У Пальмавую нядзелю, 5 красавіка, біскуп Алег Буткевіч наведаў парафію Св. Уладзіслава ў мікрараёне Білева ў Віцебску і асвяціў падмуркі касцёла Св. Ігнацыя Лаёлы. Па зразумелых прычынах – праз пандэмію каранавірусу ў краіне – на ўрачыстым мерапрыемстве не было шмат вернікаў. Аднак тыя, што прыйшлі, не хавалі сваёй радасці.
Парафіянка Ганна Іванова сказала, што гэтага моманту ўсе чакалі вельмі даўно. Увесь час вернікі маліліся і збіралі ахвяраванні, каб нарэшце можна было распачаць будову святыні. Да гэтага часу з 2015 года св. Імшы адпраўляюцца ў арандаваным памяшканні, якое зусім невялікае і не можа задаволіць патрэбы маладой і актыўнай парафіі.
Пробашч парафіі Св. Уладзіслава а. Віктар Жук SJ зазначае, што асноўная мэта айцоў-езуітаў, якія апякуюцца парафіяй, – гэта душпастырская праца і рэлігійная адукацыя маладых сем’яў, што пражываюць у мікрараёне Білева. З выказваннем айца Віктара цяжка не пагадзіцца. Дастаткова кінуць позіркам на наваколле, каб пабачыць, як хутка ўзводзяцца шматпавярховікі, што ўшчыльную падбіраюцца да новага касцёла.
Архітэктурныя формы касцёла св. Ігнацыя будуць мець сучасны стыль. Мадэратар і эканом Віцебскай Курыі а. Клеменс Верт SJ – адказны за будаўніцтва касцёла – тлумачыць гэта некалькімі прычынамі. Па-першае, стыль мусіць гарманічна ўпісвацца ў навакольнае асяроддзе мікрараёна-навабуда. Па-другое, падчас планавання будаўніцтва неабходна было сыходзіць з таго, што вытанчаныя формы касцёла кшталту неаготыкі каштавалі б непараўнальна даражэй. Па-трэцяе, будынак касцёла павінен адпавядаць усім нормам сучаснага будаўніцтва і быць зручным для карыстання для ўсіх катэгорый парафіян. А гэта нашмат лягчэй ажыццявіць якраз-такі пры будаўніцтве святыні менавіта такой канструкцыі.
На пытанне адносна тэрмінаў айцец Клеменс выказвае надзею, што ў красавіку 2021 года ўдасца здаць аб’ект для публічнага карыстання. Пакуль што яшчэ рана казаць, як будзе выглядаць сам касцёл знутры, аднак дакладна можна ўяўляць сабе, што ён будзе зручны: малітоўная частка плошчай 274 квадратныя метры разлічана на 230 чалавек, а адміністратыўны блок прадугледжвае размяшчэнне класаў і залаў для заняткаў. Памеры ўсяго аб’екта – гэта 40,6 на 22,25 метраў. Будаўніцтва вядзецца за кошт ахвярадаўцаў.
Сама парафія Св. Уладзіслава існуе з 2008 г. За гэты час у ёй пастырскую апеку праводзілі дыяцэзіяльныя святары: кс. Андрэй Кулік, кс. Адам Дынак і кс. Віктар Місевіч. На сённяшні дзень парафіяй апякуюцца айцы-езуіты: а. Віктар Жук SJ, а. Станіслаў Памыкала SJ і а. Клеменс Верт SJ. Гэтым таксама тлумачыцца і тое, што касцёл будзе названы ў гонар св. Ігнацыя Лаёлы – заснавальніка ордэна айцоў-езуітаў. У сваёй адукацыйнай працы айцы абапіраюцца на багаты досвед ігнацыянскай духоўнасці, асновы якой паклаў менавіта гэты святы заступнік.
Кс. Віктар Місевіч, тэкст і фота
для друку