Біскуп Алег Буткевіч наведаў парафію ў Дунілавічах з пастырскай візітацыяй (+відэа)

Гэта адбылося ў нядзелю, 7 мая. Дакладней будзе сказаць, што візітацыя пачалася яшчэ ў суботу. Сама ж урачыстая Імша з нагоды прыезду высокага госця адбылася ў нядзелю а 10-й гадзіне.

Перад богаслужэннем вернікі разам з пробашчам парафіі ксяндзом Паўлам Самсонавым выйшлі з храма, каб сустрэць біскупа перад уваходам у святыню. Па традыцыі, іерарха сустрэлі з хлебным караваем і кветкамі. Біскуп акрапіў прысутных святой вадой і ўрачыста ўвайшоў у храм.

Напачатку Імшы ксёндз Павел прывітаў высокага госця і распавёў яму аб жыцці ў парафіі. Ён служыць тут ужо сем гадоў, за гэты час быў скончаны рамонт унутры касцёла, былі адноўленыя старадаўнія роспісы ў храме, адрамантаваны дах. Зараз вядуцца працы па адвядзенню вады вакол падмуркаў касцёла, будзе зроблены дрэнажная сістэма, скончаны рамонт даху. Пасля гэтага распачнецца вонкавы рамонт святыні, каб да свайго 250-годдзя, якое будзе адзначацца праз тры гады, яна займела дастойны выгляд.

Пробашч распавёў таксама і пра гісторыю гэтай святыні. А яна была даволі няпростая і трагічная, як і шмат у якіх храмах на нашых землях. Касцёл у Дунілавічах быў пабудаваны ў 1769–1773 гадах як храм пры кляштары дамініканцаў. У 1793 годзе Дунілавічы патрапілі ў склад Расійскай імперыі, якая не спрыяла развіццю каталіцкай веры на былой тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Пасля задушэння антырасійскага паўстання 1830-1831 гадоў царскія ўлады скасавалі кляштар, і з 1850 года касцёл дзейнічаў як парафіяльны. Хутка зноў выбухнула паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Па яго задушэнні касцёл гвалтоўна перадалі Маскоўскаму патрыярхату і перарабілі пад праваслаўную царкву.

У 1919 годзе польскія ўлады вярнулі святыню католікам. Касцёл дзейнічаў да канца Другой сусветнай вайны, пасля чаго савецкія ўлады арыштавалі пробашча, а святыню закрылі і ператварылі ў склад збожжа. Потым наогул будынак з-за аварыйнага стану даху быў закінуты і яго нават планавалі ўзарваць. Толькі блізкасць жылых дамоў выратавала святыню ад поўнага знішчэння.

У 1990 годзе храм быў вернуты вернікам, і з 1992 года ён дзейнічае як касцёл Святой Тройцы. Варта адзначыць, што і гісторыя самога мястэчка Дунілавічы поўная трагічных старонак. Некалі тут былі тры касцёлы, тры сінагогі, мястэчка налічвала каля 7 тысяч жыхароў. Зараз у Дунілавічах жыве толькі дзясятая частка ад той колькасці жыхароў. Тым не менш парафія ў Дунілавічах упэўнена глядзіць у будучыню і збіраецца дастойна адзначыць 250-годдзе храма.

Святую Імшу ў дунілавічскай святыні ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. У сваім слове да вернікаў ён паразважаў над словамі Пісання, дзе Езус кажа, што Ён ёсць брама нябесная. І хто праз Яго ўвойдзе, той атрымае жыццё вечнае.

Іерарх адзначыў, што сучасным вернікам часта здаецца, што калі б яны жылі ў часы Езуса Хрыста, то ўсё было б проста. Бо апосталам было проста паверыць у Хрыста, бо яны Яго бачылі, размаўлялі з Ім, слухалі Яго навуку.

Але не ўсё так проста. Калі Езус быў укрыжаваны, то каля крыжа застаўся толькі адзін з Яго вучняў – апостал Ян. Нават апостал Тамаш паверыў у змёртвыхпаўстанне Пана, калі толькі пабачыў Яго раны і ўклаў у іх пальцы. Таму Хрыстос і кажа яму: «Ты ўклаў свае пальцы і паверыў, але найбольш блаславёныя будуць тыя, хто не бачыў і паверыў». Бо недастаткова ўбачыць вачыма, трэба ўмець бачыць сэрцам.

Узгадаў біскуп пра такія чалавечыя грахі як зайздрасць і помста, якія не такія ўжо і рэдкія сярод вернікаў. Калі чалавек за нязначную крыўду гатовы нанесці нашмат большае зло свайму бліжняму. А мы, як вернікі, павінны ўмець прабачыць сваім блізкім, суседзям, родзічам. Нагадаў іерарх і аб адказнасці, якую мы нясём за сваіх блізкіх: муж за жонку, жонка за мужа, бацькі за дзяцей.

Зараз няма пераследу веры, як гэта было ў камуністычныя часы. Але сучасны свет таксама не спрыяе духоўнаму ўзрастанню чалавека. Людзям пастаянна даводзіцца, што галоўнае, гэта матэрыяльнае становішча, улада, сувязі. А жыццю духоўнаму адводзіцца ўсё менш і менш месца. Вядома, чалавек павінен жыць дастойна, мець годную плату за сваю працу. Але матэрыяльныя каштоўнасці ні ў якім разе не павінны замяняць духоўных.

І вера нам патрэбна для таго, каб праз браму смерці ўвайсці ў жыццё вечнае. І на гэта ў першую чаргу трэба спадзявацца, гэтага шукаць.

Пасля гаміліі біскуп Алег Буткевіч удзяліў сакрамант канфірмацыі дзесяці вернікам парафіі.

Напрыканцы Імшы вернікі прайшлі працэсіяй вакол касцёла, пасля чаго атрымалі біскупскае бласлаўленне. Іерарх запрасіў усіх вернікаў у Шуміліна на святкаванне стагоддзя фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай, якое будзе адзначацца ўжо ў гэту суботу, 13 мая. На гэту ўрачыстасць плануецца прыезд Апостальская нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра.

Пасля Імшы іерарх сустрэўся з касцельным камітэтам парафіі ў Дунілавічах, а таксама правёў асабістыя сустрэчы з вернікамі.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку