Біскуп Алег Буткевіч: Мне асабіста вельмі хочацца, каб гэты спеўнік як хутчэй пабачыў свет

“Каталіцкі Веснік” ужо пісаў пра пытанне з выданнем беларускага касцельнага спеўніка. Нядаўна стала вядома, што адказным за гэту справу прызначаны біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, які з’яўляецца віцэ-старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

Падчас біскупскай візітацыі ў Друі “Каталіцкі Веснік” задаў пытанне біскупу Алегу наконт выдання агульнабеларускага спеўніка.

Іерарх адказаў: «Мне асабіста вельмі хочацца, каб гэты спеўнік як хутчэй пабачыў свет. Дарэчы, гэта было вялікай марай ксяндза Тадэвуша Вышынскага. Незадоўга да яго смерці мы размаўлялі са светлай памяці ксяндзом Тадэвушам, які прымаў вельмі актыўны ўдзел у яго падрыхтоўцы. Я добра памятаю яго словы :”Ці я змагу ўбачыць гэты спеўнік пры сваім жыцці?”. На жаль, гэтага не адбылося, таму лічу сваім абавязкам па меры магчымасці прыспешыць выданне гэтага спеўніка. Трэба адзначыць, што на апошняй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў гэта пытанне было паднятае і спадзяюся ў хуткім часе гэта дасць свой плён, і гэты спеўнік нарэшце будзе выдадзены. Я думаю, што для нашага духоўнага жыцця гэта будзе вялікім крокам наперад, бо гэта дазволіць упрыгожыць і аб’яднаць Літургію. Людзі з розных парафій, з розных рэгіёнаў змогуць тады маліцца сугучным спевам, праслаўляючы Пана Бога.»

Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку