Біскуп Алег Буткевіч наведаў пастаўскія парафіі з пастырскай візітацыяй (+відэа)

“Духу Святому прыйшлося сёння папрацаваць у Паставах”.

Гэтыя словы біскуп Алег Буткевіч прамовіў падчас сваёй візітацыі ў пастаўскую парафію 30 красавіка, калі сакрамант канфірмацыі прынялі некалькі дзясяткаў вернікаў як з пастаўскай, так і суседніх парафій.

Дакладней будзе сказаць, што ў гэты дзень адбыліся дзве візітацыі: у парафіях Антонія Падуанскага і Езуса Міласэрнага. Гэтыя парафіі існуюць асобна ўжо з 2014 года, праўда, моляцца пакуль у адным храме. Трэба адзначыць, што і візітацыі ў гэтыя парафіі пачаліся яшчэ ў суботу, 29 красавіка.

У нядзелю біскуп прысутнічаў на ўсіх богаслужэннях, што праводзіліся ў пастаўскай святыні. Найбольш урачыстая св. Імша адбылася ў 12 гадзін, падчас якой іерарх удзяліў вернікам сакрамант канфірмацыі, або хрысціянскай сталасці.

Таксама ў гэты дзень біскуп ахрысціў маладую дзяўчыну Эліну.

Імша распачалася з урачыстага ўваходу ў касцёл. Біскуп Алег спытаў Эліну і яе хросную, ці гатовая яна прыняць сакрамант хросту. Кандыдатка і яе хросная адказалі станоўча. Пасля ўваходу біскупа, святароў і міністрантаў у храм прагучаў гімн “Магутны Божа”.

Потым іерарха прывіталі кандыдаты да сакраманту канфірмацыі. Біскуп у сваім прывітальным слове адзначыў, што прысутнасць біскупа як наступніка апосталаў у парафіі надае Імшы вялікую ўрачыстасць. Яшчэ большую значнасць, адзначыў іерарх, надае сакрамант канфірмацыі, які сёння павінны былі прыняць шмат вернікаў.

На ўрачыстасці прысутнічаў таксама і дэкан Пастаўскага дэканату ксёндз Павел Самсонаў, які прачытаў урывак са Святога Пісання.

Пасля гэтага пробашч парафіі святога Антонія ксёндз Вадзім Прасяной звярнуўся да біскупа з просьбай удзяліць вернікам сакрамант канфірмацыі. Іерарх спытаў, ці кандыдаты належным чынам падрыхтаваліся да гэтага. Атрымаўшы станоўчы адказ, біскуп прамовіў слова да вернікаў.

У ім ён нагадаў пра моц Духа Святога, які атрымалі ў свой час апосталы. Таксама гэты дар атрымліваюць і вернікі падчас сакраманту бежмавання.

Часам нам здаецца, адзначыў біскуп Алег, што, каб мы жылі ў тыя часы, калі і Езус Хрыстус, то мы зусім па-іншаму да Яго б адносіліся. Але, нагадваючы прачытаны ўрывак з Евангелля, іерарх адзначыў, што апосталы столькі часу правялі з жывым Езусам і не паверылі Яму. Нам жа яшчэ цяжэй у гэта паверыць, бо мы жывога Езуса не бачылі. Таму кожны дзень мы павінны наноў здабываць нашу веру.

Паразважаў іерарх і на тэму шчасця, якога чалавек можа дасягнуць толькі з верай у Бога. Трэба толькі даверыцца Яму, бо мы Божыя дзеці. І Бог стварыў нас на свой вобраз не для таго, каб мы пакутавалі на гэтай зямлі. Калі ж у жыцці і здараюцца нейкія няшчасці, то разглядваць іх трэба з пазіцыі выпрабавання веры.

Сёння, — адзначыў біскуп, — мы не маем знешняга пераследу веры. Але мы жывём у свеце, які не спрыяе хрысціянскім каштоўнасцям. Сёння кажуць, што чалавек свабодны. Але свабода палягае не ў тым, каб рабіць тое, што хочаш. Свабода – гэта вялікая адказнасць за сябе, за сям’ю, за краіну. Таму сапраўдная вольнасць у тым, каб верыць у Бога, давяраць Яму. А для гэтага нам патрэбны дары Духа Святога: мудрасць, розум, мужнасць, умеласць, пабожнасць. Таму дазвольце Духу Святому напоўніць вашыя сэрцы, — звярнуўся іерарх да кандыдатаў да канфірмацыі, — і дазвольце Яму там дзейнічаць.

Пасля гаміліі біскуп удзяліў сакрамант хросту Эліне. А ўжо пасля гэтага адбылося ўдзяленне сакраманту канфірмацыі.

На заканчэнне св. Імшы віцебскі ардынарый запрасіў усіх на святкавання стагоддзя фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай. Гэтыя ўрачыстасці пройдуць 13 мая ў Шуміліне ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай. У гэты дзень чакаецца прыезд Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтара.

Таксама біскуп заклікаў маладых людзей, як хлопцаў, так і дзяўчат, не баяцца стаць на дарогу паклікання, бо жніво вялікае, а работнікаў мала.

Закончылася богаслужэнне біскупскім бласлаўленнем.

«Сёння чалавек хоча верыць у Бога, які ёсць Любоўю»

Менавіта гэтыя словы біскуп Алег Буткевіч прамовіў падчас візітацыі ў парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах.

Богаслужэнне распачалося малітвай да Божай міласэрнасці.

Напачатку пробашч парафіі ксёндз Анджэй Бульчак коратка нагадаў гісторыю парафіі, якая налічвае яшчэ толькі тры гады. 16 сакавіка 2014 года біскуп Алег аб’явіў аб утварэнні ў Паставах новай парафіі – пад тытулам Езуса Міласэрнага. Праз месяц, 23 красавіка, быў асвечаны крыж на месцы, дзе будзе пабудаваны храм.

Гісторыя парафіі яшчэ не такая вялікая, але яна пераймае традыцыі пастаўскай парафіі святога Антонія Падуанскага. І сённяшняя візітацыя таксама з’яўляецца ўжо часткай гісторыі парафіі.

На пачатку сваёй гаміліі біскуп Алег Буткевіч выказаў упэўненасць, што гэты яго візіт прынясе плён для новаўтворанай парафіі. Ён пажадаў вернікам мужнасці ў вызнаванні веры. Ва ўсе часы гэта было нялёгкай справай. Нават святы Пётр у тую ноч, калі Езус быў выдадзены, тройчы адрокся ад Яго. І тым не менш Езус называе яго скалой, на якой будзе пабудаваны новы Касцёл.

І ў наш час вызнаванне веры патрабуе ад хрысціяніна мужнасці. Паразважаў іерарх таксама над тэмамі шчасця і Божай Міласэрнасці. Ён адзначыў, што нельга дасягнуць канчатковага шчасця ў зямным жыцці, рыхтавацца трэба да жыцця вечнага. І тое шчасце, што дае нам Бог у гэтым свеце, гэта толькі прылада, каб дасягнуць гэтага вечнага жыцця.

Тэма Божай Міласэрнасці мае асаблівае значэнне для вернікаў парафіі Езуса Міласэрнага. Біскуп нагадаў словы Езуса, дзе Ён кажа, што Я прыйшоў не судзіць гэты свет, а збавіць яго. Тут варта памятаць пра адзін з дароў Духа Святога – Боязь Божая. І гэты страх трэба разумець не як кару за грахі, а страх страціць Божую Міласэрнасць.

Чалавек часта пытаецца, чаму гэта няшчасце здарылася менавіта са мной, чаму Бог мяне не любіць? Але гэта трэба разумець не як кару за нейкія грахі, а як выпрабаванне нашай веры. Веру лёгка вызнаваць у вялікай супольнасці, — адзначыў іерарх, такой як зараз. Але гісторыя поўная прыкладаў, калі вызнаванне веры патрабавала вялікай мужнасці і гераізму.

Паразважаў ардынарый і на тэму свабоды, адзначыўшы, што чалавек вольны толькі тады, калі кожную хвіліну свайго жыцця робіць дабро. І ў наш час чалавек хоча верыць у Бога, які ёсць Любоўю. Таму і нам трэба быць людзьмі, здольнымі прабачаць, а таксама здольнымі самім прасіць прабачэння.

Напрыканцы святой Імшы пробашч парафіі кс. Анджэй Бульчак выказаў пажаданне, каб наступная візітацыя біскупа адбылася ўжо падчас кансэкрацыі новай святыні. Біскуп у сваю чаргу выказаў упэўненасць, што з Божай дапамогай ужо ў хуткім часе мы станем сведкамі гэтай урачыстасці.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку