Беларусы ў Іспаніі: дарогамі святога Якуба

Санцьяга-дэ-Кампастэла – горад, які налічвае каля 100 тысяч чалавек і знаходзіцца на самай поўначы Іспаніі, але з’яўляецца адным з самых буйных цэнтраў паломніцтваў у хрысціянскім свеце. Дамінантным будынкам старажытнай часткі горада выступае базіліка св. Якуба. Паводле традыцыі, у гэтай святыні спачываюць парэшткі апостала Якуба. Дзясяткі тысяч пілігрымаў з усяго свету ідуць дарогамі святога. Беларускія дзяўчаты Кацярына Кузняцова і Ганна Ляшчова таксама прайшлі шляхам апостала Якуба. Адна з паломніц, Кацярына, падзялілася сваімі ўражаннямі з «Каталіцкім Веснікам».

Ганна (злева) і Кацярына (справа)

Ганна (злева) і Кацярына (справа)

– З якой мэтай Вы пайшлі ў паломніцтва?

– Для мяне было цікава прайсці гэты шлях святога апостала Якуба, які завецца Каміна (ад ісп. Camino – шлях). Гэта магчымасць пабачыць новыя мясціны, пазнаёміцца з новымі людзьмі, трохі пабыць у нейкім своеасаблівым адасабленні. Маёй мэтай быў актыўны і спакойны адпачынак адначасова. Не было ніякіх звышнатуральных чаканняў. Проста час пілігрымкі са сваёй інтэнцыяй, час крочання, час у прысутнасці Бога, як і кожны дзень мае быць.

Фото Португалия 2015 023

Фото Португалия 2015 044

Фото Португалия 2015 035

– Кацярына, колькі кіламетраў і за які час Вы прайшлі?

– Мая вандроўка расцягнулася на месяц, а сама пілігрымка па шляху св. Якуба займала 240 кіламетраў і 10 дзён.

Фото Португалия 2015 141

– Ёсть шмат маршрутаў да Санцьяга. Па якой прычыне Вы выбралі менавіта гэты?

– Так, шмат дарог ёсць да Санцьяга, але мы абралі партугальскі шлях з-за цікавасці да гэтай краіны. Ішлі з Порту да Санцьяга. Перад Каміна мы павандравалі па Партугаліі, наведаўшы Лісабон, Сінтру, Порту, Фаціму, а потым выйшлі на шлях. Частка яго праходзіла праз Партугалію, частка, адпаведна, праз Іспанію. Ну і пасля яшчэ па Іспаніі павандравалі.

– Як выглядаў Ваш дзень?

– Кожны дзень пачынаўся з упакоўвання рэчаў. Нават самыя неабходныя займаюць шмат месца, і іх ўкладванне ў заплечнік патрабуе кемлівасці і спрыту ☺. Выхад з узыходам сонца а шостай раніцы па партугальскім і а сёмай па іспанскім часе. Тут шмат плюсаў: па-першае, пачынаеш дзень з узыходу сонца, а гэта нават лепш за кубак кавы раніцай. Па-другое, ідзеш, пакуль яшчэ нягорача. Самы мілы час для шпацыру, для малітвы. Ну а потым крочанне, размовы, цішыня, любаванне прыродай, людзьмі, гарадамі і вёскамі. Гэта таксама час цярплівасці і цярпення, бо дарога патрабуе і гэтага… Падчас дарогі можна сустрэць пілігрымаў і пачуць ад іх “buen camino!” Гэта значыць, добрай дарогі, добрага шляху. Таксама можна трохі адпачыць, прысеўшы пад куст ажыны, і паласавацца ягадамі, завітаць у кавярню, дзе ёсць адмысловае меню пілігрымаў. Збіцца з дарогі амаль немагчыма, увесь шлях суправаджаюць намаляваныя стрэлкі жоўтага колеру, яны і пакажуць, дзе напрыканцы дня альберг (спецыяльны хостэл для пілігрымаў). Прыйшоўшы ў альберг, маеш дзве задачы: памыць сябе і памыць сваё адзенне, ну а потым – паклапаціцца пра вячэру. Альбергі бываюць муніцыпальныя і прыватныя, але ўсе яны прымаюць толькі пілігрымаў. Муніцыпальныя таннейшыя і больш простыя. Заплаціўшы за альберг, атрымліваеш ложак ў агульным пакоі, можаш гатаваць у кухні, карыстацца посудам, звычайна ёсць бясплатны wi-fi. На агульнай кухні і ў гасціннай размаўляеш пра Каміна і жыццё, заводзячы сяброўства, якое становіцца адным з самых важных складнікаў шляху ў Санцьяга. А агульныя беларуска-італьянска-польска-іспанска-амерыканскія вячэры робяць кожны вечар чаканым і смачным. І а дзясятай гадзіне – спаць, бо заўтра новы адрэзак дарогі, новы дзень, як быццам падобны, але зусім іншы.

030815 Tavolata internazionale2

Фото Португалия 2015 181

177

Фото Португалия 2015 252

– Чым адрозніваецца гэтая пілігрымка ад беларускай?

– Адрозніваецца самой формай пілігрымавання: ты ідзеш адзін (нават калі ўдваіх), клапоцішся пра сябе сам, сам сябе арганізуеш, сам ідзеш, сам молішся. Кожны дзень – нечаканасць. Потым прыходзіш у альберг, дзе можаш сустрэць знаёмых, а можаш і не сустрэць, бо яны пайшлі далей ці ты сёння прайшоў болей. Гэта цудоўная школа самастойнасці. Калі ў мяне спытаюць, як чалавека навучыць жыццю, я скажу: адпраўляй яго на Каміна, а не ў войска ☺. Што датычыцца людзей, то напачатку можна было ісці так, што ні за табой, ні перад табой нікога не было, толькі дарога. У апошнія дні перад Санцьяга заўсёды можна было бачыць пілігрыма з заплечнікам і прычэпленай на ім ракавінай.

Фото Португалия 2015 165

– Ракавіна, чырвоны крыж… Што гэта за сімвалы?

– Ракавіна – сімвал шляху ў Санцьяга, шляху да святога Якуба. Даўней жыхары тых месцаў, праз якія ішлі пілігрымы, частавалі іх вадой, наліваючы яе ў такія ракавіны, бо іх вельмі шмат у той мясцовасці. Каля акіяна, дзе мы былі пазней, такіх “марскіх скарбаў” проста безліч. Ну а цяпер такую ракавіну пілігрым набывае ці знаходзіць на пачатку свайго паломніцтва, нясе яе ўвесь шлях, а ў канцы яна становіцца каштоўным падарункам для каго-небудзь вельмі важнага. Ракушка і жоўтая стрэлка – тыя сімвалы, што шукаеш вачамі на скрыжаванні, каб не заблытацца і дайсці да Санцьяга. Чырвоны крыж з’яўляецца сімвалам ордэна Санцьяга. Гэты рыцарскі ордэн быў заснаваны ў XII ст. на тэрыторыі Галісіі. Галоўнай задачай рыцараў была абарона пілігрымаў на шляху. Крыж шмат дзе сустракаецца ў касцёлах той мясцовасці.

Фото Португалия 2015 216

– А ці мелі Вы пашпарт пілігрыма? І для чаго ён увогуле патрэбны?

– Так, пашпарт пілігрыма – абсалютна неабходная рэч. Ён набываецца ў месцы твайго выхаду на Каміна. Мы набылі яго ў Порту і там жа атрымалі першую пячатку. Пілігрым на працягу свайго шляху мусіць ставіць пячаткі з прастаўленай датай у месцы начлегу і падчас дарогі. Гэта як доказ таго, што ты ідзеш ці, напрыклад, едзеш на ровары. Толькі з пашпартам цябе возьмуць у альберг, а паказаўшы яго ў Санцьяга, атрымаеш пасведчанне, што прайшоў Каміна. Усе пячаткі адрозніваюцца паміж сабой. І сваёй формай, зместам, адлюстроўваюць тую мясціну, дзе яны зробленыя. Яны цікавыя. Ты кожнай па-дзіцячы радуешся, папоўніўшы сваю калекцыю.

– Якімі мовамі трэба валодаць, пайшоўшы ў Санцьяга?

– Мы ведаем англійскую, трохі разумеем іспанскую. Канешне, лепей ведаць англійскую, каб, напрыклад, дабрацца да той жа Партугаліі, Іспаніі, купіць квіткі, нейкія пытанні вырашыць у аэрапорце або наведаць музей. Каб купіць нешта ў іспанскай ці партугальскай краме, дастаткова ўмець карыстацца ўказальным пальцам, каб паказаць што і ў якіх колькасцях табе патрэбна. А каб падзякаваць каму за добразычлівасць, досыць усмешкі і беларускага “дзякуй”. Я ўпэўнена, што цябе зразумеюць. Веданне любой замежнай мовы – гэта магчымасць паразмаўляць з кімсьці. Шмат сустракалі італьянцаў, іспанцаў, палякаў таксама. А можна сустрэць і француза, які размаўляе на рускай мове, так з намі было. Так што мову можна ведаць, а можна і не ведаць.

– Якая звычайна бывае праграма пасля прыбыцця?

– Звычайна людзі праводзяць нейкі час у Санцьяга і вяртаюцца дадому. Шмат хто ідзе пехатой ці едзе на Фістэру (так званы “канец зямлі”), які знаходзіцца каля Атлантычнага акіяна. Напачатку і мы планавалі ісці туды, а потым вырашылі, што наша мэта пілігрымавання – Санцьяга. Пілігрымка на Фістэру падалася бессэнсоўнай. І мы паехалі туды на аўтобусе, пахадзілі пад дробным дажджом уздоўж акіяна, тры дні елі і спалі пасля гэтых 240 кіламетраў з заплечнікамі ў спёку і па гарах.

092

– Назавіце, калі ласка, галоўныя атрыбуты паломніка, які ідзе шляхам святога Якуба?

– Напачатку трэба сябе правільна абуць. Мы набывалі трэкінгавыя боты, найлепшы варыянт і ў спёку, і ў дождж, і па гарах, і па пяску, і па брукаванцы ў горадзе. Не параўнаць ні з красоўкамі, ні з сандалямі. Дзве пары шкарпэтак, больш не трэба. Тры цішоткі, кашуля, каб рукі прыкрыць. Шорты, дзве пары легінсаў, бо сонца ногі не шкадуе. Сукенка на выхад. І, канечне, байка і вятроўка-дажджавік, кепка. Рэчы асабістай гігіены. Важна, каб гэтыя рэчы займалі мінімум месца. Таму зубная шчотка – дзіцячая. Гаспадарчае мыла – яно і мыла для цела. Ручнік – спецыяльны, куплены ў спартовай краме, які мае вялікі памер, але малы аб’ём. Спальнік, пасцілка, каб прысесці. Крэм для загару не забыцца. І кубак з лыжкай спатрэбяцца. Фотаапарат і нататнік з асадкай, каб запісаць свае ўражанні і e-mail новага сябра. Усе мапы, буклеты на разок. Прачытаў, скарыстаў, пераступіў мяжу горада – і выкінуў, бо месца ў заплечніку на іх няма. Ну і спампаваныя мапы на смартфон – рэч карысная. Maps.me – добрая праграма для смартфона.

Фото Португалия 2015 063

– А як наконт фінансавага боку?

– Квіткі на самалёты трэба набываць загадзя, за 4-5 месяцаў. Варыянты з перасадкамі найтаннейшыя. Туды мы ляцелі праз Вільнюс – Мілан – Мадрыд – Лісабон (100 еўра), назад па маршруце Санцьяга – Мадрыд – Вільнюс (100 еўра), ляцелі ў асноўным авіякампаніяй Ryanair. Начлег ў альбергах (муніцыпальных) 5-6 еўра за ноч, у Санцьяга – за 12 еўра. Калі купляць ежу ў супермаркетах, выходзіць нядорага. Дадатковае вандраванне, канешне, патрабуе дадатковых грошай – на транспарт, жыллё, кавярні, музеі. Жыллё ў цэнтры Лісабона, Порту, Леона, Таледа, Мадрыда можна зняць і за 8-16 еўра з чалавека. Мы карысталіся такімі сайтамі па пошуку жылля: airbnb.com, booking.com. Усё залежыць ад звычак і жаданняў. На мой погляд, грошы пад’ёмныя.

– Што Вы параіце тым, хто збіраецца пілігрымаваць дарогамі святога Якуба?

– BUEN CAMINO! Гэтыя словы для мяне цяпер значаць сапраўды шмат.

Падрыхтавала Ірына Грэйць

для друку для друку