Біскуп Алег Буткевіч наведаў парафіяльны фэст на мінскай Кальварыі

14 верасня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Мінску (Кальварыя) адзначылі парафіяльны фэст. Менавіта пад гэтым тытулам святыня была асвечаная ў 1842 годзе.

Цэнтральную святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. На пачатку набажэнства са словамі прывітання і віншаваннямі да іерарха звярнуліся наймалодшыя парафіяне.

У адказ біскуп выказаў удзячнасць Хрысту за магчымасць знаходзіцца і маліцца ў касцёле на Кальварыі, а таксама прыгадаў 1989 год, калі студэнтам наведваў гэту святыню.

Падчас Імшы была ўрачыста бласлаўлёная амбона, якая была вырабленая і ўсталяваная на сродкі сям’і Гайдук.

“Дзякуем Табе, Божа, што Ты паклікаў людзей з цемры на Тваё цудоўнае святло. Просім, каб голас Твайго Сына гучаў у нашых вушах, а мы, паслухмяныя Святому Духу, былі не толькі слухачамі Слова, але і шчырымі яго выканаўцамі”, — маліўся біскуп.

У гаміліі іерарх адзначыў, што знак крыжа зноў вяртаецца ў наша жыццё, і кожны, не хаваючыся, можа насіць гэты знак збаўлення. Паводле слоў біскупа, у любой складанай сітуацыі варта ў першую чаргу звяртацца да Хрыста, давяраючы Яму невырашальную на першы погляд праблему.

“Бог ёсць любоў. Мы павінны разумець сэнс падзей, якія з намі адбываюцца. Гэта сапраўды прынясе нам палёгку. Ва ўсім ёсць Божы сэнс”.

На заканчэнне ўрачыстай Імшы біскуп благаславіў прынесеныя вернікамі крыжы.

Пасля Эўхарыстыі ў касцёле адкрылася выстаўка, прысвечаная абароне жыцця, на тэму «Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці». Экспазіцыю выстаўкі адкрыў намеснік дырэктара дабрачыннага фонда «Адкрытыя сэрцы» Іван Пузанаў, тэолаг, клінічны псіхолаг і сямейны кансультант.

Ганна Харашчо, тэкст, 
Раман Зінкевіч, Станіслаў Яхімовіч, фота, 
Catholic.by

для друку для друку