Біскуп Алег Буткевіч наведаў з візітацыяй парафіі ў Задарожжы, Чарневічах і Прошкаве (+відэа)

Падзея адбылася ў нядзелю 10 чэрвеня.

Пробашчам у гэтых парафіях з’яўляецца ксёндз Эдвард Нарадоўскі, таму галоўная святая Імша пачалася а дванаццатай гадзіне ў Задарожскім касцёле. Святочны настрой панаваў не толькі сярод вернікаў, але і ў самой прыродзе, бо надвор’е ў гэты дзень было проста цудоўнае.

— Сёння ў нас вялікая ўрачыстасць. Мы сустракаем нашага шаноўнага біскупа Алега Буткевіча, які ўжо не першы раз завітаў у нашу парафію. І вось мы вельмі-вельмі рады і ўдзячны Пану Богу , што наш касцёл існуе, што мы сюды ходзім, молімся, і што нас наведваюць такія людзі, — падзялілася сваёй радасцю верніца парафіі Марына Хрол.

Урачыстасці падзеі надавала і тое, што дваццаць пяць вернікаў з гэтых трох парафій збіраліся прыняць сакрамант канфірмацыі.

— У гэтым касцёле мяне хрысцілі, тут мая радзіма. Таму прыемна, што ў гэты дзень такая падзея асаблівая як бежмаванне. У мяне яшчэ хрэснікі з’явяцца, якія свядома да гэтага ідуць. Прыемны момант, які нібы і бударажыць знутры, і супакой дае, — адзначыў парафіянін Валерый Мацюшонак, які збіраўся быць сведкам у двух кандыдатаў да канфірмацыі.

Вернікі сустрэлі свайго пастыра перад касцельнай брамай. Іерарху ўручылі хлебны каравай і букет белых ружаў. Пастыр адзначыў, што гэтыя кветкі з’яўляюцца сімвалам прыгажосці сэрцаў вернікаў. Задарожская парафія – асаблівая, бо тут амаль паўстагоддзя працаваў святар Люцыян Паўлік.

— Гэта была адна з нешматлікіх парафій, дзе ў часы пераследу быў адчынены касцёл, быў святар. І шмат людзей з розных куткоў нашай краіны прыязджала сюды, каб атрымаць сакраманты, паспавядацца, паяднацца з Богам, пахрысціць дзяцей, узяць шлюб, — адзначыў біскуп Алег.

Вернікі таксама памятаюць айца Люцыяна і ганарацца тым, што ён працаваў у іх парафіі.

— Гэта быў асаблівы чалавек. Па-першае, ён і вянчаў, і хрысціў. Мяне, маіх дзяцей хрысціў. Запомніўся ён толькі з добрага боку, быў выдатны чалавек, — кажа Валерый Мацюшонак.

Марына Хрол адзначае, што ўплыў працы гэтага святара адчуваецца і да сённяшняга дня:

— Уплыў ёсць. Ёсць вернікі, якія шмат год ходзяць. Ёсць жанчыны, каторым ужо і восемдзесят пяць, і дзевяноста год, але яны ўсё адно прыходзяць. Яны вядуць сюды сваіх унукаў, сваіх дзяцей, прыводзяць праўнукаў. Мы вельмі даражым сваёй святыняй, ходзім сюды, і вельмі рады сёння за гэта.

З вернікамі згодзен і пробашч парафіі ксёндз Эдвард:

— Гэта вельмі адчуваецца заўсёды, калі ўваходзіш у дамы, заўсёды бачна, што ў дамах абразы вісяць, захаваліся традыцыі, такія як малітвы ў дамах, маёвыя набажэнствы, чэрвеньскія… З вялікай павагай адносяцца да святара, называюць заўсёды “Ойчанька”. Адчуваецца сярод гэтых людзей такая павага да Касцёла, павага да святара і любой і вялікая вера да Пана Бога.

Пасля ўрачыстай сустрэчы біскуп акрапіў вернікаў святой вадой і ўрачыста ўвайшоў у храм. Ксёндз Эдвард Нарадоўскі прывітаў віцебскага ардынарыя і распавёў пра гісторыю парафіі і касцёла ў Задарожжы.

Драўляны храм пачаў тут будавацца яшчэ ў канцы  XVI стагоддзя. Фундатарам будаўніцтва быў сам кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІІ. Касцёл быў асвечаны ў 1601 годзе. Драўляная святыня перажыла некалькі перабудоў і прастаяла трыста гадоў.

У велікодную ноч 1902 года яна была знішчана ў выніку пажару. Тагачасны пробашч парафіі ксёндз Антон Валентыновіч пачаў збор грошай на будаўніцтва новага касцёла. Сродкі збіраліся на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Беларусі. Архітэктарам будаўніцтва выступіў Антон Дубовік з Вільні. І вось у 1910 годзе храм быў асвечаны.

З 1957 па 2005 год пробашчам парафіі з’яўляўся ксёндз марыянін Люцыян Паўлік. Дзякуючы яго працы касцёл удалося захаваць, ён не быў зачынены ў часы ваяўнічага атэізму. Айцец Люцыян быў вядомы далёка за межамі сваёй парафіі, да яго ехалі вернікі з розных парафій Беларусі і нават Расіі.

Апошняя візітацыя ў Задарожжы была ў 2005 годзе, у 2010 годзе храм адзначыў стагоддзе ад сваёй пабудовы. На гэту ўрачыстасць прыязджаў тагачасны віцебскі ардынарый біскуп Уладзіслаў Блін.

Цяперашні пробашч парафіі ксёндз Эдвард служыць тут з 2007 года. Для яго гэта першая кананічная візітацыя:

— Візітацыі тут не было з 2005 года. Хоць у 2010 годзе мы адзначалі стагоддзе касцёла, і Імшу цэлебраваў біскуп Уладзіслаў Блін. Але такая кананічная візітацыя ў мяне як пробашча, як святара яна першая. Я працую пробашчам тут адзінаццаць гадоў, але так атрымалася, што яна была першая. Гэта вельмі важная, вельмі  радасная падзея, і я моцна яе перажыў. Гэта прыезд біскупа, наступніка апосталаў, нашага пастыра.

На парафіяльную ўрачыстасць прыбыў таксама глыбоцкі дэкан ксёндз Мікалай Ціхановіч. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. На яе пачатку ён адзначыў, што для яго візіт у гэту парафію – вялікая радасць і гонар. Дзякуючы ахвярнай працы ксяндза Люцыяна Паўліка гэты храм збіраў тых, хто шукаў Бога ў сваім жыцці. Іерарх выказаў падзяку ўсім нашым продкам, што перадалі нам, сваім нашчадкам, дар веры.

На пачатку Імшы вернікі разам са святарамі прачыталі малітву аб заступніцтве Дзевы Марыі.

Падчас богаслужэння ксёндз Эдвард звярнуўся да біскупа Алега з просьбай удзяліць вернікам сакрамант канфірмацыі. Ардынарый адзначыў, што ён вельмі рады ўдзяліць вернікам гэты сакрамант, каб моц Духа Святога дзейнічала праз гэтых людзей.

У сваім слове да кандыдатаў і ўсіх вернікаў біскуп Алег звярнуў увагу на тое, каб не забываць свой матэрыяльны і духоўны скарб. Нам трэба паглыбляць сваю веру і перадаць яе нашчадкам, як у свой час мы атрымалі яе ад сваіх продкаў. Сёлета ў дзяржаве адзначаецца Год малой радзімы. Мы як вернікі таксама павінны памятаць пра сваю малую радзіму, наведваць тыя храмы, дзе мы ўпершыню пазналі Бога, і клапаціцца пра тое, каб яны не былі пустыя.

Іерарх таксама паразважаў над дзеяннем Духа Святога ў нашым жыцці. Ён параўнаў яго дзеянне з вадой, якая надае жыццёвую сілу зярнятку. Без вады яно засохне, так і нашы душы засохнуць без Духа Святога. Ардынарый так выказаўся пра дзеянне Духа Святога:

— Бог ёсць любоў. Дух Святы ёсць духам любові, ён запрашае нас да ўдзелу ў гэтай любові розным чынам. Там, дзе ёсць прабачэнне, дзе ёсць павага да іншага чалавека, будзе праяўленне Духа Святога. Можа мы гэта не заўсёды ўсведамляем, але гэта сапраўды так ёсць. Там, дзе чалавек адкрыты на гэту ласку, дзе яе шукае, імкнецца паглыбіць сваю веру, там заўсёды будзе прысутнічаць дзейнасць Святога Духа. А тым больш, калі чалавек свядома просіць Яго ласкі і Яго прысутнасці.

Пасля гэтага біскуп удзяліў сакрамант канфірмацыі, або хрысціянскай сталасці, дваццаці пяці вернікам з Задарожскай, Чарневіцкай і Прошкаўскай парафій. У пераважнай большасці гэта былі маладыя людзі, якія толькі пачынаюць свой шлях у жыцці. І вельмі добра, што робяць яны гэта з Богам.

Потым адбылася працэсія з дарамі, падчас якой да алтара прынеслі кветкі, садавіну і гародніну, ваду, віно і гостыю.

Напрыканцы Імшы вернікі падзякавалі біскупу Алегу за ўдзелены сакрамант, а ксяндзу Эдварду – за падрыхтоўку да яго прыняцця.

Ксёндз Эдвард не хаваў сваёй радасці з таго, што вернікі атрымалі Дары Духа Святога:

— Наша моладзь, якая рыхтавалася падчас катэхезы атрымала першы раз Духа Святога. Для мяне гэта вялікая радасць, вельмі прыгожы ўнутраны настрой, бо гэта дзень вялікай-вялікай Ласкі Божай.

Пробашч заклікаў усіх вернікаў кожную нядзелю ўдзельнічаць у святой Імшы:

— Маем Божыя загады, Божыя запаведзі, іх ёсць дзесяць. Трэцяя Божая запаведзь: святкуй дзень святы. Гэта значыць праслаўляй Пана Бога. І загады Касцёла маем, у нядзелю і святы пабожна ўдзельнічай у святой Імшы.

На заканчэнне богаслужэння іерарх удзяліў вернікам божае блаславенне. Пасля гэтага ўсе, хто атрымаў у гэты дзень сакрамант канфірмацыі, мелі магчымасць зрабіць здымак з біскупам Алегам.

Пасля Імшы ардынарый сустрэўся з парафіяльнай радай.

Зараз насельніцтва ў сельскай мясцовасці імкліва змяншаецца. Таму перад грамадствам і вернікамі паўстае пытанне: “Што будзе са старажытнымі велічнымі храмамі, якія збудавалі некалі нашы продкі на хвалу Божую?” Біскуп Алег адказаў на гэта так:

— Зараз змяншэнне папуляцыі, пераход насельніцтва ў гарады, гэта чарговае выпрабаванне. Не ведаю, якім чынам, але думаю, што Пан Бог захавае гэтыя святыні. І спадзяюся, што не будзе так, што трэба будзе іх зачыняць. Думаю, што нейкая частка насельніцтва застанецца. Нават тыя, хто выехаў, будуць сюды вяртацца. Бо гэта зямля з’яўляецца нашымі каранямі. А карані – гэта наша вера, яны заўсёды будуць прыцягваць да сябе людзей. Таму думаю, што гэтыя касцёлы будуць захаваныя і надалей будуць спаўняць сваю ролю. 

Што ж, застаецца пагадзіцца з іерархам і выказаць надзею, што нашы святыні будуць і надалей спаўняць сваю ролю, і ў іх будзе ўзносіцца хвала Богу.

Зміцер Лупач, тэкст і фота

Леанід Юрык, відэа

 

для друку для друку