Біскуп Алег Буткевіч наведаў сацыяльны прытулак для састарэлых грамадзян у вёсцы Дзікева (+відэа)

Гэта адбылося 4 сакавіка падчас першага дня візітацыі віцебскага ардынарыя ў германавіцкую парафію, што ў Шаркаўшчынскім дэканаце.

Аддзяленне для кругласутачнага прабывання састарэлых грамадзян і інвалідаў было створана тут у 2006 годзе. Яно разлічанае на 40 чалавек, зараз тут знаходзіцца 37 грамадзян.

Як лічыць кіраўнік гэтай установы Наталля Хрол: “Наша галоўная задача – працягнуць актыўнае жыццё нашых грамадзян, каб яны і надалей заставаліся актыўнымі і бодрымі.”

Для гэтага ў Дзікева для састарэлых людзей створаны вельмі добрыя ўмовы.

“У нас ёсць чатыры гурткі, якія яны наведваюць. Адкрыта ў нас новая інавацыйная форма працы з гэтымі людзьмі, гэта пэт-тэрапія, лячэнне хатнімі жывёламі. У нас ёсць гурток трусаводства, і вось мы сюды прыводзім гэтых хатніх жывёл, дзядулі нашы маюць магчымасць паглядзець на іх, пагладзіць, палюбавацца і гэтым узняць сабе настрой,” – распавядае Наталля Браніславаўна.

Біскуп Алег сустрэўся з насельнікамі і супрацоўнікамі сацыяльнага прытулку, прыйшлі на гэту сустрэчу і жыхары вёскі. Напачатку біскуп пацікавіўся ўмовамі пражыванні, спытаў, ці наведваюць састарэлых людзей іх родныя. А потым іерарх паразважаў з людзьмі пра сэнс жыцця чалавека, пра месца Бога ў гэтым жыцці, пра тое, з якой мэтай Бог стварыў чалавека. Сустрэча працягвалася амаль паўтары гадзіны, але гэтага часу ніхто не заўважыў, бо гэта разважанне праходзіла ў форме дыялогу з людзьмі.

Пазней супрацоўнікі ўстановы выказалі нават сваё здзіўленне, што гэтыя людзі праявілі такую зацікаўленасць, і ніхто заўчасна не сышоў з гэтай сустрэчы.

Кіраўнік установы так ацаніла візіт высокага госця: “Мы вельмі радыя, што біскуп падараваў нам хвілінкі радасці. Бо нашых дзядуль і бабуль не заўсёды наведваюць блізкія і родныя, таму біскуп і ксёндз Ян дапамагаюць ім адчуць, што яны не адзінокія, а патрэбныя людзям, патрэбныя грамадству.”

Арганізацыя сацыяльнага прытулку на месцы былой школы, якую ў свой час закрылі з-за недахопу вучняў, можа быць добрым прыкладам выкарыстання такіх будынкаў. Прытулак таксама дае працу шмат каму з вяскоўцаў, што ў наш час вельмі важна. Ён лічыцца свайго роду элітным – сюды не кожны можа патрапіць. Але ўсё ж і ён не можа замяніць састарэламу чалавеку сям’і. Таму найперш, чым здаваць блізкага чалавека ў падобныя ўстановы, варта пра гэта памятаць.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Ленід Юрык, відэа

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі