Біскуп Алег Буткевіч наведаў з пастырскай візітацыяй парафію Святога Андрэя Апостала ў Лынтупах

Візітацыя адбылася ў нядзелю 4 чэрвеня.

Па традыцыі, іерарха сустрэлі з хлебным караваем каля галоўнай брамы касцёла. Паколькі візітацыя біскупа адбывалася на ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, або зялёныя святы, то кожны вернік трымаў у сваёй руцэ галінку бярозы з маладымі лісточкамі. Па словах пробашча парафіі ксяндза Паўла Кнурэка, традыцыя асвячаць на Пяцідзесятніцу галінкі бярозы адрадзілася ў Лынтупах не так даўно, але ўжо стала тут пражылася. Як распавядаюць самі вернікі, асвячэнне зялёных галінак практыкавалася ў парафіі заўсёды, перарвалася гэта толькі ў савецкія часы, калі ў Лынтупах не было пастаяннага святара. Зараз жа гэты традыцыя зноў адрадзілася.

Пасля ўрачыстага ўваходу ў храм пробашч парафіі ксёндз Павел Кнурэк коратка распавёў высокаму госцю пра гісторыю лынтупскай парафіі, якая налічвае ўжо больш за 550 гадоў.

Сучасны будынак храма быў пабудаваны ў 1908-1914 гадах. Сам касцёл быў пабудаваны даволі хутка, але шмат часу занялі розныя ўзгадненні з тагачасным царскім урадам. Вернікі хацелі надаць касцёлу тытул мучаніка Андрэя Баболі. Але ў тагачаснай сталіцы Санкт-Пецярбургу лічылі гэта немэтазгодным. Таму святыню назвалі ў гонар Андрэя Апостала, хаця ў шмат якіх даведніках гаворыцца, што гэта касцёл Андрэя Баболі.

Да 1939 года лынтупская парафія налічвала больш за 6 тысяч вернікаў.

Касцёл у Лынтупах не зачыняўся нават у часы ваяўнічага атэізму, нягледзячы на тое, што парафія ў тыя часы не мела свайго святара.

Зараз храм у Лынтупах адрамантаваны і радуе вернікаў і гасцей парафіі сваім знешнім і ўнутраным выглядам. Вялікі ўклад у гэту справу зрабілі вернікі парафіі як сваёй працай, так і грашовымі сродкамі.

Парафіяльнае жыццё ў Лынтупах можа быць добрым прыкладам для ўсёй дыяцэзіі — тут дзейнічае шмат малітоўных супольнасцяў: ружанцовыя колы, супольнасці маргарытак, духоўнага ўсынаўлення, дзейнічае парафіяльны “Карытас”.

Пробашч падзякаваў усім ахвярадаўцам за іх уклад у развіццё парафіі і заклікаў парафіян памаліцца за біскупа Алега.

Іерарх у сваім прывітальным слове падзякаваў вернікам за іх веру і ахвярнасць, распавёў пра значэнне свята Спаслання Святога Духа. Ён адзначыў, што гэта добры знак для тых вернікаў, што прымуць сёння сакрамант канфірмацыі: атрымаць дары Духа Святога ў той дзень, калі гэты Дух быў спасланы на апосталаў.

Сваё слова да вернікаў ардынарый пачаў з выказвання Езуса Хрыста “калі хто не народзіцца з вады і духа, то не ўвойдзе ў Царства Нябеснае”.

“Мы праз хрост становімся дзецьмі Божымі, — адзначыў біскуп Алег, — з гэтага моманту мы можам называць Бога сваім Айцом”. І вельмі важна, каб вера была ў нас не мёртвай, а каб прыносіла нам свой плён. Высокі госць патлумачыў, чаму пры асвячэнні выкарыстоўваецца менавіта вада. З гэтай нагоды ён узгадаў той факт, што для таго, каб зерне, кінутае ў сухую зямлю, прарасло, патрэбна вільгаць. Таму як зараз нашай зямлі патрэбны дождж, так і нам усім патрэбны дождж духоўны, без якога наша вера можа засохнуць.

Вось таму і дзеянне Духа Святога адбываецца ў першую чаргу праз ваду. Але гэта дзеянне патрабуе ад чалавека адвагі ў вызнаванні сваёй веры. Езуса Хрыста ўкрыжавалі не якія-небудзь атэісты, а людзі, што верылі ў Бога. Таму трэба заўсёды пытацца ў сябе, наколькі трывалая мая вера. У якасці прыкладу ардынарый прывёў два ўрыўкі са Старога Запавету.

Адзін з іх тычыцца прарока Ёва, калі Бог забірае ад яго ўсё тое, што ён нажыў цягам свайго жыцця. Але Ёў не выракся Бога, ён сказаў: “Голым я выйшаў з чэрава маці маёй, голым вярнуся да маці сваёй зямлі. Гасподзь даў, Гасподзь і ўзяў. Хай будзе Імя Гасподняе дабраславёна!”

Канфірмацыю называюць яшчэ сакрамантам хрысціянскай сталасці. Гэты сакрамант умацоўвае нашу веру. Але ўмацаваць можна толькі тое, што мы ўжо маем у сваёй душы, у сваім сэрцы. Таму і трэба нам прасіць аб дарах Святога Духа. Адным з такіх дароў ёсць мудрасць. Яна дае нам магчымасць разумець іншага чалавека, умець яго прабачыць.

Звяртаючыся да моладзі, іерарх параўнаў дзеянне Духа Святога з антывіруснай праграмай, якая ўсталёўваецца на кампутары, каб абараніць ад шкодных вірусных праграм.

Яшчэ адным з дароў Духа Святога ёсць адвага, якая вельмі патрэбная ў сучасным свеце, каб вызнаваць нашу веру. Нас патрэбна ў першую чаргу непакоіць не тое, што скажуць людзі, а тое, што скажа Бог.

Напрыканцы біскуп заклікаў шукаць у сваіх сэрцах паклікання, якое патрэбна не толькі для святарскага або манаскага жыцця, але і для жыцця сямейнага. Бо моцныя сем’і з’яўляюцца падмуркам моцнага Касцёла і моцнай краіны.

Потым біскуп удзяліў сакрамант канфірмацыі 24 вернікам парафіі.

Перад бласлаўленнем на заканчэнне Імшы адбылася яшчэ адна адметная падзея – сем мужчын парафіі далі ўрачыстае абяцанне маліцца за біскупа цягам усяго свайго жыцця. Звычайна ў такія малітоўныя супольнасці ўваходзяць жанчыны, а ў Лынтупах арганізавалася мужчынская “Маргарытка”, што можа быць добрым прыкладам для іншых парафій.

Пасля заканчэння Імшы візітацыя не закончылася. Біскупа чакалі яшчэ дзеці ў араторыі. Пра араторый трэба сказаць асобна, бо падобнага месца ў нашай дыяцэзіі хіба няма больш нідзе. Тут у вольны час збіраюцца дзеці амаль з усёй парафіі, дзе з імі займаюцца сёстры або валанцёры парафіяльнага “Карытас”. Тут можна пагуляць у більярд, пазаймацца на трэнажорах, зайсці ў Інтэрнэт. Дзяцей вучаць тут спяваць, танцаваць, гатаваць розныя стравы, шыць, вязаць. Тут можна папіць кавы ці гарбаты, а заадно паразмаўляць з сябрамі на розныя тэмы.

Дзеці парадавалі біскупа сваімі танцамі і спевамі, якія яны падрыхтавалі разам з сястрой Люцынай.

Пасля араторыя біскуп наведаў прытулак для састарэлых людзей, дзе яго вельмі чакалі. Іерарх паразмаўляў з насельнікамі прытулка, удзяліў ім біскупскае бласлаўленне, а таксама атрымаў падарунак ад супрацоўнікаў гэтай установы.

Ужо пад самы вечар біскуп сустрэўся з актывам парафіі, з якімі абмеркаваў надзённыя патрэбы рэлігійнага жыцця ў Лынтупах. Па словах іерарха, ён застаўся вельмі задаволены вынікамі свайго візіту.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Відэарэпартаж будзе дададзены пазней

для друку для друку