Біскуп Алег Буткевіч наведаў Парыж з пастырскай візітацыяй (+відэа)

Візіт ардынарыя адбыўся ў нядзелю, 27 мая.

Гісторыя парафіі Святога Юзафа Рамесніка ў Парыжы Пастаўскага дэканату распачалася ўжо ў ХХІ стагоддзі, яна ўтвораная дзякуючы працы светлай памяці ксяндза Юозаса Булькі.

Вернікі па традыцыі сустрэлі свайго пастыра перад уваходам у святыню. Святая Імша распачалася а дзявятай гадзіне, яе ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч.

Хаця парафія ў Парыжы невялікая, яна не мае свайго хору, але вернікі сваім дружным спевам сведчылі, што іх не абавязкова ствараць адмысловы калектыў.

На пачатку богаслужэння біскуп прывітаў усіх вернікаў, павіншаваў іх са святам Тройцы, якое адзначалася ў гэты дзень. Даведаўшыся, што на ўрачыстасці прысутнічаюць госці з Паставаў і Мінска, якія паходзяць з гэтай мясцовасці, іерарх прыгадаў, што заўсёды трэба памятаць пра сваю малую радзіму і прыязджаць сюды часцей. Тым больш, што ў гэтым годзе на гэта звяртае ўвагу і наша дзяржава.

Пробашч парафіі ў Парыжы кс. Антон Лагунёнак звярнуўся да іерарха з просьбай удзяліць сакрамант канфірмацыі сямі мясцовым вернікам. Атрымаўшы адказ, што кандыдаты належным чынам падрыхтаваныя і ўдзельнічалі ў слуханні Божага Слова, біскуп звярнуўся са словам да прысутных.

Іерарх звярнуў увагу на дзеянні Духа Святога. «Так, мы Яго не бачым, але ж мы не бачым і радыёхвалі, якія нас акружаюць, тым не менш, мы ведаем, што яны ёсць», — адзначыў біскуп Алег. Ён таксама зазначыў, што кожны чалавек мае розум, але мы не можам яго ні ўзважыць, ні памацаць. Таму розум і сумленне чалавека закладзеныя ў нас Творцам.

Ардынарый звярнуў увагу вернікаў на мэту стварэння чалавека. Ён адзначыў, што Бог стварыў чалавека для шчасця, бо інакш існаванне чалавека губляе свой сэнс. Бог – гэта Любоў. У гэтай сувязі біскуп прывёў прытчу пра вяртанне блуднага сына. Калі той вяртаецца, згубіўшы ўсё, што атрымаў у спадчыну, бацька ўсё адно яму даруе і сустракае яго, як лепшага госця. Так і Бог, Ён нас любіць як Айцец, і радуецца, калі мы навяртаемся.

«Шукайце праўды, і яна вас вызваліць», — заклікаў вернікаў біскуп.

Потым біскуп удзяліў сакрамант канфірмацыі сямі кандыдатам.

Напрыканцы Імшы Галіна Іваноўская ад імя вернікаў, што прынялі сакрамант хрысціянскай сталасці, выказала  падзяку біскупу Алегу і ксяндзу Антону.

Ардынарыйу сваю чаргу заклікаў вернікаў да малітвы, бо гэта падмурак нашай веры: “Асабліва заклікаю вас, жанчыны, маліцца за нашых мужчын, каб больш было іх у нашых храмах”.

А завяршылася ўрачыстасць агульным здымкам на прыступках святыні.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку