Біскуп Алег Буткевіч наведаў капліцу ў вёсцы Кіякова (+відэа)

kiakova_vizitacyja-biskupa-alega01Гэта святыня знаходзіцца ў Параф’янаўскай парафіі Докшыцкага дэканату. Падзея адбылася ў нядзелю 30 кастрычніка падчас візітацыі біскупа ў парафію Імя Панны Марыі ў Параф’янаве.

Капліца на могілках у вёсцы Кіякова была пабудавана напачатку ХХ стагоддзя панамі Кіякоўскімі. Пад капліцай знаходзіўся сямейны склеп сям’і Кіякоўскіх.

Нягледзячы на даволі малады для храма ўзрост, капліца зведала на сваім вяку шмат драматычных падзей. На самым пачатку Другой сусветнай вайны палякі ўсталявалі на даху капліцы кулямёт, калі абараняліся ад наступаючай Чырвонай Арміі. Сцены капліцы былі пасечаны кулямі, былі разбітыя вокны, а вось абраз Маці Божай, выкананы ў выглядзе вітража, ацалеў. Вернікі лічаць гэта праявай Божай любові да гэтага месца.

Пасля вайны, у гады ваяўнічага атэізму, капліца стаяла закінутая. Нядобрыя людзі, шукаючы золата, павыцягвалі з пахавальнага склепу парэшткі паноў Кіякоўскіх, і доўгі час гэтыя косці проста валяліся на падлозе.

Але ў 90-х гадах мінулага стагоддзя капліца была адноўлена і зараз у ёй праводзяцца богаслужэнні. На жаль, сельскае насельніцтва імкліва змяншаецца і зараз шмат тых, хто прымаў удзел у адраджэнні капліцы, ужо няма сярод нас. Таму прывітаць біскупа сабралася каля двух дзесяткаў чалавек, для якіх прыезд такога высокага госця стаў значнай падзеяй.

kiakova_vizitacyja-biskupa-alega14

Святую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі ксёндз Раман Мурзіч, а біскуп Алег Буткевіч прамовіў слова да вернікаў.

У гаміліі ён паразважаў над словамі Евангелля, дзе гаворыцца пра падзею, якая адбылася ў Ерыхоне. Кіраўнік мытнікаў Закхей, будучы малога росту, залез на дрэва, каб убачыць Езуса. Ён палічыў сябе нявартым наблізіцца да Яго, бо зборшчыкаў падаткаў не паважалі ў народзе. Але Езус, убачыўшы Закхея, загадвае яму спусціцца з дрэва і выказвае жаданне абедаць у яго. Гэта выклікае незадавальненне ў народа, маўляў, чаму Настаўнік збіраецца ісці ў дом грэшніка.

Мы таксама, адзначыў біскуп Алег, у нечым падобныя да Закхея. І зараз тыя, хто верыць у Бога, не павінны баяцца выглядаць дзіўна ў вачах іншых людзей. Нам патрэбна вучыцца мужна вызнаваць сваю веру. І ўсе змены да лепшага, падкрэсліў іерарх, трэба пачынаць з сябе:

— Мы, вядома, не зменім гэтага свету, не зменім іншага чалавека, нават сваіх самых найбліжэйшых людзей, нават дзяцей, але калі зменім сябе, калі станем хоць крыху лепшымі, мы гэтым змяняем свет. І гэта наш уклад у выратаванне гэтага свету.

Біскуп таксама засяродзіўся на тэме алкагалізму і наркаманіі, якая ў наш час стала вялікім сацыяльным злом. Вельмі часта блізкія людзі, самі таго не жадаючы, спрыяюць таму, што чалавек усё больш патрапляе ў пастку гэтай залежнасці. Напрыклад, калі мужчына напіваецца, то назаўтра маці або жонка яго пашкадуюць, дадуць яму паесці, можа нават і чарку наліюць, а гэта ніяк не спрыяе імкненню чалавека пазбавіцца ад гэтай дрэннай звычкі.

Наадварот, чалавек на заўтра павінен усвядоміць, што ён зрабіў дрэнна, што з-за гэтага пацярпелі яго блізкія, тады, магчыма, хоць на дзесяты раз ён усвядоміць, што робіць дрэнна і будзе старацца выправіцца.

kiakova_vizitacyja-biskupa-alega08

Напрыканцы Імшы біскуп блаславіў вернікаў, пасля чаго падзякаваў за сардэчны прыём. Ён адзначыў, што некалькі разоў бачыў гэту капліцу, калі як святар хадзіў з пілігрымкамі ў Будслаў, а вось у саму капліцу патрапіў у першы раз.

Ксёндз Раман узгадаў, што яшчэ некалькі гадоў таму капліца была схаваная ў дрэвах, і ён, калі ў першы раз ехаў сюды на Імшу, не адразу яе знайшоў. Зараз па яго ініцыятыве на могілках быў наведзены парадак, старыя дрэвы былі зрэзаныя, цяпер справа за тым, каб знайсці сродкі на рамонт самой капліцы.

З Кіякова біскуп разам з ксяндзом Раманам накіраваўся ў вёску Сітцы, дзе наведалі Дом Міласэрнасці.

Дырэктар установы Генадзь Межыеўскі вельмі гасцінна сустрэў высокага госця. Ён распавёў, што зараз у Доме знаходзіцца 14 чалавек, а ўсяго ён можа прыняць 25 асоб. Біскуп Алег і ксёндз Раман паразмаўлялі з насельнікамі Дома, пачаставалі іх слодычамі.

Біскуп удзяліў усім бласлаўленне і падараваў Дому кніжку Папы Францішка “Імя Бога – Міласэрнасць”, якая выйшла ў гэтым годзе на беларускай мове.

У кастрычніку гэтага года біскуп Алег і архімандрыт Сяргей Гаек уручылі асобнік кнігі Папу Францішку падчас свайго візіту ў Апостальскую сталіцу.

Напрыканцы сустрэчы кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі падзякаваў за гасцінны прыём і пажадаў надалей плённа працаваць на карысць людзям.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку