Біскуп Алег Буткевіч наведаў наваполацкую парафію з пастырскай візітацыяй (+відэа)

novapolack_vizitacyja03

Біскуп Алег Буткевіч: «Кожны з нас – гэта цуд Божы». Гэтыя словы кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі прамовіў 9 кастрычніка падчас візітацыі ў Наваполацку.

Іерарх падкрэсліў, што ён прыехаў у Наваполацк з пачуццём радасці і хвалявання, бо менавіта тут 16 гадоў таму ён распачаў сваю святарскую службу ў якасці вікарыя. Дарэчы, пробашчам парафіі ў той час быў ксёндз Аляксандр Чайкоўскі, які і зараз кіруе парафіяй у Наваполацку.

— Тады я нават не спадзяваўся, — сказаў ва ўступным слове біскуп, — што праз 16 гадоў я прыеду сюды да свайго былога пробашча з візітацыяй у сане біскупа. Але, відаць, Пан Бог вялікі жартаўнік, калі так сталася.

Пробашч парафіі ксёндз Аляксандр у сваю чаргу заўважыў, што гэта добры знак для наваполацкай парафіі, што менавіта з яе пачынаюць сваё святарскае служэнне будучыя кіраўнікі Каталіцкага Касцёла.

Дарэчы, калі тут пачынаў служыць ксёндз-вікарый Алег Буткевіч, сучаснага храма яшчэ не было. На яго месцы быў толькі вырыты катлаван. Зараз жа ў Наваполацку над Дзвіной стаіць прыгожая святыня. І ў гэтым вялікая заслуга пробашча парафіі ксяндза Аляксандра Чайкоўскага.

Святая Імша ў Наваполацку пачалася а 12 гадзіне, яе ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. Напачатку ён асвяціў вернікаў святой вадой. Варта адзначыць, што святыня была ў гэты дзень цалкам запоўненая парафіянамі.

novapolack_vizitacyja16

У сваім слове да прысутных біскуп звярнуў увагу на наша ўспрыманне Божых цудаў. Шмат якія рэчы, якія з намі адбываюцца ў штодзённым жыцці, мы лічым звычайнымі, паўсядзённымі, не бачачы ў іх Божага промыслу. Мы чакаем ад Бога цудаў, маючы на ўвазе нешта незвычайнае. А цуды – яны побач! Кожны з нас паасобку – гэта таксама цуд Божы.

У якасці прыкладу біскуп прывёў словы Евангелля, што прагучалі падчас Імшы, пра аздараўленне Езусам дзесяці пракажоных. І толькі адзін з іх падзякаваў Езусу за сваё выздараўленне, а дзевяць палічылі гэта звычайнай справай.

Іерарх адзначыў, што шмат хто ўспрымае сённяшні свет як вынік эвалюцыі, якая развіваецца выпадкова. «Але разбярыце гадзіннік , а потым чакайце, калі гэтыя часткі зноў выпадкова збяруцца ў цэлы механізм, — адзначыў іерарх. – Можна чакаць мільёны гадоў, але гадзіннік не пойдзе, бо трэба майстра. Так і з узнікненнем свету, тут патрэбна была вышэйшая воля».

Біскуп таксама заклікаў не карыстацца паслугамі розных знахараў, экстрасэнсаў, бо невядома якой сілай яны карыстаюцца. І хутчэй за ўсё, не Божай. А мы павінны ў першую чаргу дбаць пра збаўленне сваёй душы, бо яна створаная для вечнасці.

Напрыканцы гаміліі біскуп заклікаў не палохацца сваіх памылак, выпраўляць іх і далей крочыць па жыцці.

Пасля казання кіраўнік дыяцэзіі ўдзяліў сакрамант канфірмацыі, або хрысціянскай сталасці, некалькі дзясяткам вернікаў.

novapolack_vizitacyja24

Радуе тое, што гэты сакрамант прыняло шмат маладых людзей, ды і наогул, моладзі ў святыні было шмат. Нездарма ж Наваполацк называюць моладзевым горадам!

novapolack_vizitacyja32

Напрыканцы Імшы ў касцёле былі асвечаныя новыя абраз у галоўным алтары, стацыі Крыжовага шляху, крыж пры ўваходзе ў святыню і барэльефы на ўваходных дзвярах.

Закончылася ж богаслужэнне спевам гімна «Магутны Божа».

Зміцер Лупач, тэкст і фота;
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі