Біблійны курс «Эмаўс» сабраў у Оршы тых, хто прагне пазнаць Слова

orsza_emaus10Евангелле ад Яна – адно з самых складаных і цікавых, захапляючае і інтрыгуючае – менавіта такую думку можна пачуць ад многіх хрысціянаў, якія вельмі мала цікавіліся Бібліяй. Так гэта ці не? Як і чаму Ян апавядае пра Хрыста? Якая сувязь са Старым Запаветам і як гэтую сувязь разумець у свеце Новага Запавета? На гэтыя і другія базавыя пытанні спрабавалі атрымаць адказы каля 40 чалавек у Оршы 26-28 лістапада на біблійным курсе “Эмаўс”, які арганізавалі і праводзілі Уладзіслаў Валаховіч і а. Аляксандр Жарнасек МІС.

Мала хто з удзельнікаў да гэтага ўікэнда быў на такога рода мерапрыемствах, таму цяжка паведаміць пра чаканні на пачатку курса, але хачу адзначыць адно самае галоўнае: у кожнага з нас адчувалася прагненне Слова, жаданне Яго пазнаваць. Менавіта таму было шмат дыскусій і пытанняў, часам супярэчнасцей і адкрыццяў.

Праграма курса была даволі насычанай: лекцыі, дзяленні, адарацыя, споведзь, асабістае чытанне. Разбор Слова ўключаў у сабе не толькі тэалагічны аспект, але таксама гістарычны, геаграфічны і філалагічны (не адзін раз вярталіся да грэчаскага ці лацінскага перакладу). Трэба адзначыць, што сам працэс патрабаваў шмат высілкаў як ад арганізатараў (і гэта лагічна), так і ад удзельнікаў. Гэта была сапраўдная праца, не толькі інтэлектуальная і разумовая, але часам і фізічная. Як адзін з удзельнікаў дзяліўся на сведчаннях: “Падчас працоўнага тыдня стомленасці менш, чым пасля гэтых двух дзён працы над Словам”.

orsza_emaus06

Нягледзячы на вялікую працу, шансаў разабраць Евангелле хаця б на 40% не было. І гэта не патрабавалася. Мэтай курса было – зрабіць “затраўку”, каб самастойна і паступова можна было адкрываць Жывога Бога зноў і зноў, а потым дзяліцца гэтымі пладамі з астатнімі і годна весці барацьбу са злом.

Пасля заканчэння курса засталіся дваякія пачуцці: з аднаго боку – атрымалі шмат інфармацыі, здаецца ужо “перагруз”, але з другога боку – прага пазнаваць Яго стала яшчэ больш, гэта як кінуць паліва ў вогнішча – ён разгараецца яшчэ хутчэй, так і з нашымі сэрцамі, якіх дакрануўся Дух Святы падчас курса. Што казаць, калі ўдзельнікі не змаглі проста так адпусціць арганізатараў курса, пакуль не падаравалі ім шчырыя і працяглыя апладысменты за гэты бласлаўлёны час.

Апошняй кропкай курса была так званая “торба з сабой” – спіс тэкстаў і кніг, якія пажаданна прачытаць і прапрацаваць самастойна. Гэта ўжо хатняя праца.

Ніхто не ведае што будзе далей, Дух дзейнічае там, дзе вырашыць Сам. А ўсе мы маем надзею і просім Бога, каб прынёс сапраўдны плён, згодна Яго волі. Ну і канешне, спадзяёмся сустракацца яшчэ не адзін раз на такіх спатканнях.

Андрэй Місан, тэкст і фота

для друку для друку