Біскуп Алег Буткевіч адкрыў выставу жывапісных працаў у браслаўскім музеі і прымерыў вышыванку

У Браславе ў музеі традыцыйнай культуры 4 лютага адкрылася выстава жывапісных працаў з калекцыі настаяцеля парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі кс. Сяргея Сурыновіча. Усе працы – вынік другога Друйскага мастацкага пленэру “Пачаткі”, які адбыўся летась.

Як паведамляе Крыніца.info, выставу, якая склалася з 38-і працаў, адкрыў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч – браслаўчанін па народжанні. Ён прыехаў у родны горад адмыслова, каб паглядзець выставу і паразмаўляць з супрацоўнікамі музею і шматлікімі гледачамі пра повязь мастацтва зямных майстроў і мастацтва стварэння Госпадам свету, нагадаць, што дадзены звыш мастаку талент робіць яго сутворцам Нябёсаў.

“Не самае галоўнае – наколькі запатрабаваныя творы новых, маладых мастакоў сёння, наколькі поўныя гледачамі залі. Гэта праца і для нашчадкаў, для якіх мастакі адтворваюць абразкі навакольнага свету, захоўваючы традыцыі нацыянальнага мастацтва”, – падкрэсліў біскуп Віцебскі, які вельмі цікавіцца жывапісам і сам мае невялікую калекцыю працаў, натхнёных краявідамі Браслаўшчыны.

Браслаўчане знаёміліся з палотнамі пад гукі скрыпкі – кіраўнічка друйскага струннага аркестра Валянціна Казакевіч падрыхтавала адмысловую праграму для суправаджэння выставы.

Пасля ўрачыстай цырымоніі музейшчыкі запрасілі біскупа на чаяванне і падарылі яму вышываную кашулю, створаную рукамі майстрыхі Марыі Дворскай, і тканы пояс працы Наталлі Парахневіч, абедзве яны – супрацоўніцы музею. Асаблівую радасць гаспадароў музею выклікала згода біскупа Буткевіча прымерыць падарунак прама пры іх.

для друку для друку