Біскуп Алег Буткевіч асвяціў адноўленыя могілкі польскіх жаўнераў у Дунілавічах (+ відэа)

На ўрачыстасці прысутнічалі Міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч, амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, святары, прадстаўнікі мясцовай улады, журналісты, мясцовыя жыхары.

Мерапрыемства распачалося ў Дзень Усіх Святых, 1 лістапада, у 13 гадзін са святой Імшы ў касцёле Святой Тройцы. Напачатку ўсіх прывітаў пробашч парафіі ксёндз Павел Самсонаў і папрасіў біскупа Алега ўзначаліць гэту святую Імшу.

Сваё слова да вернікаў іерарх прамаўляў на польскай і беларускай мовах. У ім ён заклікаў захоўваць мір, каб больш на нашай зямлі не паўтараліся трагедыі такога маштабу. Амаль сто гадоў таму тут праходзілі бітвы польска-савецкай вайны, у якіх вырашаўся лёс адроджанай польскай дзяржавы. Сярод тых, хто аддаў за гэта свае жыцці, былі і нашы землякі. І не важна, да якой нацыянальнасці яны сябе залічвалі, яны любілі гэту зямлю, баранілі свае сем’і і свае дамы. Таму і заслужылі таго, каб іх памяць была годна ўшанаваная.

Злачынны камуністычны рэжым не мог гэтага дараваць нават мёртвым, таму гэтыя могілкі былі разбураныя і прыйшлі ў заняпад. Толькі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя разам з адраджэннем веры на нашай зямлі пачалося аднаўленне і гэтых могілак. Зараз дзякуючы польскай падтрымцы яны займелі належны выгляд. З гэтай нагоды біскуп выказаў удзячнасць прадстаўнікам суседняй краіны.

Пасля богаслужэння ўрачыстая працэсія накіравалася на адноўленыя могілкі. Біскуп Алег Буткевіч блаславіў новы крыж і асвяціў магілы палеглых воінаў. Прадстаўнікі Польшчы і мясцовых уладаў усклалі вянкі і кветкі да помніка.

Да прысутных з кароткай прамовай звярнуўся Міністр замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч. Ён падзякаваў беларускім уладам за гэту магчымасць: напярэдадні стагоддзя аднаўлення польскай дзяржаўнасці, якое будзе адзначацца 11 лістапада, ушанаваць памяць тых, хто аддаў за гэта сваё жыццё.

Ад тых падзей прайшло ўжо сто гадоў, жыхары гэтай зямлі спазналі шмат драматычных падзей. Зараз гэта тэрыторыя Беларусі, якая ўжо чвэрць стагоддзя з’яўляецца незалежнай краінай, што імкнецца жыць у міры са сваімі суседзямі. Доказам гэтага і з’яўляецца сённяшняя падзея.

Мы павінны думаць не толькі пра мінулае, але найперш пра будучыню, — падкрэсліў Яцэк Чапутовіч, — пра тое, як будаваць добрасуседскія адносіны паміж беларусамі і палякамі.

Ён выказаў упэўненасць, што адносіны паміж нашымі дзяржавамі будуць паляпшацца.

Пасля міністра выступіў кіраўнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Даніленка. Ён звярнуў увагу на той факт, што падзея адбываецца ў дзень Усіх Святых, калі Каталіцкі Касцёл адзначае дзень памяці ўсіх памерлых. Міхаіл Раманавіч адзначыў важнасць тых гістарычных і культурных сувязей, што аб’ядноўваюць беларускі і польскі народы і выказаў спадзяванне, што яны будуць і далей умацоўвацца.

Напрыканцы ўсіх прысутных блаславіў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, а прадстаўнікі польскай меншасці з Беларусі выканалі “Марш Дамброўскага”, які з 1926 года з’яўлецца Гімнам Рэспублікі Польшча.

Зміцер Лупач, тэкст, відэа (здымка)
Леанід Юрык, фота, відэа (мантаж)

Больш фотаздымкаў тут

для друку для друку