Біскуп Алег Буткевіч наведаў парафію ў Дрысвятах (+відэа)

Афіцыйная візітацыя віцебскага ардынарыя адбылася ў нядзелю, 9 ліпеня.

Каб прывітаць свайго пастыра, усе вернікі выйшлі з храма. Па традыцыі іерарха сустрэлі каля галоўнай брамы з хлебным караваем. Біскуп акрапіў вернікаў святой вадой і запрасіў прайсці ў святыню.

Касцёл пабудавалі маладыя хлопцы

Перад пачаткам святой Імшы гісторык, краязнаўца і касцельная актывістка Эмілія Шавэла распавяла біскупу і прысутным вернікам гісторыю касцёла і парафіі ў Дрысвятах. І хаця расповяд гэты заняў крыху больш за паўгадзіны, ніхто не стаміўся слухаць спадарыню Эмілію, наколькі жыва і цікава яна пра ўсё распавядала.

У 1514 годзе кароль Польшчы і Вялікі князь Літоўскі Жыгімонт І Стары фундаваў будаўніцтва касцёла на востраве Замак, дзе знаходзілася тады і паселішча.

У 1519-1522 гадах адмыслова для дрысвяцкага касцёла быў напісаны абраз “Пакланенне Трох каралёў” або, як яго яшчэ называюць, “Маці Божая Дрысвяцкая”. Гэта была праца знакамітага нямецкага мастака Ганса Эльвінга.

Пасля таго, як у выніку вайны будынак касцёла згарэў, ён быў пабудаваны ў 1725 годзе на новым месцы, на беразе возера Дрысвяты, там, дзе ён стаіць і зараз. На бераг возера перамяшчаецца і само паселішча.

Храм прастаяў амаль дзвесце гадоў і быў разбураны ў Першую сусветную вайну, бо непадалёк ад Дрысвятаў праходзіла лінія фронту.

Пасля заканчэння польска-савецкай вайны і заключэння Рыжскай мірнай дамовы Дрысвяты патрапілі ў склад Другой Рэчы Паспалітай. Адразу ўздымаецца пытанне аб аднаўленні будынку касцёла. У 1927–1929 гадах храм быў збудаваны на тым самым месцы па праекту маладога архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага. Ён выкарыстаў новую на той час тэхналогію: храм збудаваны з брусоў, якія злучаліся між сабой пазамі без моху. Будавалі яго зусім маладыя хлопцы, але зрабілі яго вельмі добра, будынак добра захаваўся да нашых дзён.

Падчас Другой сусветнай вайны храм дзейнічаў. Дзейнічаў ён і пасля вайны. Але часы ваяўнічага атэізму яго не пашкадавалі – у 1963 годзе касцёл быў зачынены, а ксёндз Юзаф Козел высланы ў іншую парафію. Пачалося рабаванне і знішчэнне касцёла. З яго была выдзерта падлога, з якой людзі рабілі загародкі для свіней, студэнты, што прыязджалі на бульбу, палілі часткі інтэр’ера ў кастрах.

Аднаўленне храма пачалося толькі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, калі сюды прыйшлі працаваць айцы-салятыны Альфрэд Пяхота і Зянон Шчонхар. За пятнаццаць гадоў быў зроблены ўнутраны рамонт касцёла, збудаваная званіца, званы для якой падараваў фундатар з Польшчы, адрамантаваныя вежа і дах святыні.

Айцец Юзаф Блажэй, які прыйшоў сюды на служэнне ў 2006 годзе распачынае рамонт плябаніі, які закончыў ксёндз Віталь Галец у 2009 годзе.

Пасля тут працавалі ксёндз Юры Жаўняровіч і айцец Часлаў Халгас, якія зрабілі вонкавы рамонт храма і агароджы вакол яго. Зараз тут служыць ксёндз Генадзь Ляўкоў, які з’яўляецца тут сваім святаром, бо нарадзіўся і вырас зусім побач, у Відзах. Ксёндз Генадзь шмат робіць для добраўпарадкавання прыкасцельнай тэрыторыі. Ужо зараз яна вельмі прыгожая, але ў планах святара зрабіць гэта месца яшчэ прыгажэйшым.

Заўсёды трэба чакаць Езуса

У сваім слове да вернікаў біскуп Алег Буткевіч узгадаў часы ваяўнічага атэізму і заклікаў вернікаў захоўваць і перадаваць сваю веру наступным пакаленням, каб больш гэтыя страшныя часы не паўтарыліся. Бо калі зараз вера адкрыта і не пераследуецца, у сучасным свеце вельмі шмат розных спакус, якія адцягваюць чалавека ад сапраўднай веры.

Іерарх нагадаў, што Езуса Хрыста пераследвалі не бязбожнікі, а людзі якраз веруючыя. Фарысеі і святары выдалі яго на смерць за тое, што той называў сябе Божым Сынам, а гэта яны лічылі блюзнерствам.

— Езус Хрыстус уваскрос у нядзелю, і ў нядзелю абяцаў зноў прыйсці ў гэты свет, — адзначыў біскуп Алег, — вось чаму не трэба працаваць у нядзелю. Ніхто не ведае, калі будзе гэты дзень, таму трэба быць гатовым да гэтага. А то раптам прыйдзе Збаўца, а вы ў агародзе капаецеся, — дадаў іерарх з усмешкай, падкрэсліўшы, што гэта не трэба ўспрымаць як жарт.

Закрануў біскуп і тэму юбілеяў гэтага года, на якія ён вельмі багаты. Прычым гэта юбілеі як добрыя, так і не вельмі. Сярод іншага мы адзначаем 500 гадоў першай друкаванай беларускай кнігі, 500-годдзе пачатку Рэфармацыі, будзе адзначацца стагоддзе кастрычніцкага перавароту. Каталіцкі Касцёл святкуе ў гэтым годзе стагоддзе аб’яўленняў Маці Божай у партугальскай Фаціме. Маці праз пастушкоў папярэджвала свет аб навяртанні, але людзі не паслухаліся, што і прывяло да рэвалюцыі, а потым і да Другой сусветнай вайны.

Біскуп заклікаў вернікаў адказна ставіцца да сваёй працы, рабіць усё на хвалу Божую. Ён прывёў прыпавесць пра будаўніка, які шліфаваў камень на вялікай вышыні. Калі яму сказалі, навошта ты так стараешся, з зямлі ж гэтага не ўбачаць, той адказаў, што Бог з неба ўбачыць.

Яшчэ ардынарый прывёў прыклад пра савецкія “Жыгулі” і японскую “Таёту”. Гэтыя дзве маркі аўтамабіляў рабіліся з аднаго металу, па падобнай тэхналогіі, рабіліся людзьмі з падобнымі рукамі, падобнай адукацыяй, але розніца паміж гэтымі машынамі была вельмі вялікай. А ўсё таму, што рабочыя па-рознаму ставіліся да сваёй працы.

Напрыканцы свайго слова біскуп пажадаў людзям берагчы сваё веру і захаваць яе для наступных пакаленняў.

Юшка для біскупа

Пасля святой Імшы вернікі мелі магчымасць сустрэцца са сваім пастырам і абмеркаваць з ім асабістыя пытанні. Ды і сама абстаноўка да гэтага заахвочвала: праходзіла гэта на прыкасцельным пляцы, дзе прама перад уваходам у храм быў пастаўлены стол з пачастункамі. А яшчэ парафіяне частавалі ўсіх гасцей юшкай, якую зварылі прама тут каля касцёла.

У гэты ж час гурт “Вярба” парадаваў усіх сваімі песнямі, якія гучалі і на беларускай, і на польскай мовах. Спевы не абышліся без Эміліі Шавэла, якая і тут брала самы актыўны ўдзел. А яшчэ трэба адзначыць, што ансамбль не толькі выступіў перад вернікамі, але і ўпрыгожыў сваім спевам Літургію.

Для мясцовых вернікаў прыезд біскупа стаў сапраўдным святам. Як адзначыла парафіянка Вольга Пяткевіч: “Я студэнтка, вучуся ў Мінску, там хаджу ў маленькую каплічку. І калі я прыехала дадому і ўбачыла нашага біскупа Алега, то гэта для мяне стала радасцю і значнай падзеяй на маіх канікулах. Таксама гэта вялікае шчасце не толькі для мяне, але і для маёй сям’і. Таму мы разам з мамай і прыйшлі на гэту Імшу”.

Вернікі запрасілі біскупа часцей бываць у іх храме, тым больш, што ён нарадзіўся і вырас непадалёк ад Дрысвятаў, у Браславе. А гэта яшчэ адна нагода для вернікаў, каб ганарыцца сваім земляком.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку