“Без Уваскрасення няма хрысціянства”. Арцыбіскуп Кандрусевіч скіраваў Велікоднае віншаванне вернікам Беларускай Праваслаўнай Царквы

Фота Віталія Палінеўскага (з архіву)

З нагоды галоўнай хрысціянскай урачыстасці Уваскрасення Хрыста, якое хрысціяне заходняй традыцыі адзначылі ў мінулую нядзелю, а праваслаўныя вернікі святкуюць 28 красавіка, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч кіруе ім сваё віншаванне.

Глыбокапаважаныя праваслаўныя браты і сёстры!

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

У радасную і збаўчую ўрачыстасць Уваскрасення Хрыста сардэчна вітаю вас і віншую з гэтам святам святаў!

Пасха ідзе па свеце, абвяшчаючы асноватворную праўду хрысціянскай веры аб тым, што Хрыстос сапраўды ўваскрос.

Без Уваскрасення няма хрысціянства. Яно з’яўляецца яго падмуркам і асновай.

Уваскрасенне Хрыста не толькі вярнула першапачатковы парадак у створаным Богам свеце, які з-за граху Адама і Евы перакуліўся з ног на галаву, але і ўзбагаціла яго збаўчаю ласкаю.

У наш складаны і супярэчлівы час нечуваных раней выклікаў, якія імкнуцца разбурыць маральныя асновы грамадства, нашыя Цэрквы — Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква — сумеснымі намаганнямі імкнуцца супрацьстаяць ім з мэтаю будавання цывілізацыі міру, згоды, любові і жыцця на агульным для ўсіх хрысціянаў непахісным падмурку, якім з’яўляецца праўда пра Уваскрасенне Хрыста з мёртвых.

Няхай Уваскрослы Збаўца благаславіць Беларускую Праваслаўную Царкву і ўсіх нашых праваслаўных суайчыннікаў на паспяховае выкананне яе дабрадатнай місіі весці Божы народ да духоўнага адраджэння.

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Ён — сярод нас!

З павагай,
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 27 красавіка 2019 г.

Catholic.by

для друку для друку