Беларусы зладзілі паломніцтва ў Польшчу з нагоды 150-годдзя з дня нараджэння св. Уршулі Ледухоўскай

xznMxsF_ywoЗ нагоды 150-годдзя з дня нараджэння св. Уршулі сёстрамі ўршулянкамі, якія працуюць у Мінску, было арганізавана паломніцтва ў Польшчу, у якім прынялі ўдзел вернікі з парафіі Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Марыі Панны з Сухарава, а таксама бацькі з дзецьмі, якія выхоўваюцца пры Місіі Добрага Самараніна.

Пілігрымы распачалі сваё падарожжа наведваннем Санктуарыя Маці Божай у Ліхэні, там прынялі ўдзел у Імшы ў капліцы св. Стантслава Папчынскага – заснавальніка ордэна Айцоў Марыянаў, а таксама мелі магчымасць прайсці крыжовы шлях на гары Галгофа і пабачыць прыгажосць велічнай святыні. Далей пілігрымаў гасцінна сустракалі сёстры ў Пневах. У гэтым святым месцы, якому немалую частку свайго жыцця прысвяціла св. Уршуля Ледухоўская, знаходзіцца санктуарый з саркафагам рэліквій святой. Усе разам маліліся каля рэліквій, прадстаўляючы свае інтэнцыі Богу праз заступніцтва св. Уршуліі, складаючы іх на алтары падчас св. Імшы, якая была адпраўлена на саркафагу. Пазней дарослыя мелі магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй супольнасці сясцёр, з іх працай, убачыць келлю, дзе апошнія 20 год жыла св. Уршуля. Дзеці наведалі садок, у якім працуюць сёстры, там пазнаёміліся са сваімі новымі сябрамі. Усе разам пагулялі па тэрыторыі кляштара. Адбылася малітва на могілках, дзе пахаваныя сёстры, якія ўжо закончылі сваё зямное пілігрымаванне і адыйшлі ў вечнасць. Пасля абеда пілігрымаў чакаў Познань, які знаходзіцца недалёка ад Пнеў. Наведванне старой часткі горада і старажытнай катэдры пакінулі цудоўныя ўражанні.

Чарговым месцам пілігрымавання стаў Серадз – адно з месцаў, дзе працуюць сёстры ўршулянкі. Уражвае тут гатычны комплекс былога дамініканскага кляштара і касцёла XII ст. Сёння гэта кляштар сясцёр, пры якім дзейнічае “Дом Дапамогі” дзецям інвалідам. Гэта адзінае месца, дзе сёстры працуюць з хворымі дзецьмі. У прытулку 34 асобы, 30 з якіх не могуць рухацца і патрабуюць пастаяннай дапамогі. Сёстры з усмешкай і адданасцю дораць любоў і апеку хворым. У кляштары працуе музей, у якім можна ўбачыць рэчы, якія ў свой час былі знойдзены ў гістарычным кляштары, а таксама прылады працы, якія служылі сёстрам.

Апошнім месцам пілігрымавання стала Чэнстахова. У нядзелю Божай Міласэрнасці ў Санктуарыі было арганізавана начное чуванне. Разам з пілігрымамі з Польшчы беларусы маглі наведаць Санктуарый на Яснай Гары, адно з найважнейшых месцаў культу Марыі, а таксама прыняць удзел ў набажэнствах у капліцы, дзе знаходзіцца цудоўны абраз Маці Божай.

Пілігрымы дзякуюць Богу за паломніцтва, якое дапамагло больш глыбока пазнаёміцца з харызматам і працай сясцёр уршулянак, з гісторыяй жыцця і дзейнасці Св. Уршулі, убачыць, што справа выхавання дзяцей і моладзі глыбока пранікала ў сэрца св. Уршулі, якая казала: “Калі дзіцяці дасі Бога, дасі яму ўсё, калі не дасі Бога, не дасі нічога”.

Няхай Госпад бласлаўляе тым, хто прысвячае сваё жыццё выхаванню будучага пакалення.

Гістарычная даведка

Юлія Ледухоўская нарадзілася 17 красавіка 1865 у Лоосдорф (Аўстрыя). У 1883 сям’я пераехала ў Ліпніцу Муравану каля Кракава.

У 1886 Юлія ўступіла ў кляштар сясцёр уршулянак у Кракаве. Тут, ужо як маці Уршуля, занялася педагагічнай працай.

У 1907 з благаслаўленнем Папы Пія X Уршуля разам з дзвюма сёстрамі выехала ў Пецярбург, каб пераняць кіраванне інтэрнатам для дзяўчат пры польскай Гімназіі св. Кацярыны. У 1910 над Фінскім Залівам паўстае першы кляштар уршулянак, а таксама гімназія з інтэрнатам для дзяўчат.

У 1914 Уршуля была змушана царскай ўладаю пакінуць Расію. Яна затрымалася ў Скадынавіі: у Стакгольме, пасля – у Даніі. Разам з сёстрамі, якія паступова выязджалі з Пецярбурга, арганізавала школу для скандынаўскіх дзяўчат, пасля дом для сірот польскіх эмігрантаў. Далучылася таксама да жыцця мясцовага касцёла і асяроддзя, распачала супрацоўніцтва з Камітэтам Дапамогі Ахвярам Вайны, заснаваным Генрыхам Сінкевічам у Швейцарыі.

У 1920 пецярбурская супольнасць уршулянак вярнулася да свабоднай Польшчы і затрымалася ў Пневах, паблізу Познані. У хуткім часе пасля атрымала ад Святой Сталіцы дазвол на існаванне Супольнасць Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага. Асновай уршулянскай духоўнасці з’яўляецца выхаваўчая дзейнасць, якая шукае разнастайных форм абвяшчэння Евангелля, адпавядаючых патрэбам сучаснасці.

Супольнасць хутка развівалася. Засноўваліся кляштары ў Польшчы і на тэрыторыі сучаснай Заходняй Беларусі (Палессе), ад 1928 – у Італіі, ад 1930 – у Францыі.

Маці Ўршуля выхоўвала ў сёстрах перш за ўсё любоў да Бога, прагнучы, каб жылі ў прастаце, былі пакорныя, адначасова поўныя ахвярнасці і творчыя ў службе іншым, асабліва дзецям і моладзі.

Памерла Уршуля Ледухоўская 29 мая 1939 года ў Рыме. Там была пахавана ў генеральным доме. 20 чэрвеня 1983 у Познані Ян Павел II яе беатыфікаваў.

У 1989 цела бл. Уршулі, захаванае ад знішчэння, было перавезена з Рыма ў Пневы і складзена ў капліцы кляштару.

Зараз сёстры ўршулянкі, жывучы харызмай сваёй заснавальніцы, працуюць сярод дзяцей і моладзі ў 12 краінах свету, у тым ліку ў Беларусі. Сёлета святкуецца 150-годдзе з дня нараджэння св. Уршулі.

Святлана Грэйць, тэкст і фота

для друку для друку