Біскуп Алег Буткевіч асвяціў капліцу ў Доме састарэлых у Віцебску (+відэа)

Падзея адбылася ў чацвер, 19 кастрычніка.

На ўрачыстасць прыбылі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, канцлер дыяцэзіі ксёндз Віктар Місевіч, пробашч парафіі святога Антонія ў Віцебску ксёндз Вячаслаў Барок, вікарый гэтай парафіі ксёндз Аляксей Ляшко, які апякуецца гэтай капліцай, сёстры, супрацоўнікі гэтай сацыяльнай установы, валанцёры і, зразумела, самі жыхары гэтага Дома, для якіх і прызначана капліца.

Напачатку Імшы ксёндз Аляксей Ляшко прывітаў усіх прысутных і падзякаваў кіраўніцтву Дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў за магчымасць адкрыць тут каталіцкую капліцу Яна Божага. Ён, у прыватнасці, адзначыў:

— Гэта вельмі значная падзея для гэтага месца, бо мы жывём у свецкай дзяржаве, і вось у дзяржаўнай установе, у Доме састарэлых з’явілася магчымасць адкрыць каталіцкую капліцу святога Яна Божага. Тут зараз пражывае каля шасцісот чалавек, з якіх католікаў чалавек пятнаццаць – дваццаць. Таму гэта падзея вельмі важная і для горада Віцебска, і для Віцебскай дыяцэзіі асабліва.

У сваім прывітальным слове біскуп Алег Буткевіч зазначыў, што ён яшчэ не так даўно служыў тут як святар і нават не думаў, што самому прыйдзецца асвячаць гэту капліцу. Але Бог кіруе нашымі справамі.

— Асвячэнне святыні заўсёды мае вялікае значэнне для Каталіцкага Касцёла. Для мяне асабліва гэта важны момант, бо давялося даволі вялікі час працаваць у гэтай парафіі і прыходзіць у гэту капліцу. Мне было прыемна сустрэць тут людзей, для якіх мне давялося тут служыць. Таму для мяне ў пэўным сэнсе гонар асвяціць гэта месца, – падкрэсліў іерарх.

У сваім слове да вернікаў біскуп адзначыў, што хаця гэта падзея можа і не мае глабальнага значэння, але яна вельмі важная для Каталіцкага Касцёла, бо яшчэ адно месца стала прысвячацца Богу. Храм – гэта знак, дзе прабывае Бог, гэта сімвал душы чалавека.

Іерарх узгадаў часы ваяўнічага атэізму, якія людзі старэйшыя добра памятаюць, калі разбураліся храмы і нельга было свабодна вызнаваць веру. Але брамы пякельныя не перамогуць Хрыстовага Касцёла. Бог не дазваляе доўга зневажаць сваё Імя. І зараз святыні ствараюцца нават у тых будынках, якія першапачаткова для гэтага не прызначаліся.

«Без веры няма сэнсу чалавечага цярпення, — звярнуўся біскуп да людзей старэйшага веку. – А з Езусам нават смерць не з’яўляецца страшнай. Гэта брама, пераход у іншы свет».

Ардынарый выказаў надзею, што гэта капліца стане яшчэ адным месцам, дзе чалавек зможа пазнаваць праўду веры.

Пасля казання біскуп асвяціў алтар і сцены капліцы, пасля чаго распачаўся абрад Эўхарыстыі.

Напрыканцы Імшы ксёндз Аляксей падзякаваў біскупу за асвячэнне гэтага месца, а ўсім святарам, сёстрам і вернікам за прысутнасць на гэтай падзеі. У знак удзячнасці ён падараваў абраз святога Яна Божага дырэктару Дома-інтэрната Святлане Саннікавай, а таксама брату Эмануэлю, які належыць да ордэна Баніфратраў, і прыехаў на гэту ўрачыстасць з Польшчы.

Брат Эмануэль нарадзіўся ў Мінску, ён паходзіць з праваслаўнай сям’і. Пасля заканчэння медыцынскага ўніверсітэта адчуў у сабе пакліканне, стаў католікам, уступіў у ордэн баніфратраў і зараз нясе службу ў Польшчы.

— Не шкадую, што ў свой час паехаў у Польшчу, але спадзяюся, што будзе магчымасць вярнуцца ў Беларусь. І мне, здаецца, што Бог гэтага хоча, — паведаміў ён для «Каталіцкага Весніка».

Заснавальнікам манаскай супольнасці баніфратраў з’яўляецца святы Ян Божы, пад тытулам якога і была асвечаная гэта капліца.

Святы Ян Божы нарадзіўся 8 сакавіка 1495 года ў Партугаліі. Спачатку быў пастухом і вёў спакойны лад жыцця, але потым вырашыў уступіць у войска і апынуўся ў Афрыцы, дзе прабыў некаторы час. У 1539 годзе перажыў навяртанне. Праз год вырашыў апекавацца беднымі, хворымі і разумова адсталымі, для чаго заснаваў уласны шпіталь, у якім лекарскую дапамогу дапаўняў духоўным клопатам. Святы лічыцца першапраходцам у галіне метадычнага дагляду хворых і псіхічнахворых. Святы з’яўляецца апекуном хворых, шпіталяў і санітараў, а таксама кнігагандлёўцаў і друкароў.

Ксёндз Аляксей асабліваю падзяку скіраваў да сястры Антоніі, якая апякуецца хворымі і гэтай капліцай. Святар адзначыў, што ён прыходзіць сюды толькі на Імшу, а сястра бывае тут практычна кожны дзень:

— Сястра Антонія робіць вельмі вялікую працу. І тое, што мы сёння тут бачым, гэта дзякуючы яе працы. Сястра змагла знайсці спонсараў, якія далі грошы, каб памаляваць сцены, якія зафундавалі алтар, ды і, наогул, дапамаглі зрабіць усю гэту капліцу. Усё гэта дзякуючы штодзённай працы сястры Антоніі.

Сястра Антонія ў сваю чаргу таксама прадкрэсліла важнасць гэтай падзеі:

— Для мяне сённяшняя падзея мае вялікае значэнне. Пра людзей састарэлых мала паведамляюць у сродках масавай інфармацыі, бо гэта малацікавая тэма. Мне хацелася б, каб гэтыя людзі адчулі, што яны таксама важныя для Бога і іншых людзей. Таксама гэта важна для тых людзей, валанцёраў, што дапамагаюць мне даглядаць тут за састарэлымі людзьмі. Яны змаглі пабачыць, што іх праца таксама вельмі важная і патрэбная і для біскупа, і для Касцёла, і для людзей.

Такім чынам, 19 кастрычніка ў Віцебскай дыяцэзіі з’явілася яшчэ адно месца, дзе чалавек можа сустрэцца з Богам, што асабліва важна для людзей сталага веку, што пражываюць у Доме-інтэрнаце.

Зміцер Лупач,тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку