар Куява, а таксама айцы-аблаты Анджэй Юхневіч і Дзмітрый Занямонскі. Акрамя вернікаў невялікай парафіі ў Пятроўшчыне на ўрачыстасць прыехалі госці з Шаркаўшчыны, Удзела, Мёраў, Глыбокага.
Айцы Анджэй і Дзмітрый праводзілі ў гэты час святыя місіі ў Удзелаўскай і Пятроўшчынскай парафіях, таму слова да вернікаў прамовіў айцец Дзмітрый.
У сваім слове ён паразважаў, кім у нашым жыцці з’яўляецца Марыя. Святар распавёў гісторыю пра тое, як аднойчы ў купэ цягніка ехалі стары святар і жанчына з маленькай дачкой. Святар маліўся на брэвярыі і з яго выпаў маленькі абразік з выявай Марыі. «Хто гэта?» — спытала дзяўчынка. «Гэта мая мама», — адказвў святар. «Але ж яна на цябе непадобная», — сказала дзяўчынка, прыгледзеўшыся да святара. «А я ўсё жыццё так стараўся быць падобным на яе», — адказаў святар.
Так і мы, — адзначыў айцец Дзмітрый, — павінны ўсё жыццё старацца быць падобнымі на Божую Маці, бо Яна з’яўляецца маці для кожнага з нас. Гэта праўда, у якой нельга сумнявацца.
А мама — гэта самы блізкі для нас чалавек. Яна любіць нас не за нешта матэрыяльнае, а толькі за тое, што мы ёсць. Так ёсць і з Марыяй.
Марыя заўсёды вядзе нас да Езуса. Яна хоча, каб мы таксама былі ў небе. Таму ўсім нам трэба прасіць ласкі навяртання для сябе і нашых блізкіх. Трэба імкнуцца быць падобным на Яе, бо Марыя — гэта ўзор хрысціянскага жыцця. А самае прыгожае ў Маці Бога — гэта яе вера.
Сёння нам не хапае даверу да Бога. Трэба як у свой час Марыя Яму даверыцца. І трэба прасіць у гэтым дапамогі Марыі, асабліва ў кастрычніку, месяцы, які прысвечаны ружанцовай малітве.
Напрыканцы Імшы вернікі выказалі падзякі біскупу, айцам-францішканам, якія працуюць у парафіі, і айцам-місіянерам і падаравалі ўсім кветкі. А Валянціна Арэхва, якая з’яўляецца кіраўніком дзіцячага лагеру ў Пятроўшчыне, прачытала прыгожы верш «Маліцеся за святароў».
Біскуп у сваю чаргу падзякаваў усім за прысутнасць і удзяліў пастырскае блаславенне.
Пасля Імшы моладзь паказала іерарху прэзентацыю, у якой распавядалася пра дзейнасць летніка, а таксама заспявала некалькі спеваў пад гітару.
А напрыканцы ўсе зрабілі агульны здымак на прыступках будынка. Як адзначыў біскуп Алег Буткевіч, у Пятроўшчыну ён прыехаў не ўпершыню, ён быў тут яшчэ да свайго святарскага пасвячэння, а вось з афіцыйнай візітацыяй як кіраўнік дыяцэзіі прыбыў сюды ў першы раз. Ён звярнуў увагу на дальнабачнасць ксяндза Юозаса Булькі, які ў свой час прыняў рашэнне арганізаваць тут дзіцячы лагер і шмат для гэтага зрабіў. Ужо мінула больш за сем гадоў, як гэты святар адышоў у іншы свет, а яго справа працягвае жыць тут і ў Мосары, і іншых мясцінах нашай дыяцэзіі.
Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа
