Біскуп Алег Буткевіч наведаў з афіцыйным візітам парафію ў Глыбокім (+відэа)

Пастырская візітацыя біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча ў парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім праходзіла 29 і 30 кастрычніка.

Гэта першы афіцыйны візіт кіраўніка дыяцэзіі ў Глыбоцкую парафію за 11 год. Апошні раз, а гэта было 10 верасня 2006 года, візітаваў біскуп Уладзіслаў Блін.

Візітацыя з’яўляецца адной з найбольш важных падзей для кожнай парафіяльнай супольнасці, прадугледжанай у праве Касцёла.

У нядзелю за паўгадзіны да ўрачыстай св. Імшы, вернікі віталі высокага госця на пляцы перад святыняй. Словы прывітання скіравала намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Тарасевіч. Уваход біскупа і ўсіх вернікаў у касцёл суправаджала мелодыя “Мы хочам Бога, Дзева Маці”, якую зайграў духавы аркестр Глыбоцкай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Мікалая Лашкова.

На некалькі хвілін перад алтаром біскуп Алег затрымаўся на ціхай малітве, а пасля іерарха прывіталі дзеці парафіі і старшыня парафіяльнай рады. Затым пробашч парафіі кс. Мікалай Ціхановіч зачытаў гісторыю Глыбоцкай парафіі.

У сваім прывітальным слове Віцебскі ардынарый адзначыў, што ў парафіі Бог жыве і заклікаў усіх маліцца, каб сям’я Божая ў гэтай парафіі толькі павялічвалася.

Апоўдні распачалася ўрачыстая святая Імша, падчас якой 65 кандыдатаў да сакраманту канфірмацыі разам з усімі вернікамі вызналі сваю веру, адракліся ад граху і прасілі, каб Дух Святы ўмацаваў іх у мужным вызнаванні веры і жыцця паводле яе праўдаў.

Напачатку сваёй гаміліі біскуп адзначыў, што мы жывём у складаны час. Хаця зараз вера адкрыта не пераследуецца, але сучасны свет не спрыяе яе вызнанню. Таму іерарх і заклікаў кандыдатаў да канфірмацыі стаць у гэтым свеце сапраўднымі сведкамі веры, каб іншыя людзі маглі браць з іх прыклад.

Звярнуў ардынарый увагу і на такія паняцці як вера і свабода. Часта памылкова сцвярджаюць, што вера не сумяшчальная са свабодай. Але гэта не так. Без веры нельга прыняць і зразумець свабоду. Яскравае пацвярджэнне гэтаму дае гісторыя ХХ стагоддзя, калі дзве таталітарныя ідэалогіі, якія адмаўлялі існаванне Бога, фашызм і камунізм казалі чалавеку, што Бога няма, што чалавек галоўны ў гэтым свеце, менавіта ён вызначае свабоду. І да чаго гэтага прывяло, людзі старэйшага пакалення добра памятаюць.

Нагадаў біскуп і пра адказнасць за іншага чалавека, якую не ўсе хочуць на сябе браць. Варта заўсёды ставіць перад сабой такія пытанні: ці гатовы я несці адказнасць за гэтага чалавека і ці гатовы ўспрымаць яго такім, якім ён ёсць. І ў першую чаргу варта мяняць сябе, тады і навакольны свет зменіцца.

На заканчэнне Літургіі, іерарх падзякаваў глыбоцкім парафіянам за дапамогу ў рамонце закрыстыі, адзначыўшы, што храм належыць не святару ці біскупу, а ўсёй парафіі. Таму гэта наш агульны дом, пра які мы мусім клапаціцца.

У сваю чаргу канфірмаваныя скіравалі словы падзякі за ўдзелены сакрамант біскупу Алегу і святарам парафіі за падрыхтоўку, малітоўную падтрымку, словы навукі і сакрамант споведзі.

Працягам візітацыі стала сустрэча з парафіяльнай радай, падчас якой біскупа пазнаёмілі з дзейнасцю прадстаўнікоў парафіі і планамі на будучыню. Таксама былі разгледжаны надзённыя пытанні.

Падчас візітацыі кіраўнік дыяцэзіі не толькі сустракаецца з вернікамі і рознымі супольнасцямі, але і знаёміцца з вядзеннем дакументацыі. Спачатку перад афіцыйным прыездам парафіяльную канцылярыю наведаў канцлер дыяцэзіі кс. Віктар Місевіч, які праверыў і падпісаў дакументы і кнігі-метрыкі, а ў нядзелю свой подпіс і пячатку на кожнай з іх пакінуў біскуп Алег.

Увечары падчас св. Імшы з удзелам моладзі біскуп Алег паразважаў над галоўным прынцыпам нашай веры і жыцця – прынцыпам любові. Любоў да Бога і любоў да чалавека нераздзельна звязаныя паміж сабой. Гісторыя нашай краіны і нашага жыцця — гэта пацвярджае.

“Як можам казаць, што любім Бога, якога не бачым, а не любім чалавека, якога бачым? Любоў – гэта адказнасць перад іншым чалавекам”, — звярнуў увагу ардынарый.

Пасля Імшы, іерарх сустрэўся з моладдзю парафіі і пацікавіўся іх жыццём, дзейнасцю і дасягненнямі. Таксама біскуп Алег узняў пытанне карыстання інтэрнэтам і сацыяльнымі сеткамі: “Інтэрнэт – гэта добрая справа, калі карыстаешся ім з розумам. Нельга забываць пра жывыя, а не віртуальныя зносіны з сябрамі і іншымі людзьмі”.

На гэтым пункце праграмы першы дзень візітацыі скончыўся. Наступны дзень быў таксама вельмі насычаны спатканнямі з рознымі людзьмі.

Другі дзень візіту, распачаўся са св. Імшы а 9 гадзіне разам з глыбоцкімі вернікамі ў касцеле. А ў 10 гадзін кіраўніка Віцебскай дыяцэзіі чакалі ў Глыбоцкім раённым выканаўчым камітэце. На сустрэчы з боку прадстаўнікоў мясцовай улады прысутнічалі: старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч, першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання раённага выканаўчага камітэта Іосіф Пачкоўскі, намеснікі старшыні раённага выканаўчага камітэта Алег Варша і Таццяна Тарасевіч, кіраўнік спраў раённага выканаўчага камітэта Іна Султанава і галоўны спецыяліст аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Марыя Аляхновіч.

На сустрэчы былі ўзняты надзённыя пытанні парафіі, самае галоўнае з якіх – рамонт даху касцёла. Як адзначыла Галіна Унуковіч, “у нашым горадзе і раёне мы не падзяляем католікаў і праваслаўных, а супрацоўнічаем разам”. Таксама закранута пытанне было наконт выхавання маладога пакалення, сумеснага правядзення з Каталіцкім Касцёлам летняга адпачынку для дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў і шмат іншых пытанняў. На заканчэнне сустрэчы першы намеснік старшыні ўручыў прадстаўніку высокага духавенства Каталіцкага Касцела кнігу пра Глыбоччыну і памятны падарунак.

Пробашч парафіі кс. Мікалай і біскуп Алег падзякавалі прадстаўнікам мясцовай улады за супрацоўніцтва на высокім хрысціянскім узроўні і адкрытасць з іх боку.

Апоўдні іерарха чакаў педагагічны калектыў Сярэдняй школы № 2 у сваёй навучальнай установе. Пры ўваходзе біскупа ў школу, адразу на першым паверсе іерарха сустрэлі настаўнікі, а затым дырэктар Жанна Кандрацьева правяла маленькую экскурсію па ўстанове для гасцей. Гэтая школа заўсёды адкрытая на супрацоўніцтва з мясцовымі святарамі, а таксама на правядзенне розных мерапрыемстваў. Напрыклад, вось ужо некалькі год запар, школа прымае і корміць каля 200 чалавек, якія прымаюць удзел у акцыі “Мы разам”.

На гэтым візіт не скончыўся і біскупа запрасілі ў адзін з класаў, дзе яго чакалі настаўнікі. Як пасля адзначыў сам іерарх, што з такой колькасцю (каля 50!) настаўнікаў ён размаўляў упершыню. Педагогі актыўна задавалі біскупу Алегу шматлікія хвалюючыя пытанні. Былі закранутыя тэмы сістэмы адукацыі ў Каталіцкім Касцеле, хрысціянскім і маральным выхаванні маладога пакалення. Не абмінула высокага госця і пытанне пра пакліканне да святарства. Хоць адказ на яго – вялікая таямніца, нават для самога святара, але іерарх падзяліўся сваімі ўспамінамі з гадоў вучобы ў школе, ва ўніверсітэце і семінарыі.

“Вы робіце вельмі важную справу! Настаўнікі павінны быць выхаваўцамі і прыкладам для дзяцей. Каб добра выхаваць дзіця трэба з ім проста быць: быць бацькамі, быць настаўнікамі, быць побач”, — падкрэсліў біскуп Алег. А кс. Мікалай Ціхановіч у сваю чаргу пажадаў маладым членам педагагічнага калектыву, каб пераймалі настаўніцкі выхаваўчы дух і любоў да сваёй прафесіі ад настаўнікаў старэйшага пакалення.

Дырэктар школы Жанна Кандрацьева падзякавала біскупу Алегу, за выбар для сустрэчы менавіта другую школу і падаравала памятную кнігу пра навучальную ўстанову і Падзяку за супрацоўніцтва.

Перадапошнім пунктам праграмы афіцыйнага візіта стала наведванне Глыбоцкага раённага шпіталя і сустрэча з медыцынскім персаналам. Біскуп Алег наведаў радзільнае аддзяленне, якому падараваў абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам на руках, таксама сустрэўся з маленькімі пацыентамі дзіцячага аддзялення і паліклінікі.

Не мог Віцебскі ардынарый пакінуць без увагі працоўны калектыў і кіраўніцтва Глыбоцкага Дома культуры, які заўсёды адкрывае дзверы для розных мерапрыемстваў: дыяцэзіяльнае спатканне катэхетаў, акцыя “Мы разам” для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, запусты “Андрэйкі”, калядны канцэрт. Дырэктару Марыі Рабіза была ўручана Падзяка за актыўнае супрацоўніцтва ў захаванні хрысціянскіх каштоўнасцей сярод жыхароў Віцебшчыны.

Гэтыя два дні кананічнай візітацыі біскупа Алега Буткевіча сталі вельмі насычанымі на сустрэчы і размовы з глыбоцкімі вернікамі, прадстаўнікамі ўлады і розных грамадскіх структур і, спадзяемся, прынясуць свой плён.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык і Зміцер Лупач, відэарэпартаж

для друку для друку