- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Бэнэдыкт XVI апублікаваў эсэ пра каталіцка-юдэйскі дыялог

[1]Бэнэдыкт XVI апублікаваў новае эсэ “Міласэрнасць і пакліканне без шкадаванняў”.

У апошнім нумары міжнароднага багаслоўскага часопіса «Communio» Папа на пенсіі разважае аб некаторых аспектах каталіцка-іудзейскага дыялогу, якія нават пасля Другога Ватыканскага сабора застаюцца прадметам дыскусій. Гаворка ідзе аб двух пытаннях: адмене “тэорыі замяшчэння”, згодна з якой абраны Богам Ізраіль быў заменены Касцёлам, і тэзе пра тое, што саюз паміж Богам і габрэямі ніколі не быў скасаваны. Абедзве лініі, піша Папа Ратцынгер, у агульных рысах правільныя, аднак яны маюць патрэбу ў далейшай крытычнай дапрацоўцы, паколькі ў многіх адносінах ім не хапае дакладнасці.

Артыкул уяўляе сабой паглыбленне даследаванне дакумента, апублікаванага ў 2015 годзе Камісіяй Апостальскай Сталіцы па рэлігійных сувязях з юдаізмам; Папа на пенсіі збіраецца прыдаць новы напрамак міжрэлігійным дыялогу ў 50-годдзе дэкларацыі Другога Ватыканскага сабора “Nostra Aetate” аб адносінах Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій.

У прадмове да артыкулу прэзідэнт Папскай рады па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох адзначае: Бэнэдыкт XVI перадаў яму сваю працу як асабістыя разважанні, не маючы намеру аддаваць яе ў друк. Але ўсё ж кардынал змог пераканаць Папу на пенсіі, і ён дазволіў апублікаваць сваю працу: па словах Курта Коха, разважанні Бэнэдыкта XVI — гэта важны ўклад “у паглыбленне багаслоўскага дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і юдаізмам”, які “заўсёды быў блізкі сэрцу” Ёзэфа Ратцынгера .

У сваёй працы Папа на пенсіі крытычна разглядае цяперашнія “стандарты” іудзейска-хрысціянскага дыялогу, роўна як багаслоўскія даследаванні аб адносінах паміж юдаізмам і хрысціянствам: ідэя аб тым, што Касцёл заняў сабой месца Ізраіля, “ніколі не існавала як такая”. Наадварот, з хрысціянскага пункту гледжання юдаізм валодае асаблівым статусам; ён зусім “не адна з іншых рэлігій”, але “знаходзіцца ў адмысловым стане, і менавіта такім павінен быць прызнаны Касцёлам”.

Сцвярджэнне пра нейкі “ніколі не скасаваны саюз” паміж Богам і габрэямі ўзыходзіць да Яна Паўла II і сёння з’яўляецца часткай звычайнай інтэрпрэтацыі юдаізму з пункту гледжання хрысціянства. Па словах Бэнэдыкта XVI, гэтая тэза “павіненна лічыцца прынцыпова правільнай”, аднак у дэталях яна мае патрэбу ў шматлікіх тлумачэннях і паглыбленні.

“Формула ‘ніколі не скасаваны саюз’, несумненна, аказала вялікую дапамогу на першым этапе новага дыялогу паміж габрэямі і хрысціянамі, — піша ў заключэнне Папа на пенсіі, — аднак у доўгатэрміновай перспектыве яна не зможа выказаць досыць адэкватным чынам веліч таго, чым гэта з’яўляецца на самой справе».

Руская рэдакцыя Vatican News [2]